11.04.2020 / 10:04

У рамонтаў бываюць нечаканыя пабочныя эфекты.

Усё самае цікавае ў жыцці заўжды адбываецца па-за планам. Мы не бярэмся судзіць, ці стане для віцебскай журналісткі Таццяны Мацвеевай з’яўленне голуба Кешы адным з самых цікавых у жыцці здарэнняў, але ўпэўнены, што гэтая гісторыя дакладна вартая вашай увагі.

Далей – уласна расповед Таццяны.

 

Шчасце, што звалілася на галаву

Гэта было шостага сакавіка. Мы робім у кватэры рамонт, але не паўсюль адразу, а кропкава. У тым ліку ў прыбіральні. І там ёсць такая дзірка, дзе вентыляцыя знаходзіцца. Звычайна людзі закрываюць яе нейкай рашоткай, а ў нас пакуль было пуста – я ўсё думала, трэба нешта прыгожае туды набыць. І так яна і была колькі дзён адчыненая, нікому не замінала.

А шостага заходжу я ў прыбіральню, а там нейкая істота сядзіць на падлозе. Я спачатку спужалася, канечне, бо халера ведае, што гэта ўвогуле такое. Але разгледзела ў выніку, што гэта малое галубяня. Ён быў такі смешны, такі бедненькі, так шкада яго стала! Такі маленькі быў, калі параўнаць з тым, які ён зараз... Вырас ужо ў два ці нават у два з паловай разы большы.  Ён жа быў без пер’я, меў толькі жоўты пух на шыі і галаве, цельца было зусім маленькае.

Мне было нават страшна яго браць – я ніколі не бачыла такіх птушанят так блізка, ніколі не трымала іх у руках. То я пазваніла адразу мужу – яго бацька трымаў калісьці галубоў у прыватным сектары. І кажу: “Ігар, што нам рабіць? У нас з’явіўся голуб у кватэры”.

Ён таксама быў у шоку: “У якім сэнсе голуб? Як з’явіўся?”. Я быццам бы і патлумачыла, але ён думаў, што гэта дарослы голуб нейкім чынам заляцеў. І кажа: “Ну што, Таня, рабіць? Ідзі ды выпускай!”.

І я яму нанова ўжо тлумачу: “Гэта не голуб, а галубянё маленькае”. Тады ён запытаўся, які ў яго клюў, ці прапарцыянальны памеру галавы. А ў Кешы клюў тады быў велізарны, калі з галавой параўноўваць. Ну, і стала зразумела, што гэта зусім маленькае птушаня, якому тыдні тры – не больш. Выпускаць яго з балкона адназначна было нельга, ён бы не выжыў яшчэ сам.

 

На балконе жыць не хоча – просіцца да людзей

Калі ён вырасце, мы яго, канечне, выпусцім жыць на вуліцу. Гэта ж не хатняя птушка! Ён ужо ў нас жыве крыху больш за месяц, і з часам з ім становіцца больш клопатаў. Ён навучыўся лятаць, і гэта ўсё ўскладніла.

Спачатку Кеша мог лятаць толькі ўніз, і спатрэбіўся час, каб ён навучыўся набіраць хоць нейкую вышыню. З кожным днём цяпер ён можа ўсё больш і больш. Спачатку ён залятаў толькі на крэсла, потым стаў дабірацца да паліцы нейкай, зараз можа ўжо заляцець на дзверы і шафу.

А голуб – гэта птушка не самая гігіенічная. Кожны дзень я безліч разоў прыбіраю за ім па ўсёй хаце.

Увогуле, ён жыве ў нас зараз у дзвюх прасторах – удзень на балконе, а ночыць па-ранейшаму ў прыбіральні. У яго там ёсць сваё месца – мы пасцялілі яму побач з батарэяй пялёнку для жывёл, рэгулярна змяняем яе на свежую.

Алё ён так ужо прывык да нас, і яму падабаецца, быць разам з людзьмі. Ён не хоча быць цэлы дзень на балконе. Ён там крычыць, пішчыць, просіцца да нас. А калі знаходзіцца ў кватэры, то за ім, канечне, даводзіцца хадзіць і ўвесь час прыбіраць экскрэменты. А ён жа не толькі па падлозе ходзіць – ён і на мэблю залятае, і ўвогуле куды хочаш можаш залезці.

Зараз цяжкі час – мне, як журналістцы, даводзіцца шмат працаваць з тэмай каранавірусу, і не заўжды ёсць час і сілы паўнавартасна займацца хатнімі справамі. А ў нас жа яшчэ котка! Я стараюся, канечне, усё трымаць у парадку, але зараз гэта складаней, чым звычайна.

Але з іншага боку... я ўжо казала мужу, што гэты голуб (зараз будуць высокія і пафасныя словы, але ж так і ёсць) – нейкі Божы промысел. Ён на нас зваліўся, і зараз, у такія змрочныя часы стаў для нас крыніцай усмешак. З ім так шмат забаўных выпадкаў!  І ў нас ужо склалася новая сямейная традыцыя – калі муж увечары прыходзіць з працы, мы сядзім разам п’ем гарбату, Кеша ходзіць вакол, і котка таксама побач з намі.

