11.06.2019 / 09:06

Даволі часта паркі ці прысады вакол гістарычных сядзіб маюць каштоўнасць не толькі як помнікі культуры, але і прыроды. Гэтыя дзве іх функцыі могуць супярэчыць адна адной. Зялёны партал з’ездзіў у вёску Станькава Дзяржынскага раёна і паглядзеў, як там вырашаюцца такія супярэчнасці.

Паездку арганізаваў Беларускі камітэт ІКАМОС, бо праект рэгенерацыі ансамбля былой сядзібы ХІХ ст. у Станькаве стаў фіналістам конкурса "Спадчына ў дзеянні", які сёлета праводзіла арганізацыя. Па мясцовасці нас вадзіў аўтар праекта, архітэктар Алег Масліеў.

Архітэктар Алег Масліеў
Архітэктар Алег Масліеў

Станькава пад назвай “Станькоў” вядома па летапісных крыніцах з 1387 г. Вялікі князь літоўскі Вітаўт падараваў яго першаму мінскаму ваяводу Манівіду. Ад яго дачкі Соф’і, што была замужам за князем Радзівілам, мястэчка Станькоў з навакольнымі вёскамі перайшло да Радзівілаў і належаў ім да канца XVIII ст.

Герб Гутэн-Чапскіх на мастку ў станькаўскім парку
Герб Гутэн-Чапскіх на мастку ў станькаўскім парку

Потым у якасці пасага княжны Веронікі Радзівіл мястэчка перайшло да старажытнага нямецка-польскага роду Гутэн-Чапскіх герба “Леліва”. Яны валодалі Станькавам да пачатку ХХ ст. Эмерык Гутэн-Чапскі (1828 – 1896) значна пашырыў родавыя ўладанні. Пры ім Станькаўскае графства цягнулася ад Мінска да Стоўбцаў. На гэтай тэрыторыі паўсталі сядзібы ў Прылуках (захавалася да сённяшняга дня), Каралёве, Засуллі, Прусіне, шмат фальваркаў.

Будучы высокаадукаваным чалавекам і зрабіўшы добрую кар’еру, у 1879 г. Эмерык Гутэн-Чапскі пакінуў дзяржаўную службу і асеў у Станькаве. Палац ён пабудаваў у 1861-м. Тут калекцыянер стварыў адзін з найвялікшых прыватных музеяў Еўропы, сабраўшы больш за 30 тысяч манет, 15 слуцкіх паясоў, медалі, посуд, рыцарскія даспехі, карціны, мапы, кнігі, мэблю і шмат чаго іншага. Па аб’ёме – 12 чыгуначных вагонаў.

Павільён Скарбніца
Павільён Скарбніца

Шмат хто мяркуе, што ўсе калекцыі Чапскага месціліся ў летнім павільёне “Скарбніца”. Гэта не так, і папросту немагчыма фізічна. Тут знаходзілася толькі частка каштоўнасцей, бібліятэка, а большасць захоўвалася ў сядзібным доме. Шэсць вагонаў сваіх збораў Эмерык Гутэн-Чапскі перавёз у Кракаў у 1894 г. Цяпер яны належаць філіялу польскага Нацыянальнага музея (вуліца Пілсудскага, 12). Астатнія рэчы зніклі. У Беларусі засталіся адзінкавыя прадметы.

Скарбніца пабудавана ў канцы XVII ст., яшчэ пры Радзівілах. Рэканструявана ў неагатычным стылі ў сярэдзіне ХІХ ст. Зараз яна на рэстаўрацыі. У адной з веж захавалася каваная лесвіца ХVII ст. з масонскай сімволікай.

Акрамя Скарбніцы засталіся гаспадарчыя пабудовы, што былі часткай сядзібы, руіны ўязной брамы, альтанка, родавыя пахаванні Гутэн-Чапскіх (крыпта пад зямлёй), парк. Сядзібны дом не захаваўся. Яго макет можна пабачыць у музеі, які з 2003 г. працуе пры станькаўскай школе.

Макет палаца. Экспазіцыя школьнага музея ў Станькаве
Макет палаца. Экспазіцыя школьнага музея ў Станькаве

Месца, дзе быў палац
Месца, дзе быў палац

Палац зруйнавалі ў 1961-м. На яго месцы будынак былога інтэрната. Месца часткі сядзібнага дома, што не забудавана, пазначана рознакаляровай пліткай. Можна нават разабрацца, дзе былі пакоі. Узнікае пытанне, навошта было руйнаваць стары будынак, яшчэ добра прыдатны для выкарыстання, і там жа ставіць новы.

Чаму б не змясціць установу проста ў палацы? Даволі шмат прыкладаў, калі ў гістарычных сядзібах працуюць школы, санаторыі, ці што яшчэ. І гэта не горшы варыянт, тады будынак хоць неяк даглядаюць замест таго, каб пакінуць разбурацца пад уплывам часу ды надвор’я. Алег Масліеў каментуе: “У Станькаве знаходзіліся вайсковыя часткі ўсесаюзнай значнасці. Каб сюды не ехалі турысты і даследчыкі, палац і зруйнавалі”.

