11.10.2019 / 09:10

Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя на Альхоне ніхто не жыў, месца лічылася свяшчэнным і сюды прыплывалі паміраць бурацкія шаманы. Праз век выспа стала часткай запаведніка, а некалькі населенных пунктаў прымаюць турыстаў з усяго свету.

Мінскі этнолаг Сяргей Грунтоў наведаў востраў Альхон на Байкале і падзяліўся з Зялёным парталам сваімі ўражаннямі.

Байкал – самае глыбокае возера на Зямлі і найбуйнейшы прыродны рэзервуар прэснай вады. Яно знаходзіцца на мяжы Рэспублікі Бурація і Іркуцкай вобласці Расіі. Гэта ўсходняя Сібір. З возера выцякае рака Ангара.

Каля 80 % байкальскай фаўны водзіцца толькі тут і нідзе больш на Зямлі (такія віды навукоўцы завуць эндэмічнымі). У 1996 г. Байкал быў унесены ў спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны UNESCO як унікальная прыродная тэрыторыя.

Пакуль агульнапрынятай лічыцца версія, што Байкал – яшчэ і найстарэйшае возера планеты (25 мільёнаў год), хаця ёсць даследаванні, якія абвяргаюць гэта.

У розны час вакол Байкала жылі народы, якія размаўлялі на мовах алтайскай, цюркскай, мангольскай моўных сем’яў. Рускія пасяленні з’явіліся тут толькі ў канцы XVII стагоддзя, у асяродку буратаў. Выспа Альхон –геаграфічны, гістарычны і сакральны цэнтр Байкала і адзін з найбольш папулярных пунктаў у турыстаў, якія наведваюць возера. Гэта самы вялікі востраў на Байкале (каля 70 км у даўжыню і да 10 – 15 ў шырыню). Мясцовыя бураты завуць яго “выспа духаў” і вераць, што тут, у пячоры на скале Шаманка, жыве дух-гаспадар Байкала. Таму да ХХ стагоддзя людзі не сяліліся на востраве, адно прыязджалі для здзяйснення рэлігійных абрадаў. Тут хавалі шаманаў, а па адной з легенд на Альхоне знайшоў апошні прытулак сам Чынгісхан.

На востраве ёсць старажытныя магільнікі, гарадзішчы, рэшткі каменных муроў, культавыя пабудовы прыхільнікаў бурацкага шаманізму і будызму. Шалёна прыгожыя пейзажы. Цэнтральная частка вострава пакрытая лесам, паўночная і паўднёвая больш падобныя да стэпу.

Цяпер на Альхоне жыве каля 1,7 тысячы чалавек, большасць – у пасёлку Хужыр (заснаваны ў 1939 г.). Гэта бураты і рускія, якія пасяліліся тут у савецкі час, і іх нашчадкі. У Байкале водзіцца шмат каштоўнай рыбы. Да 1990-х на Альхоне працаваў цэх рыбзавода.

У 1930 – 1950-х на востраве дзейнічалі лагеры ГУЛАГ-у, дзе сядзелі беларусы і прадстаўнікі яшчэ 25 нацыянальнасцей. Адным з апошніх сядзельцаў, якія засталіся на Альхоне пасля амністыі 1953 г., быў ураджэнец Баранавічаў Міхал Азарка. Да канца жыцця марыў вярнуцца на радзіму, але не атрымалася…

Сёлета Альхон згадваўся расійскай прэсай у сувязі з пратэстамі мясцовых жыхароў супраць пашырэння Прыбайкальскага нацыянальнага парка. Новаўвядзенні пагражаюць бізнэсу, арыентаванаму на турыстаў, а іншых шляхоў заробку на Альхоне амаль няма. Каб прыцягнуць увагу да сваіх праблем, альхонцы нават усталявалі ў Хужыры бюст Пуціна.

Як гэта ўсё бачыцца на месцы, распавядае этнолаг Сяргей Грунтоў, супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі.

Ехаць далёка. Я ляцеў з Мінска ў Маскву, адтуль у Іркуцк. Потым – аўтобусам да паромнай пераправы, а на востраве нас вазілі маленькімі УАЗ-ікамі. Гэта такія старыя машыны шэрага колеру, іх тут завуць “буханкамі”. Дарога з Мінска на Альхон займае цэлыя содні. Я ехаў на Байкальскую школу сацыяльных даследаванняў.

Арганізатары вязуць удзельнікаў на выспу, каб у добрым сэнсе ізаляваць: увечары мы не разбягаліся па кавярнях, як гэта магло б быць у Іркуцку, а разам вялі нефармальныя размовы і абмеркаванні да позняй ночы…

Калі ты знаходзішся ў гэтым ландшафце, ты не можаш з гэтай нагоды не рэфлексаваць. Сядзіба, дзе мы жылі, знаходзілася за пяць хвілін пешшу ад берага, у вельмі прыгожым месцы. У нас былі і экскурсіі, і час на прагулкі. Я даследую могілкі, наведаў іх і на Альхоне. Знайшоў там выдатна дагледжанныя і адрэстаўраваныя літоўскія крыжы.