Котку мы назвалі Прынцэса, бо яна недатыка такая, не надта любіць людзей і іншых жывёлаў. Але да Кешы яна ставіцца досыць прыязна, і мы гэтаму ад пачатку дзівіліся, канечне. У першыя дні яна ўвогуле не звяртала на яго ўвагу. Ён быў маленькі, шумны, шмат пішчаў, бегаў вакол, махаў сваімі маленькімі крыламі і патрабаваў шмат есці.

Зараз, дарэчы, ён стаў есці нашмат меней. Мы кормім яго рознымі крупамі. Яму нельга даваць грэчку, рыс, хлуб, батон. Даем яму аўсянку, пярлоўку, розныя сумясі крупаў, ільняное семя. Зрэдку можна даваць яйка, і ў Кешы гэта ўлюблёная страва. Можна таксама даваць крыху яблычка, морквы.

 

“Мы ж такія наіўныя – думалі, месяц, пажыве ў нас птушаня, і мы яго выпусцім”

Як гадаваць птушаня, мы чыталі на адмысловых сайтах пра галубоў. У мяне ёшчэ ёсць нумар тэлефона аднаго віцебскага мужчыны, які займаецца галубамі. Але я планую яму званіць перад тым, як збярэмся адпускаць Кешу. Будзе лепш, канечне, калі мы не адразу яго на вольнае жыццё адправім, а ён пройдзе праз пэўную адаптацыю пад наглядам гэтага спецыяліста.

Думаю, будзе лепей, калі Кешу крыху прывучаць да вуліцы перад тым, як канчаткова адправіць на волю. Бо проста выйсці і навуліцу і выпусціць... Не ведаю, трывожна нам. Мы столькі сіл у яго ўклалі, прывыклі да яго. Вельмі хочацца, каб усё ў яго было добра.

Увогуле, мы ж такія наіўныя – думалі, месяц пажыве ў нас птушаня, і мы яго выпусцім. Думалі выпускаць на Дабравешчанне – для нас, як для праваслаўных, гэта было б сімвалічна.

Але мы ж бачым, што Кеша не гатовы. Ён яшчэ не стаў паўнавартасна на крыло, як дарослая птушка. Ягоныя пералёты яшчэ даволі сімвалічныя, і на вуліцы ён пакуль адназначна не выжыве. Так што думаем, што яшчэ дзесьці месяц ён будзе ў нас жыць.

Суседзі не знаюць, што ён у нас жыве. Кеша ж не настолькі гучны, каб суседзі чулі. Ну што ён там пішчыць? Гэта даволі ціха.

 

“Котка ўяўляе яго нейкай цацкай”

Іншай шкоды, акрамя экскрэментаў, у хаце ад яго няма. Канечне, у яго ёсць такая ўласцівасць, што ён увесь час быццам спрабуе нешта кляваць. Але гэтая такія рухі... яны нічога не псуюць, слядоў не застаецца.

З коткай яны не сябруюць, але і не варагуюць. Мне здаецца, што яна ўяўляе яго нейкай цацкай. Калі ён стаў лятаць, яна пачала праяўляць да яго пэўную ўвагу. Бывала, што яна глядзела на яго, і ў яе вачах чыталася здзіўленне: “Што за цуд у пер’ях тут жыве?”.

І быў перыяд, калі котка раўнавала нас да Кешы. Праяўлялася гэта тыпова – яна пакідала лужыны ў калідоры замест таго, каб хадзіць на латок. Увогуле яна вельмі чыстаплотная, але быў такі перыяд, што ёй было дыскамфортна, і мы сталі ёй проста даваць больш увагі і пяшчоты. І гэта дапамагло – котка стала зноўку хадзіць у латок, стрэс мінуў.

Па вечарах у яе крыху прачынаецца паляўнічы інстынкт. Бывае, яна Кешу крыху ганяе, але бачна, што гэта без агрэсіі. Гэта не тое, як каты могуць сур’ёзна паляваць. А для прынцэсы Кеша – такая цацка, за якой можна крыху пабегаць.

/

А Кеша нават калі не бачыць котку, адчувае нейкім чынам яе рухі і паспяхова загадзя злятае. Нават блізка яна ні разу да яго не падбегла ў гэтай гульні. І што цікава, яна ганяе яго толькі па вечарах. Удзень і зранку такога ніколі не бывае, а ўвечары яна становіцца коткай паляўнічай.

За гэты месяц Кеша проста непазнавальна змяніўся знешне. Напачатку ён быў лысікам такім, монстрыкам. А зараз такі ўжо прыгожанькі – у яго пёрышкі ўжо ёсць, на шыі пер’е пераліваецца на сонцы, клюў стаў амаль прапарцыйны галаве. Усё як у дарослых!

Развітвацца з ім будзе, канечне, цяжка. Хоць я не хаваю – глядзець голуба ў хаце стала складана. Мы будзем радавацца за яго, што ён паляціць на волю, але будзе і сумна. Мабыць, і плакаць буду. Хто ведае.

Муж ведае павадкі галубоў, дык у яго ёсць спадзеў, што Кеша стане да нас вяртацца “ў госці”. Будзе ведаць наш балкон і час ад часу прылятаць. Мы будзем вельмі яго чакаць.

Автор:
Фотограф:
З архіва гераіні
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость