Кажуць, штучны інтэлект адбярэ ва ўсіх нас працу – з яго дапамогай можна пісаць навіны, складаць заяўкі і справаздачы, яго можна выкарыстоўваць проста ў якасці пашукавіка. Я асабіста не надта хвалююся наконт таго, што ўмоўны робат стане працаваць замест мяне, але на месцы людзей з беладурскага дзяржатамнагляду я б дужа непакоілася за лёс сваіх (не ведаю, наколькі ўтульных) кабінетаў і цёплых крэслаў.
І калі самі ядзершчыкі наўрад ці застануцца без працы нават калі не будзе АЭС, бо ў любым выпадку будуць працягвацца даследаванні, дык існаванне цэлага апарату нагляду за імі... не надта ясна, навошта плаціць заробкі людзям, якія нават не стараюцца пераўзыходзіць Chat GPT па кампетэнцыях у вузкай сферы.
Паглядзіце самі. Вось, што адказваюць у Дзяржатамнаглядзе на пытанне “Колькі ў выніку каштавала Беларусі пабудова атамнай станцыі?”:
“Кошт будаўніцтва Беларускай АЭС, па ацэнцы Замоўцы, не перавысіць сметнага кошту, прадугледжанага Генеральным кантрактам на пабудову і будзе канчаткова сфарміраваны пасля падпісання акту ўводу аб’екту ў эксплуатацыю”.
А вось што адказаў Chat GPT:
“На момант сканчэння майго навучання ў верасні 2021 года, у Беларусі будавалася атамная станцыя Беларуская АЭС (БелАЭС) побач з горадам Астравец. Будаўніцтва гэтай станцыі пачалося ў 2013 годзе, і кошт праекту складаў каля 10 мільярдаў даляраў. Аднак, для атрымання актуальнай інфармацыі пра кошта будаўніцтва і бягучы стан Беларускай АЭС, вам варта звярнуцца да афіцыяльных крыніц альбо навінавых крыніц за абноўленай інфармацыяй пасля верасня 2021 года, бо лічбы і факты маглі змяніцца”.
Чат, ты не паверыш, але мы звярнуліся! Праўда, карысці ад гэтага было менш, чым ад цябе. Ты прызнаеш, што не маеш змястоўнага актуальнага адказу і прапануеш звярнуцца да аўтарытэтных крыніц, а сама гэтая крыніца з разумным выглядам проста жанглюе канцылярытам і не дае аніякай карыснай інфармацыі.
І гэта было не адзінае журналісцкае пытанне да дзяржатамнагляду, і не адзіны пусты адказ.
- Пытанне: Ці дастаткова ў нас спецыялістаў для надання дапамогі пацярпелым ад аварыі?
- Адказ: На АЭС ёсць свае медыкі, таксама ёсць раённыя лякарні, і мы можам прыцягваць дадатковы медперсанал з іншых месцаў.
Адказ - гэта не цытата, а пераклад з чынавецкага на чалавечы. Праўда, усё адно няясна, дастаткова медыкаў, ці не. Яны проста ёсць у нейкай колькасці.
- Пытанне: Чаму рамонт першага блоку заняў больш за паўгода замест запланаваных трох месяцаў?
- Адказ: Сканчэнне такога рамонту – дужа адказны этап, і трэба было ўсё добра праверыць.
Мне троху няёмка запытваць, але да рамонту яны не ведалі, што гэта вялікая адказнасць? І не збіраліся ўсё пераправяраць, каб запэўніцца, што станцыя без праблем прапрацуе да наступнага планавага рамонту?
Як так склалася, што спачатку тры месяцы падаліся дастатковым тэрмінам для ўсіх дзеянняў, а потым раптам “ой, а праверыць жа трэба!”?
- Пытанне: Дзе і як будуць занятыя супрацоўнікі станцыі пасля яе закрыцця?
- Адказ: Станцыя будзе працаваць доўга, і пакуль яна будзе ў эксплуатацыі, людзі будуць на ёй працаваць.
***
- Пытанне: А якія ў іх будуць пенсіі і сацыяльныя гарантыі?
- Адказ: Тыя, што прадугледжаны заканадаўствам.
***
- Пытанне: Што будзе з Астраўцом пасля закрыцця станцыі? Ці ёсць план далейшага развіцця горада?
- Адказ: Астравец – горад стары, і ён жыў, жыве і будзе жыць. А пра план на будучыню падумаем, калі станцыю выведуць з эксплуатацыі.
***
- Пытанне: Як Беларусь будзе вяртаць крэдыт? Цікавяць тэрміны, сумы, аб’ёмы, графікі.
- Адказ: У Беларусі ёсць крэдыт ад Расіі, і Беларусь будзе яго вяртаць у адпаведнасці з узгодненымі графікамі і тэрмінамі.
Так-так, дарагі Chat GPT, ты б справіўся дакладна не горш за гэтых экспертаў, які на пытанне “Які ў вас план?” адказваюць “У нас ёсць план!”
Зрэшты, у такой камунікацыі паміж дзяржаўнымі службамі і грамадзянамі і журналістамі няма нічога новага. Чыноўнікі розных узроўнеў у Беларусі звыклі да таго, што людзям яны быццам нічога не павінны, і ўвогуле іх галоўны заказчык – гэта Аляксандр Лукашэнка.
І няма розніцы, у якой сферы гэты праект, - ім мусіць быць задаволены Лукашэнка. Неістотна таксама, што думаем і чаго хочам усе мы і сусветная супольнасць (Літва, якая знаходзіцца ў зоне патэнцыйнай эвакуацыі, знервавана паліць і азіраецца праз плот).
Гэтая махіна абслугоўвае інтарэсы толькі аднаго чалавека і думае толькі аб тым, што тут і цяпер ён мусіць быць задаволены. Той факт, што падыгрываючы ягоным жаданням можна паставіць па пагрозу жыцці тысяч чалавек, - дробязь, не вартая ўвагі.
А незалежныя журналісты і актывісцкая супольнасць – нават не дробязь. Нас увогуле заканадаўствам не прадглуджана, а значыць, мы не існуем.