Зміцер Міцкевіч: «Веганы мяне праклянуць»
Па-за працай тэлевядучы Зміцер Міцкевіч мяняе дзелавы касцюм на страйкбольную форму і разам з сынам едзе ў лес – пагуляць у страйкбол і паслухаць спевы птушак.
Для пнеўматычнай зброі ён купляе не звычайныя пластыкавыя шарыкі, а біяраскладальныя кулі, якія пасля дажджу паступова раскладаюцца і не засмечваюць навакольнае асяроддзе.
«Гэта не вялікія выдаткі, а для прыроды карысная справа», – кажа ён.
У Варшаве журналіст падкормлівае птушак: на ягоным балконе заўсёды ёсць кармушка. Ён раіць выкарыстоўваць спецыяльныя шары з кормам, якія можна проста падвесіць за акном.
У спажыванні Зміцер робіць стаўку на даўгавечныя рэчы з натуральных матэрыялаў і стараецца пазбягаць танных пакупак, якія хутка становяцца смеццем:
«Вось у мяне мабільны тэлефон, які не мае ніводнай кітайскай дэталі. Таму што гэта краіна з абсалютна непразрыстым рэжымам, якая на экалогію не звяртае ўвагі. Веганы мяне зараз, канешне, праклянуць, але мне здаецца, што лепш набыць добрую скураную рэч, якая паслужыць дзесяткі гадоў, а не кожны раз набываць сінтэтычную лухту, якая выкінецца і ўсё».
Кацярына Ваданосава: «З 2020 года мы не ямо шашлыкоў»
Кацярына Ваданосава прызнаецца, што многія яе рэчы – з сэкандхэнду. У вольны час яна шые адзенне, а са старых тканін вяжа палавікі.
Адна з галоўных звычак у яе доме – знакаміты «пакет з пакетамі». Пластыкавыя пакеты выкарыстоўваюцца паўторна для самых розных патрэб.
Кацярына таксама сартыруе смецце і прывучыла да экалагічных звычак усю сям’ю.
«Я вельмі люблю з сям’ёй ездзіць і хадзіць у паходы. Гэта можа быць балота, возера, горы, нейкія палі, лугі. І ў нас ёсць прынцыповая пазіцыя: мы ніколі не распальваем вогнішчы. Мы бярэм з сабой мабільную плітку і гатуем на ёй якую-небудзь кашу — тое, што будзем есці», – распавядае Кацярына і дадае, што з 2020 года сям’я адмовілася ад шашлыкоў на прыродзе.
«На мой густ, грэчка на плітцы нічым не горшая за шашлыкі», – кажа яна.
Саша Філіпенка: «Перасеў з Tesla на велік»
Саша Філіпенка лічыць, што людзі ўсё яшчэ недаацэньваюць маштаб экалагічнага крызісу. Жывучы ў Швейцарыя, ён сартыруе смецце, эканоміць ваду і стараецца не купляць лішнія рэчы.
«Мы назіраем жудасныя рэчы, калі знаходзім пластык у рачных рыб там, дзе яго наогул не можа быць. Гэта паказвае, што мы жывем у страшным лайне», – кажа Саша Філіпенка.
У кавярнях пісьменнік не бярэ пластыкавыя крышкі для кубкаў, а новае адзенне набывае вельмі рэдка.
Раней ён карыстаўся электрамабілем Tesla, але адмовіўся ад яго. Цяпер асноўны транспарт пісьменніка – ровар.
Вольга Старасціна: «Ствараю менш смецця – і адчуваю сябе лепш»
Вольга Старасціна называе сваім галоўным прынцыпам імкненне пакідаць пасля сябе як мага менш смецця.
Кожную вясну яна разам з дзіцем выходзіць у лес, каб збіраць пакінутае іншымі смецце.
«Гэта самы лепшы рэлакс, адпачынак для мяне. Калі напачатку вясны людзі ідуць у лес палюбавацца кветачкамі ды зялёным лісцем, я апранаю гумовыя пальчаткі ды іду туды разам з дзіцём прыбірацца», – распавядае Вольга.
У штодзённым жыцці Вольга выкарыстоўвае шматразовыя ватныя дыскі, якія служаць месяцамі і дазваляюць скараціць колькасць аднаразовых адходаў.
Асобна яна збірае пластыкавыя накрыўкі, якія можна здаваць на перапрацоўку і выкарыстоўваць у дабрачынных ініцыятывах.
«Калі ствараеш менш смецця, адчуваеш сябе лепш», – кажа яна.