11.10.2017 / 10:10

Дзяўчынка і марская чарапаха нарадзіліся на ўзбярэжжы ў адзін дзень. Яны маглі б усё жыццё бесклапотна гуляць і сябраваць. Але аднойчы чарапаха пакінула сяброўку і выправілася ў далёкае падарожжа, каб зразумець, што сталася з морам, без якога ёй няма жыцця…

Так пачаўся спектакль шведскага тэатра «Альбатрос» «Дзяўчынка і марская чарапаха», які госці са Скандынавіі паказалі ў межах Міжнароднага праекту «Лялечны квартал». 

Юныя беларускія гледачы, здавалася, не да канца разумелі, як рэагаваць на незвычайнае відовішча. Бо героі спектакля былі для іх зусім непрывычнымі. Гэта –  жыхары акіяну, якія аднагалосна заяўлялі: мора нам больш не належыць. Агромісты, як дом, кіт баіцца караблёў. Медуза не хоча плаваць ў брудным тумане. Смеццевы кароль ледзьве цягае ногі з-за цяжкага плашча з пластыка і метала, які скінулі ў мора людзі.  

– Каб мора зноў стала цудоўным, патрэбны тэрміновыя змены, – зразумеўшы гэта, дзяўчынка і чарапаха звяртаюцца па дапамогу ў ААН. 

Тэатр «Альбатрос» часта выбірае для сваіх спектакляў невыдуманыя эмацыянальныя сюжэты. У 2005 годзе яны прывозілі ў Беларусь гісторыю пра жаночы аркестр у Асвенцыме, а пасля падарожжаў па Расіі захапіліся тэмай рускай рэвалюцыі. Казка пра дзяўчынку і чарапаху з’явілася ў рэпертуары чатыры гады таму пасля падарожжа Роберта Якабсона і Осы Ліберата ў Камерун.

Нягледзячы на лёгкае недаўменне, што панавала ў зале, глядач цёпла прымаў гасцей. І тут жа з’явілася лагічнае пытанне: чаму экалагічныя тэмы не падымаюць віцебскія тэатры.

 

Віктар Клімчук: Мне баліць возера Лосвіда

Мастацкі кіраўнік беларускага тэатра «Лялька» Віктар Клімчук адразу заўважыў, што галоўны пасыл «Лялька» робіць у бок экалогіі душы. Гэта не добра і не дрэнна. У віцебскага тэатра такая ніша. Аднак вопытны маэстра так і не прыгадаў беларускі тэатр, які б мог назваць сваёй нішай зварот да сусветных праблем увогуле і да экалагічных – у прыватнасці. 

Лялечны ж вопыт працы над сацыяльнымі тэмамі надта ўдалым не назавеш. І прычына настолькі простая, што выглядае банальнай: глядач у сучасным беларускім дзіцячым тэатры не гатовы абмяркоўваць глабальныя тэмы. Сюды прыходзяць дзеці і бацькі, каб адпачыць, а не паразважаць, павесяліцца, а не задумацца. Таму зусім не дзіўна, што першыя радкі ў хіт-парадзе папулярнасці стала займаюць музычныя казкі, забаўляльныя гісторыі з лёгкім сюжэтам, а не вострасацыяльныя праекты, якія ў першую чаргу звяртаюцца да чалавечай свядомасці, вымагаюць працы розуму.

– У рэпертуары быў спектакль «Дваровыя гульні» па п’есе польскага драматурга Малгажаты Каміньскай-Собчак, – прыгадвае Віктар Клімчук. – Мы ўзнялі тэму ўжывання наркотыкаў, пры гэтым здолелі пазбегнуць «чарнухі». Актуальная рэч, цудоўная нагода пасля спектакля абмеркаваць тэму са школьнікамі. Але ў школах купляць білеты не спяшаліся. Маўляў, у нас усё добра, такой праблемы няма.

