Фота - Ірына Субоціна
Такія ўлікі праводзяцца ў многіх краінах. Дзякуючы штогадовым падлікам птушак на кармушках у Вялікабрытаніі заўважылі скарачэнне папуляцыі шпакоў на 81% за паўстагоддзя такіх назіранняў.
Такі падыход называецца «народная навука», бо дзякуючы яму можна сабраць вялікі масіў дадзеных для аналізу.
Калі тысячы людзей па ўсёй краіне з году ў год лічаць птушак па адной методыцы, то дробныя памылкі робяцца статыстычна неістотныя, а сур’ёзныя змены ў папуляцыях - заўважнымі.
Для большай дакладнасці ўсе назіранні з кармушак праходзяць ацэнку экспертаў.
- Часам нам дасылаюць непраўдападобныя дадзеныя, напрыклад, калі на кармушку прыляцела чарада птушак, якія звычайна трымаюцца паасобку або некалькімі асобінамі, - кажа Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях. – Часам, пры сумневах, мы звязваемся з аўтарам назірання і ўдакладняем дэталі.
Падлічыць птушак на кармушцы нескладана і нават весела, таму ў акцыі “Птушкі ля кармушкі” можна ўдзельнічаць усёй сям’ёй разам з дзеткамі. А каб прасцей было вызначыць від птушкі, АПБ падрыхтавала міні-вызначальнік. На кармушцы няцяжка й сфатаграфаваць незнаёмую птушку, каб потым яе вызначыць.
Каб у дні акцыі да вас завітала больш птушак, павесьце кармушку загадзя і папаўняйце яе нясмажанымі несалёнымі чорнымі семкамі. Гэта ўніверсальная падкормка для птушак. Можна прычапіць да галінкі кавалачак несалёнага нясмажанага сала для сініц і дзятлаў. Але ні ў якім разе не кладзіце ў кармушку хлеб, батон і іншую ежу з чалавечага стала!
На сайце АПБ ёсць рэйтынг кармушак, якія можна зрабіць сваімі рукамі.
Як падлічыць птушак на кармушцы?
Каб паўдзельнічаць у акцыі, 16 і (або) 17 студзеня падлічыце віды і колькасць птушак кожнага віду на сваёй кармушцы на працягу адной гадзіны і перадайце дадзеныя арганізатарам. Для гэтага можна запоўніць простую форму (яна будзе працаваць з 16 студзеня да 18.00 17 студзеня) ці напісаць паведамленне ў FB або ВК.
Птушак можна лічыць і 3-4 гадзіны, але тады павінна быць 3-4 справаздачы, па адной для кожнай гадзіны. Вазьміце нататнік, і як толькі прыляцяць першыя птушкі, запішыце час і пачніце адлік гадзіны.
Для кожнага віду ў фінальнай форме запішыце максімальную колькасць асобін, пабачаную на кармушцы цягам гадзіны. Напрыклад, калі вы бачылі, як на кармушцы карміліся 4 зелянушкі, а потым прыляцелі яшчэ і іх стала 10, то гэтую колькасць зелянушак і заносьце ў форму.
Каб не дубляваць пры падліках адных і тых жа сінічак, а падлічыць усю чародку, трэба заўважыць якую-небудзь асаблівую сініцу (часам птушкі аднаго віду адрозніваюцца між сабой) або прыкмеціць сінюю сініцу ў чародцы вялікіх сініц – і лічыць птушак паміж прылётамі гэтай канкрэтнай птушкі. Напрыклад, прыляцела сіняя сініца, узяла семку, зляцела яе есці. У гэты час вы лічыце іншых сініц і працягваеце да прылёту сіняй сініцы па новую семку.
Больш дакладна птушак у чарадзе можна палічыць, калі ёсць магчымасць, агледзець дрэвы і кусты вакол кармушкі і палічыць, колькі птушак вакол есць семкі.
Гракоў, галубоў і варон, калі яны цікавяцца кармушкай, лічыце таксама.
Звычайна на кармушкі ў гарадах завітваюць вялікія сініцы, палявыя і дамавыя вераб’і. Усе гады акцыі яны ў топ-3 відаў, якія наведваюць кармушкі ў Беларусі. Прылятаюць і сініцы іншых відаў, зелянушкі, таўстадзюбы, дзятлы, часам здараюцца назіранні пералётных птушак.
Сярод усіх, хто дашле вынікі сваіх падлікаў праз форму, АПБ разыграе 10 значыкаў-птушак. Шанец выйграць птушыныя сувеніры маюць і тыя, хто загрузіць свае фота і відэа з кармушак у сацсеткі з хэштэгам #птушкілякармушкі або ў спецыяльны альбом у VKontakte.
Натхніцца для ўдзелу ў акцыі дапаможа анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы, адкуль ідзе жывая трансляцыя.
Дзяліцца ўражаннямі і здымкамі, дапамагаць адно аднаму з вызначэннем птушак можна ў тэлеграм-чаце “Ціў-ціў”.