Алена Маслюкова — праваабаронца і экалагічная актывістка, якая узначальвала Светлагорскую філію «Вясны» і змагалася за правы мясцовых жыхароў.
Яна была адной з лідарак барацьбы жыхароў Светлагорска супраць завода бялёнай цэлюлозы, фіксуючы парушэнні экалагічных правоў і абараняючы права людзей на чыстае паветра і мірныя сходы.
Пасля вымушанага выезду з Беларусі ў 2021 годзе працягвае праваабарончую дзейнасць у выгнанні. У кастрычніку 2024 года Алену Маслюкову завочна асудзілі ў Беларусі да трох гадоў калоніі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за яе публічную і праваабарончую актыўнасць.
Штогадовая праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым Альянсам”. Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко.
На намінацыю «Праваабаронца года» вылучаецца асоба, чые дзеянні за мінулы і папярэднія гады найбольш яскрава, выразна, эфектыўна спрыялі прасоўванню і абароне правоў чалавека ў Беларусі.
У гэтым годзе лаўрэатамі ў гэтай намінацыі таксама сталі праавабаронцы Павел Левін і Таццяна Недбай.