У цэлым Германію называюць камфортнай з пункту гледжання надвор’я краінай для футбалістаў: не горача, у меру пахмурна і часам лёгкі дождж.
З улікам папулярнасці футбола ў свеце, гульня за сваю гісторыю перажывала розныя прыродныя катаклізмы: снег, дождж, ураган, паводку, смог тарфянікаў і нават вывяржэнне вулкана, з-за якога адмяняліся авіярэйсы, і каманды проста не змаглі даляцець да спаборніцтваў.
Правіла «гульня павінна адбыцца пры любым надвор’і» парушаецца рэдка і, шчыра кажучы, футбалістам часам даводзіцца гуляць у зусім экстрэмальных умовах.
Матч у тумане. У ангельскіх палях туман – не рэдкасць. Самай вядомай ягонай «ахвярай» у 1937 годзе стаў брамнік «Чарлтан Атлетык» Сэм Бартрэм.
Гульню яго клуба з «Чэлсі» спачатку перапынілі з-за нулявой бачнасці на полі, а потым і зусім спынілі, але... ніхто не папярэдзіў пра гэта Бартрэма. Ён сумленна ахоўваў браму, узіраючыся ў туман.
Пра тое, што было далей, Бартрэм распавёў у сваёй аўтабіяграфіі: «Прайшло нямала часу, і вось з туману вынырнула постаць. Гэта быў паліцыянт, які паглядзеў на мяне як на ідыёта: “Што ты тут робіш? – спытаў ён. – Гульню ўжо чвэрць гадзіны як адмянілі. На полі нікога няма”».
Гульня ў снегапад. У нашых шыротах снегам футбалістаў не спалохаеш, а вось у Італіі гэта рэдкасць, і матч «Ювентуса» і «Аталанты» ў 2001 годзе адназначна ўвайшоў у гісторыю. Гурбы па полі дасягалі некалькіх сантыметраў у вышыню, але гульня працягвалася на радасць фанатам на трыбунах.
Пацешны эпізод адбыўся ў паядынку чэмпіянату Германіі паміж Кёльнам і Фрайбургам. Гаспадары атрымалі права на пенальці, аднак арбітр, які прыняў такое рашэнне, апынуўся ў цяжкай сітуацыі – ён не змог знайсці ў снезе 11-метровую адзнаку і адмяраў адлегласць «па старынцы» крокамі.
Вецер супраць футбалістаў і фанатаў. Матч «Барселоны» і «Эльчэ» ў 2015 годзе стаў сапраўдным выпрабаваннем для абедзвюх каманд. Моцны вецер, які парывамі дасягаў 30 км/г, сур’ёзна ўскладняў кантроль над мячом. Нягледзячы на ўмовы надвор’я, «Барселона» змагла забіць чатыры галы.
А ў Мексіцы ў 2013 годзе падчас матча юнацкіх каманд футбалістаў і балельшчыкаў ледзь не знесла з поля смерчам. Частка футбалістаў разбеглася, віхура ўшчыльную наблізілася да людзей, але ў апошні момант змяніла кірунак.
Гром і маланка. Штогод некалькі футбалістаў становяцца ахвярамі навальніцы. Маланка можа патрапіць ці непасрэдна ў гульца ці ў поле, і тады траўмы атрымліваюць некалькі чалавек. Сёлета ў лютым маланкай забіла 30-гадовага футбаліста інданезійскага клуба «Персікас Субанг», а зусім нядаўна, у траўні, у Францыі ахвярай маланкі стаў трэнер аматарскай каманды, які не паспеў дабегчы да падтрыбуннага памяшкання.
Рашэнне УЕФА і ФІФА адносна ўмоў надвор’я для матчаў носяць рэкамендацыйны характар. Няма дакумента, які адназначна ўстанаўлівае, напрыклад, тэмпературу, пры якой правядзенне гульні немагчыма.
ФІФА не дае канкрэтных указанняў адносна экстрэмальнага холаду, УЕФА рэкамендуе ў выпадках, калі тэмпература паветра за гадзіну да гульні ніжэй -15° C, заручыцца вуснай згодай каманд. Калі адна з каманд не гатова выйсці на поле, арбітру трэба адмяніць матч.
Што тычыцца спякоты, то калі тэмпература перавышае 32° C, прадугледжаны абавязковыя перыпынкі прыкладна на 30-й і 75-й хвіліне. Рашэнне аб прыпыненні або адмене матча прымаюць арганізатары спаборніцтваў.
Непагадзь уносіць карэктывы і ў тэхнічныя характарыстыкі гульні. Дождж робіць мяч больш слізкім. Гэта можа прывесці да павелічэння страт мяча і няўдалых перадач.
Вецер уплывае на мяч пры ўдарах: ён можа ляцець значна далей па ходзе ветра і бліжэй – супраць ветра, у параўнанні са звычайным ударам. Нізкая тэмпература можа ўскладніць захоп мяча і пас. Снег робіць мяч незаўважным на полі, таму для «снежных» матчаў выкарыстоўваюць чырвоны, жоўты ці аранжавы інвентар.
Былы футбаліст зборнай Беларусі, а цяпер трэнер футбольнага праекта ў польскай Познані Яўген Вяроўка ў свой час ацаніў на полі ўсе перапетыі надвор’я, і не толькі беларускага. У інтэрв'ю Зялёнаму парталу ён расказаў, як гэта – гуляць, калі лье, грыміць ці засыпае.
- Надвор’е насамрэч не моцна ўплывае на матч, мяняюцца толькі ўмовы для футбалістаў, нейкія тактычныя моманты. Зразумела, што некамфортна гуляць, калі маланка, ураган ці ўсё залівае вадой.
Ёсць пэўны рэгламент: напрыклад, калі поле заліта вадой, то кідаюць мяч, і ён павінен тры разы адскочыць ад газона. Калі ён захрасне ў вадзе, то матч пераносіцца ці прыпыняецца. З-за навальніцы наўрад ці матч будзе адменены.
Я асабіста скажу, што маланкі я баюся, але граць усё роўна даводзілася. Гулялі ў снег, у дождж, у навальніцу, у мароз і нават пры +35.
Самы экстрэмальны ваш матч з пункту гледжання надвор’я?
- Гэта было ў Беларусі, у Наваполацку. Выпала шмат снегу, не паспелі расчысціць, і прыйшлося гуляць па калена ў снезе. І тэмпература такая яшчэ была: -15° C ці нават -18° C. Адзіная змена, якая адбылася, – нам далі мяч чырвонага колеру. І матч мы правялі.
На такія выпадкі, марозу ці дажджу, нейкая спецыяльная форма прадугледжана? Ці нейкія дадатковыя дзеянні?
- Цяпер выкарыстоўваецца сучасная тэрмабялізна, плюс форма такой якасці, што яна не асабліва намакае. У перапынку заўсёды можна пераапрануцца. Але ў цэлым, вядома, бывае мокра і няёмка бегаць. Пры спякоце мы маглі апранаць баваўняныя цішоткі, а не сінтэтычныя. Калі больш за 30 градусаў спякота, то кожныя 15 хвілін рабілі перапынак.
Сучасныя стадыёны неяк абсталяваны пад розныя ўмовы надвор’я? Напрыклад, для матча падчас навальніцы?
- Вядома, на сучасных стадыёнах устаноўлены громаадводы. Таксама абсталявана і сістэма адводу вады, гэта значыць затапленні там немагчымыя. Калі пачынаецца моцны дождж, які можа заліць поле, то над стадыёнам з’яўляецца спецыяльны дах. Цяпер, на Чэмпіянаце Еўропы, матч прыпынялі, таму што ахоўныя механізмы даху былі пашкоджаны і вада лілася не на футбалістаў, а на гледачоў.
Нейкія рэгламенты надвор’я ў Беларусі дзейнічаюць адносна футбольных матчаў?
- У Беларусі не свае ўласныя рэгламенты, а тыя, што выкарыстоўваюць ФІФА ці УЕФА. Калі гэта вышэйшая ліга, прафесійная ліга, то там адзін рэгламент, калі аматарская, то іншы. Чым вышэйшы ўзровень, тым больш жорсткія рэгламенты. Але ў любым выпадку, рашэнне аб прыпыненні або адмене гульні прымае суддзя ці інспектар матчу.
Якое самае камфортнае надвор’е для футбола? І наколькі камфортна гуляць зараз у Нямеччыне?
- Германія – вельмі камфортная для футбалістаў, асабліва з краін з падобным кліматам, Чэхіі, Польшчы ці Украіны. Футбалісту ў прынцыпе добра гуляць, калі пахмурнае надвор’е, накрапвае дожджык, таму што поле «паскараецца», і каля 15–18 градусаў. +22 – ужо горача.
За каго Вы заўзееце?
- З 1994 годзе заўзею за зборную Аргентыны. На гэтым чэмпіянаце я падтрымліваў Італію, але аддаю перавагу зборным Францыі і Англіі.