Незапатрабаваны спектакль чакаў прадказальны лёс: ён знік з рэпертуару. Віктар Клімчук кажа пра гэта з вялікім жалем, у пастаноўку было ўкладзена шмат душэўных сіл. І тут жа звяртае ўвагу на яшчэ адну праблему, праз якую зварот да экалагічнай тэматыкі ў беларускіх тэатрах наўрад ці магчымы ў бліжэйшым будучым. Тэму занадта рэдка ўзнімаюць драматургі, знайсці варты літаратурны матэрыял амаль немагчыма.

Мастацкаму кіраўніку «Лялькі» прыходзіць на памяць толькі адна п’еса – «Каляровая затока» Пятра Васючэнкі. Гісторыя пра забруджаную затоку была напісана гадоў з 20 таму і на сёння безнадзейна састарэла… 

– І тым не менш, асабіста я да эксперыментаў гатовы, – прызнаецца Віктар Клімчук. – Мне больш за ўсё баліць праблема возера Лосвіда. Цудоўнае месца, якое забруджваюць. І нікога гэта не хвалюе.

Міхась Краснабаеў: Калі б знайшлася добрая экалагічная п’еса, я б яе паставіў

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа больш вопытны ў экалагічным выхаванні дзяцей і падлеткаў. Некалькі год таму на сцэне дарослага тэатра ішоў спектакль «Гісторыя двух сабак» па п’есе Ягора Конева.

– На прэм’еру мы запрасілі работнікаў прытулку разам з іх хвастатымі выхаванцамі, – прыгадвае загадчык трупы тэатра Святлана Дашкевіч. – У фае стаялі клеткі з коцікамі, а на сцэну перад спектаклем выйшла дзяўчына – супрацоўніца прытулка – з сабачкам. Ён быў вясёлы, мілы, але без аднаго вочка. Гледачы пабачылі: праблема бадзяжных жывёл існуе на самой справе. Яна – не толькі ў сцэнічным творы, яна побач з намі.

На жаль, спектакль пражыў не доўга – калектыў пакнуў артыст – выканаўца адной з галоўных роляў. Але зусім хутка драмтэатр працягне выхоўваць адказнасць і ўменне спачуваць: у бягучым сезоне спектакль будзе адноўлены. 

Так ці іначай пра нашых суседзяў па планеце апавядаюць і іншыя казкі, што ідуць на сцэне тэатра: «Вядзьмарка і дыназаўрык» А.Якімовіча, «Казявачка» Т.Усцінавай, «Залатое сэрцайка» С.Навуменкі. Але абмяркоўваць экалагічныя праблемы, ставячы вострыя пытанні і патрабуючы на іх адказы, тут таксама не вельмі гатовыя.

– Няма матэрыялу, – паўтарае агучаную калегам праблему мастацкі кіраўнік драматычнага тэатра Міхась Краснабаеў. – Калі б мне прапанавалі добрую п’есу на экалагічную тэматыку, я думаю, што з задавальненнем папрацаваў бы над ёю. 

Праблемы агучаны. Хто дапаможа? 

Тэатры нібыта не супраць займацца экалагічным выхаваннем сродкамі мастацтва. Тым не менш, сістэмна гэта адбываецца толькі ў час рэгулярнага конкурса школьных экалагічных агітбрыгад. Што можа стаць штуршком для таго, каб ад разумення пачалі паступова пераходзіць да дзеянняў і прафесіяналы? Відавочна, без старонняй дапамогі тэатрам не абысціся. 

Спажыўцоў мастацтва выхаваць можна, але хутка гэта не адбудзецца: каб узровень экалагічнай свядомасці нашага грамадства дасягнуў, для прыкладу, шведскага, патрэбны дзесяцігоддзі. Тады глядач пойдзе ў тэатр думаць і абмяркоўваць, а якасная тэматычная драматургія будзе з’яўляцца натуральным чынам. Пакуль жа стымул варта было б пашукаць у драматургічных конкурсах, мэтавым фінансаванні пастановак на акрэсленую тэму, прадзюсіраванні калектываў, што пайшлі на эксперымент. Вырашыць гэтыя пытанні, хутчэй за ўсё, магло б зацікаўленае дзяржаўнае ведамства. Ці з’явіцца такое ў Беларусі – пакажа час.

Автор:
Фотограф:
Вікторыя Дашкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость