Пестыцыды — хімічныя прэпараты для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі раслін.
Настаўнікі Шумілінскага, Вілейскага, Барысаўскага, Сенненскага, Мядзельскага, Слуцкага, Дубровенскага і Шаркаўшчынскага раёнаў далучыліся да семінара, каб павялічыць свой досвед і разам з тым узровень якасьці маніторынгу прыродных вадаёмаў сваіх рэгіёнаў. Менавіта гэтыя раёны ўдзельнічаюць у праграме «Назіранне за рэкамі». Сярод іх і тыя, хто стаяў ля вытокаў праекта, і тыя, хто зусім нядаўна далучыўся і прысутнічаў на семінары ўпершыню.
Праграму пачала Вольга Якавец, дацэнт кафедры фізіялогіі і біяхіміі раслін біялагічнага факультэта БДУ. Яна пазнаёміла прысутных з перавагамі і недахопамі выкарыстання пестыцыдаў і іх класіфікацыяй.
— У сваім імкнені абараніць культурныя расліны ад шкоднікаў чалавек выкарыстоўвае механічныя, біялагічныя і хімічныя спосабы. Калі размова ідзе аб хімічных, то можна сказаць, што ён сячэ сук на якім сядзіць, — упэўнена Вольга. — Павышаючы ўраджайнасць культур пры дапамозе хімічных пестыцыдаў, чалавек мае шэраг адмоўных наступстваў.
Пры апрацоўцы палеткаў ён знішчае не толькі шкоднікаў, але і дзікіх жывёл (ад 150 да 5 дамінуючых відаў). Як вынік, можна назіраць масавае распаўсюджванне шкоднікаў.
З цягам часу ў іх адзначаецца ўстойлівасць да хімічных сродкаў, што ўжываюцца ў сельскай гаспадарцы. Рэшткі пестыцыдаў трапляюць у глебу, ваду, паветра і праз харчовыя ланцугі ўздзейнічаюць на нервовую, эндакрынную, палавую і іншыя сістэмы арганізма чалавека.
Прыхільнікі пестыцыдаў заяўляюць аб вузкай накіраванасці хімічных сродкаў і іх уздзеянні на спецыфічныя мішэні. Вольга Якавец не згодная з гэтым сцвярджэннем. Яна прапанавала правесці лабараторны дослед. Сутнасць яго заключалася ў апрацоўцы харавых водарасцей, якія не з’яўляюцца мішэнню, праметрынам, дэльтаметрынам і гліфасатам.
Удзельнікі семінара назіралі рух цытаплазма ў клетках водарасці да апрацоўкі пестыцыдамі і пасля яе. Як кроў разносіць рэчывы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізму чалавека, так падобную функцыю выконвае і цытаплазма. Таму хуткасць яе руху можа з’яўляцца паказчыкам жыццяздольнасці клеткі. Ва ўсіх трох варыянтах доследа адзначаўся запаволены рух цытаплазмы.
Гэты вынік даказваў сцвярджэнне Вольгі Якавец аб тым, што бясшкодных ядаў не бывае.
Між тым хімічныя злучэнні, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе, могуць мець дастаткова доўгі тэрмін распаду і здольныя назапашвацца ў прыродзе. Практычны эксперымент «Вызначэне астаткавай колькасці пестыцыдаў у глеі з дапамогай тэст-палосак на хлор» прапанавала ўдзельнікам семінара Юлія Верас, старэйшы навуковы супрацоўнік НДЛ гідраэкалогіі БДУ.
Глей на дне возера — гэта ў асноўным адмерлае арганічнае рэчыва, якое сфарміравалася ў вадаёме. Калі ў вадаём трапляюць пестыцыды (у нашым выпадку, з утрыманнем хлору), то іх рэшткі будуць прысутнічаць і ў глеі. Гэтыя ж адмерлыя рэшткі раслін з’яўляюцца пачаткам многіх харчовых ланцужкоў у возеры, а значыць, узнімаюцца па харчовай пірамідзе да чалавека — асноўнага спажыўца.
Удзельнікі семінара прывезлі з сабой пробы доных адкладанняў і мелі магчымасць пратэсціраваць іх на месцы. Гэта аказалася лёгка і зручна рабіць пры дапамозе тэст-палосак.
Чысціня прыродных азёр — галоўная мэта праекта «Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і спецыялістаў». Аб тым, калі і навошта ён узнік, расказала Віцебскаму Зялёнаму парталу яго прадстаўнік Наталля Парэчына.
— Праект пачаўся ў 2007 годзе з супрацоўніцтва з Кааліцыяй «Чыстая Балтыка». Гэта кааліцыя грамадскіх арганізацый з краін, якія размешчаныя ў басейне Балтыйскага мора. Беларусь не з’яўляецца берагавой краінай гэтага мора, але мы знаходзімся ў басейне, бо нашы рэкі — Заходняя Дзвіна, Нёман і Заходні Буг — упадаюць у яго. Галоўнай мэтай кааліцыя ставіць прадухіленне забруджвання басейна Балтыйскага мора. Гэта можна зрабіць толькі, калі дзейнічаць разам, калі ўсе краіны, уключаючы і тыя, якія да мора не выходзяць, але на тэрыторыі якіх працякаюць рэкі, будуць клапаціцца аб якасці і стане прыродных вадаёмаў, — распавядае Наталля.
— Праект наш адукацыйны і практычна-прыкладны. У 2007 годзе ў ім удзельнічала толькі адна беларуская арганізацыя, а пачынаючы з 2013 года іх ужо 10. У кожнай ёсць свой накірунак, свае асаблівасці і інтарэсы. Хтосьці, напрыклад, займаецца ласосямі. Аказваецца, у Беларусі ў 19650-х гадах ласасёвыя віды рыб былі прамысловымі, а зараз іх літаральна адзінкі. У нашых рэках сустракаецца рачная фарэль, альбо кумжа, сёмга.
Хтосьці займаецца водна-балотнымі ўгоддзямі і захаванем чысціні нашых балот, якія, як вядома, з’яўляюцца «лёгкімі Еўропы» і часта з’яўляюцца вытокамі для рэк і азёр. Накіраванасць нашага праекта — гэта работа з мясцовым насельніцтвам, педагогамі і школьнікамі. Таму што, калі мясцовыя жыхары не будуць клапаціцца аб стане рэк і азёр, то адно кіраўніцтва мала што можа зрабіць.
Акрамя адукацыйнага накірунка праект надае ўвагу развіццю арганічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі.
— Сельскагаспадарчая галіна адносіцца да ліку галоўных забруджвальнікаў прыродных вадаёмаў, бо прадпрыемствы прамысловасці маюць ачышчальныя збудаванні, пры дапамозе якіх кантралююцца выкіды. Тое ж самае можна сказаць пра населеныя пункты, — працягвае спецыяліст. — І пры гэтым ніякіх сцёкавых і ачышчальных збудаванняў не існуе. Бо ўсе ўгнаенні, якія выкарыстоўваюцца на палях, з ападкамі трапляюць у прыродны вадаём. Да таго ж, у сельскай мясцовасці амаль няма цэнтралізаванай каналізацыйнай сістэмы. Таму, калі людзі няправільна будуюць прыбіральні і ажыццяўляюць няграматнае ўзорванне зямель, гэта рана ці позна ўплывае на якасьць вод.
— У межах нашага комплекснага праекта мы стараемся працаваць з рознымі катэгорыямі насельніцтва. Таму, калі вы хочаце да яго далучыцца альбо вас турбуюць праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя, заходьце на сайт www.watercontrol.by і дапамагайце ратаваць нашу будучыню, — запрасіла ўсіх жадаючых яна.