Мы жылі ў пасёлку Хужыр і бачылі побыт альхонцаў. Гэта быў досвед сутыкнення с астраўной супольнасцю ў перыяд трансфармацыі. Мы сустракаліся дзеля дыскусіі з гаспадарамі сядзібы і з мастачкай, якая вырасла на Альхоне, а нядаўна паступіла ў Акадэмію мастацтваў у Кракаве.

Яны распавялі са сваёй перспектывы, як жылося на востраве ў апошнія 20 – 30 гадоў. Красамоўная дэталь: рэгулярную электрычнасць туды правялі толькі ў 2005 г.

Пасля закрыцця рыбзавода на Альхоне засталася даволі дэпрэсіўная эканамічна і сацыяльна супольнасць. Але яна знайшла перспектывы развіцця ў турызме. Гэта было няпроста, бо, з аднаго боку, азначала права іншых рэгулёва наведваць Альхон і неабходнасць арыентавацца на гэтых іншых у сваіх рытмах і практыках, абслугоўваць іх у кавярнях і сядзібах…

З другога боку, турызм паставіў шэраг пытанняў, звязаных і з захаваннем мясцовай супольнасці, і з экалогіяй, і з тым, што адкрытасць вонкаваму свету робіць вобраз твайго маленькага свету не такім ужо прывабным.

На Альхоне вельмі шмат турыстаў з краін Еўразвязу, кітайцаў, не кажучы ўжо пра расіян. Там прыгожая прырода, шмат для каго гэта месца сілы (не толькі для прыхільнікаў будызму і шаманізму, для некаторых з маіх калег па Школе сацыялагічных даследаванняў гэта таксама так было). Людзі вераць, што само знаходжанне там дапамагае аднавіцца, маральна і фізічна.

Экалогія – гэта, бадай, самая гучная цяперашняя праблема Альхона і Байкала. Страх за прыроду складаецца з рэальных небяспек і са спекуляцый на гэту тэму. Розныя групоўкі жадаюць змагацца за экалогію і мець з гэтага нейкія бонусы: эканамічныя, сацыяльныя…

Для адміністрацыі Нацыянальнага парка насельніцтва Альхона там у пэўным сэнсе лішняе. Лічыцца, што турызм, якім зарабляюць мясцовыя жыхары, наносіць шкоду прыродзе.

Вада ў Байкале мяняецца вельмі марудна, здаецца, на гэта трэба каля 40 гадоў. Суадносна, калі яна забруджваецца, то гэта надоўга. На востраве склалася свая экасістэма, і чым больш людзей прыязджае, тым больш шанцаў гэту экасістэму парушыць.

Быў мега-скандал, калі пабудавалі кітайскі завод, які браў ваду з Байкала і закаркоўваў у бутэлькі. Зразумела, што гэта нязначная колькасць вады адносна байкальскіх аб’ёмаў, але рэакцыя была бурлівая. Мабыць, зноў жа адыграў ролю вобраз кітайцаў як “чужых”.

Пагроза забароны турызму аб’яднала альхонцаў. Гэтыя праблемы павязаны з праблемамі развіцця грамадзянскай супольнасці ў Расіі, адсутнасцю дыялогу з уладамі, інструментаў уплыву на іх. Нацыянальны парк падпарадкоўваецца непасрэдна Міністэрству прыродных рэсурсаў Расійскай Федэрацыі, якое знаходзіцца ў Маскве, а гэта далёка, дастукацца складана. Некаторыя банальныя пытанні аказваюцца невырашальнымі.

На Альхоне ёсць асобная сцяжына на самую вядомую гару Шаманка, туды водзяць усіх турыстаў. І ў сезон там вельмі шмат смецця. Па словах мясцовых, пакідаюць яго кітайцы (гэта да канструявання вобразу “чужога”). Падавалася б, пытанне вырашаецца элементарна: трошкі грошаў, наняў людзей, яны прыбіраюць.

Можна ўвесці на гэта падатак з гасцей. Але з-за дысфункцыі сістэмы такія рашэнні нельга ўжыць. Да таго ж, смецце не ўтылізуецца на Альхоне, яго вязуць на паром і потым за 400 км на палігон, бліжэй няма. Стаяць кантэйнеры для асобнага збору смецця.

Ідучы праз лес, можна заўважыць часам нейкія камяні, якія адразу складана ўспрыняць як аб’ект культу. А потым бачыш, што там накідана шмат манет і разумееш, што гэта мае значэнне для мясцовых. Я ўжо не кажу пра пазначаныя шаманскія і будысцкія святыя месцы.

Шаманізм з будызмам утварае спалучэнне кшталту нашага народнага праваслаўя, аднак шаманскі складнік значна лепш выдзелены, чым народны складнік у нас. Лес вельмі падобны да нашага, такі беларуска-літоўскі сасоннік. Літоўцам вельмі нагадвала іх астку Куршскай касы.

Галоўны фаст-фуд там – гэта бурацкія позныя, падобныя да хінкальняў. У позах заўсёды толькі мяса (рублёнае ці ў выглядзе фаршу) і цыбуля. Без соўсаў, без нічога. Трэба толькі навучыцца іх акуратна надгрызаць, выпіваць сок, пры гэтым не абляпацца – і ўсё, ты ўжо як мясцовы.

Автор:
Фотограф:
Сяргей Грунтоў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость