У час правядзення акцыі "Тыдзень без пластыка" таварыства "Зялёная сетка" заклікала Вас не толькі прымаць удзел у эксперыменце і весці дзённікі спажыўца, але і дзяліцца ўласным вопытам па змяншэнню выкарыстання пластыка.
На нашу просьбу адгукнуліся Барыс Дрозд і Аляксандр Дрозд, якія не толькі распавялі як яны ўласна "выкінулі" са свайго жыцця частку пластыка, але і прапанавалі свае ідэі па мінімалізацыі выкарыстання яго на бытавым узроўні.
"Я і жонка пенсіянеры, - напісаў нам у рэдакцыю Барыс Дрозд. - Нам набываць лішні пластык ні да чаго. Бачым таксама, што пластык, які выкідаецца - не хоча раскладацца. Пакеты пры пакупцы прадуктаў выкарыстоўваем шматразова, наколькі гэта магчыма".
Для паходаў жа ў саму краму сям'я выкарыстоўвае тэкстыльную торбу, якая і вытрымлівае большую вагу, і не рвецца як поліэтыленавыя пакеты.
Для вядра са смеццем, па словах Барыса, выкарыстоўваецца пластыкавы пакет, але дно яго звычайна засцілаецца газетай, напрыклад, рэкламнай, якую кожны дзень можна знайсці ў сваёй паштовай скрынцы. Калі ж прыходзіць час выносіць смецце, то яго выкідаюць разам з той самай газетай, а сам пакет паласкаецца, сушыцца і зноў гатовы для выкарыстання.
Аляксандр Дрозд прапанаваў ідэі, як пазбавіцца ад пластыка там, дзе ён ужо звыклы і падаецца незамяняльны:
1. Мноства пакетаў, якія застаюцца пасля паходу ў краму - замяняць на шматразовую сумку.
2. Амаль ва ўсіх крамах каробку з новым абуткам аддаюць у пакеце, але яе можна перавязаць, "як торт".
3. Прадметы вопраткі класці не ў пакет, а заварочваць у паперу.
4. Дзіцячыя цацкі запакоўваць у прыгожыя кардонныя каробачкі.
Таварыства "Зялёная сетка" дзякуе ўсіх чытачоў "Беларускага Зялёнага Партала" за праяўлены інтарэс да акцыі і неабыякавасць да праблемы празмернага спажывання пластыка, а таксама за парады і спробы зрабіць сваё жыццё больш эка-прыязным.
Фотограф:
news.unipack.ru, прадастаўлены героямі