У Магілёве спектрометра выпраменьвання чалавека не знайшлося ні ў цэнтральнай паліклініцы, якая мае вялікі выбар платных паслуг, ні ў дыягнастычным цэнтры, створаным для патрэбаў у тым ліку і жыхароў раёнаў, пацярпелых ад радыяцыі. У рэгістратуры адной з лякарняў параілі звярнуцца ў занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Аднак і там чакала расчараванне.
Кожны сезон санэпідэмстанцыя паведамляе пра павышаны радыяцыйны фон у грыбах і ягадах з прыгарадных магілёўскіх лясоў. Іх людзі ядуць — а куды ж дзяецца радыяцыя? Ці ведаюць сваё радыяцыйнае выпраменьванне жыхары вёсак, і ці стала нормай яго замяраць? Як кажуць самі вяскоўцы, радыяцыя іх не надта і клапоціць. З ёй зжыліся, і небяспекі ад яе не бачаць.
«Такой паслугі, памераць выпраменьванне арганізму, мы аказаць, на жаль, вам не можам, — сказаў супрацоўнік магілёўскай санэпідэмстанцыі. — Лічыльніка імпульсу чалавека ў Магілёве няма. Так выйшла, што яго няма. Раней такі апарат быў у дыягнастычным цэнтры, яшчэ раней у абласной бальніцы, а цяпер няма. Для аператыўнага кантролю доз унутранага апраменьвання ёсць такое мерапрыемства — радыяцыйны кантроль харчоў, пітной вады. Ёсць дапушчальныя ўзроўні ўтрымання радыенуклідаў у харчах і пітной вадзе...»
У Краснапольскай раённай бальніцы запэўнілі па тэлефоне, што праблем для ахвотных замерыць узровень радыяцыі няма. Іншагароднім толькі трэба мець пры сабе пашпарт. Паслуга бясплатная, хоць, магчыма, давядзецца пастаяць у чарзе, бо цяпер правяраюць дзяцей.
«Дзеткі праходзяць мэдычныя агляды, таму чэргі ёсць, асабліва калі прыязджаюць з вёсак. Тады ў нас ажыўлена», — сказала адна з лекараў. І здзіўлена запыталася: «А хіба ў Магілёве такога апарату няма?»
Краснапольскі раён — самы забруджаны на Магілёўшчыне. Праз радыяцыю багата тутэйшых вёсак адселеныя і ўжо пахаваныя. На іх месцы расце хвойнік. У некаторых паселішчах з правам на адсяленне людзі жывуць дагэтуль.
Праверыць свой радыяцыйны фон Алесь Асіпцоў вырашыў у бліжэйшым да Магілёва райцэнтры — Быхаве. Спектрометр выпраменьвання чалавека тут ёсць у цэнтральнай паліклініцы. Паслуга бясплатная, аднак у чарзе давялося змарнаваць дзве з паловай гадзіны часу. Чакалі пераважна маці з дзецьмі. У дзятвы якраз і замяралі радыяцыю.
«Колькі я ні прыяжджаю сюды з сынам, заўжды сутыкаюся з чаргой. Кажуць, што яна бывае рэдка, але нам, відаць, не шанцуе», — шэптам сказала журналісту адна з маці. З яе слоў, у сына і дачкі павышанага ўзроўню радыяцыі ні разу не выяўлялі. На пытанне, ці лічыць яна нормай замер выпраменьвання, адказала станоўча.
«Калі ўжо нарадзіліся ў мясцінах з радыяцыяй, то трэба з ёй неяк жыць і ведаць пра яе болей. Стараюся дзяцей прывучаць быць асьцярожнымі з ягадамі ды грыбамі. У школе кажуць пра гэта. Каб толькі не гэтыя чэргі. Дзень марнуеш, а то і два. А калі маці прывезлі з вёсак, то во ім беганіны», — сказала жанчына.
Працэдура замеру заняла крыху больш за дзесяць хвілін. Доктарка ўзважыла, памерала рост і пасадзіла ў крэсла. Дазволіла зрабіць фота ў ім. Паводле спэцыялісткі, у дзяцей, якія прыходзяць да яе, узровень радыяцыі ў норме. Тым не менш, сказала яна, цяпер ідуць лясныя ягады ды грыбы, і іх спажываньне павышае радыяцыйны фон у арганізме дзятвы. «Трэба пільнаваць сытуацыю», — заключыла яна і параіла прыязджаць на праверку з сям’ёй.
Пра чаргу заўважыла, што ў суботу яе не бывае, у будзённыя дні яна таксама невялікая. «Сёння ж нейкае выключэньне», — сказала доктарка.
У пасведчанні, выдадзеным мне ў быхаўскай паліклініцы, было пазначана, што ўтрыманьне радыяцыйных рэчываў бяспечнае. Пры росце 174 сантыметры і вазе 83 кілаграмы «ў арганізме актыўнасць радыенуклідаў складае: Cs-137 — 162,6 Бк». Мэдык патлумачыла, што калі цэзій у норме, то і астатнія радыенукліды таксама.
У стаўленьні да праверкі ўзроўню радыяцыі ў арганізме жыхары Быхава падзяліліся. Людзі сталага веку казалі, што радыяцыі няма, а калі ёсць, то з ёю зжыліся.
«А што тая праверка дасць?» — запыталася ў журналіста адна з быхаўскіх пэнсіянерак. Кабета лічыць, што ў яе радыяцыя ў норме, бо ляснога яна нічога не есць.
«Мне ўжо і не выпадзе з'ехаць з гэтага раёна. Тут і памру. А ці ад радыяцыі, ці ад чаго іншага — неістотна, — казала жанчына. — У раёне сапраўды ёсць адселеныя з-за радыяцыі вёскі, але я туды не езджу. Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, нам у Быхаве плацілі гэтак званыя грабавыя. Потым сказалі, што радыяцыі тут няма. Усе супакоіліся. Я правяралася адзін раз, як працавала. Усё было ў норме. У Быхаве боязі з-за радыяцыі няма».
Для маладых людзей замер выпраменьвання — абавязковая працэдура пры мэдычным аглядзе. Ніхто з апытаных на вуліцы райцэнтра не сказаў, што радыяцыйны фон у яго павышаны. Усе казалі, што ён у норме.
«Я мэдык, дык у час мэдычнага штогадовага агляду нас адпраўляюць мераць радыяцыю. І як на бальнічным, таксама адпраўляюць. Я лічу, што гэтая працэдура патрэбная для нашага раёна. Ягады ды грыбы бяром, адсюль можа быць і радыяцыя», — сказала адна з суразмоўніц.
«Калі камісію праходзім, тады і ходзім правярацца. У дзяцей штогод правяраюць радыяцыю. Ім гэта патрэбна, бо арганізм у іх яшчэ толькі фармуецца», — выказалася яшчэ адна жанчына.
«Наагул, гэтая працэдура неабходная. У многіх маіх знаёмцаў праблемы з шчытападобнай залозай. Многія ў бальніцы ляжаць, — дадала жанчына. — У мяне такая самая немач, таму стараюся трымацца рэкамэндацыяў мэдыкаў. У мяне і маіх дзяцей узровень радыяцыі ў арганізме, дзякуй богу, у норме».
Як паказала аналягічнае апытанье ў Магілёве, тут гараджане нават не ведаюць пра існаванне працэдуры замеру выпраменьваьня чалавека. З двух дзясяткаў апытаных толькі двое праходзілі яе. Як высветлілася, яны перасяленцы.
«Я перабраўся ў Магілёў з Слаўгарадзкага раёна. У маёй вёсцы, якая трапляе ў зону з правам на адсяленне, жыве з дзясятак чалавек. Пераважна гэта пэнсіянеры. Але жывуць дзве сям’і з малымі яшчэ дзецьмі. Іх правяраюць, але ядуць яны ўсё, што дае гаспадарка іх бацькоў. Прычым без разбору. Які тут клопат пра здароўе!» — сказаў перасяленец.
Словы мужчыны пацвярджаюць і самі жыхары «радыяцыйных» вёсак. Для адных радыяцыя небяспечная, бо яе не відаць. Для іншых уратавацца ад яе немагчыма, бо няма сродкаў, каб выехаць у чыстыя раёны.
Набыць звычайны бытавы дазіметр у Магілёве няма дзе. Раней іх «выкідвалі» ў камісійныя крамы. Цяпер не купіць і там. Два дзясяткі гадоў таму ў вітрыне аптэкі, што ў будынку дыягнастычнага цэнтра, было выстаўленае табло, якое паказвала ўзровень радыяцыйнага фону. Цяпер і гэтага табло няма.