Кухонны флігель
Кухонны флігель

На месцы будынка былой школы-інтэрната ў Гутэн-Чапскіх быў звярынец. Там трымалі ліс, ваўкоў і мядзведзяў. Мядзведзі былі не для відовішчаў, а працоўныя. Трымаючы іх на ланцугах, слугі ахоўвалі ансамбль. Двое мядзведзяў працавалі на кухні: ім давалі ў зубы карамысла і яны насілі ваду з возера ў звярынец. Паміж Скарбніцай, кухонным флігелем і палацам быў падземны ход. Магчыма, ён яшчэ будзе адноўлены.

Станькава вядомае не толькі мядзведзямі. Па словах Алега Масліева, неяк экскурсанты з Польшчы спыталі яго: “А дзе ж вашы вароны?”, і паведамілі, што ў польскай мове ёсць выраз “Шумець як станькаўскія вароны”. Птушак у парку раней і праўда было вельмі шмат. Яны зніклі пасля таго, як на тэрыторыі паставілі адмысловыя ультрагукавыя распуджвалкі.

Гістарычныя паркі звычайна праектаваліся разам з сядзібамі і мелі спланаваную будову: пад’яздныя алеі, пэўны краявід. Нават калі гэта не “французскі” геаметрычна стрыжаны парк, а “англійскі”, як бы дзікарослы, яго ўсё роўна даглядалі і расці абы-як ён не мог. Пасля таго, як сядзібы прыходзяць у заняпад, перастаюць даглядаць і паркі.

Новыя дрэвы могуць вырастаць там самі, ці высаджвацца без сувязі з першапачатковай сядзібна-паркавай планіроўкай. І калі пачынаецца рэстаўрацыя будынкаў, паўстае пытанне, што рабіць з гэтымі “лішнімі” дрэвамі, якія замінаюць успрымаць архітэктурны комплекс так, як было задумана. Тым часам абаронцам прыроды дрэвы могуць здавацца зусім не лішнімі.

Станькаўскі ансамбль сёння займае 25 гектараў, з іх 15 – пейзажны парк. Калісьці тут было высаджана больш за 500 відаў дрэў і кустарнікаў. За савецкім часам зрабілі новую ліпавую алею, якой гістарычна не было. Яе плануюць высекчы, замест ліп зрабіць кампенсацыйныя пасадкі. Самасейныя дрэвы і таполі савецкага часу таксама прыбіраюць.

Старыя дубы з абсечанымі кронамі і былы дом прыслугі
Старыя дубы з абсечанымі кронамі і былы дом прыслугі

Сярэдні ўзрост дрэў у станькаўскім парку – 120 год, адзінкавыя расліны маюць паўтысячагадовы ўзрост. Частка старых дрэў у аварыйным стане: з дупламі, падгнілымі каранямі. Часам вырашаюць захаваць расліну, але ссекчы крону, каб мінімізаваць страты на выпадак падзення.

Дрэвы такім чынам застаюцца помнікамі самі сабе, пазначаючы месца, дзе яны раслі. Алег Масліеў кажа, што гэта кампраміснае часовае рашэнне, пакуль не распачалася комплекснае аднаўленне парка. Напрыклад, пасля выкарчоўвання дуба на гэтым жа месцы можна садзіць толькі год праз 10, калі глеба ачысціцца ад мікробаў.

Ёсць у станькаўскім парку і прыродныя цікавосткі, вартыя таго, каб ля іх адмыслова прыпыніцца. Напрыклад, маладыя дрэвы, што падтрымліваюць старое. Ля гэтых раслін Алег Масліеў расказвае дзіцячым групам аб алегорыі неабходнасці клапаціцца пра бацькоў.

У адным з дуплістых дрэў вернікі бачаць вобраз Маці Божай. У комплексе са станькаўскай царквой святога Мікалая дрэва можа стаць прывабным аб’ектам рэлігійнага турызму. Царкву пабудавалі ў 1858 г. па праекце Канстанціна Тона, які стварыў і храм Хрыста Выратавальніка ў Маскве. У 1961 г. царкву ў Станькаве разбурылі, але засталіся руіны, і яе адбудоўвалі з 2007 г. па старых тэхналогіях: адмыслова замаўлялі цэглу-сырэц, не выкарыстоўвалі бетон.

Мікалаеўская царква
Мікалаеўская царква

Яшчэ ў Станькаве можна паглядзець камень, пастаўлены ў гонар Статута 1588 г. Пра гэта сведчыла дата, пазначанная на стары манер, літарамі (у 1991-м годзе сцясаная). Ажно да 1984 г. камень вянчаў каваны крыж, потым спілаваны. Для аматараў савецкай спадчыны – помнік Марату Казею і хата, дзе ён жыў. Яна дасюль належыць родным героя.

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость