12.12.2017 / 11:12

Праблема здабычы бурштыну прыйшла ў Беларусь збольшага з украінскага Палесся. І калі ва Украіне бурштынавая вайна ідзе ўжо некалькі гадоў, дык у Беларусі ўсё толькі пачынаецца. Але як будуць развівацца падзеі ў нас?

Здабываем бурштын, якога няма?

У кастрычніку гэтага года БЕЛТА апублікавала інтэрв’ю з новым міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам. Заява чыноўніка пра здабычу бурштыну аказалася неадназначнай: “У цяперашні час прамыслова значных радовішчаў бурштыну не выяўлена. Разам з тым ТАА "Белгеапошук", якое створана пры Ўпраўленні справамі Прэзідэнта і дзейнічае ў форме дзяржаўна-прыватнага партнёрства, праводзіць работы па пробнай здабычы бурштыну на перспектыўных участках Брэсцкай вобласці. Прадпрыемства правядзе геолага-разведчыя работы, вопытную эксплуатацыю. На падставе вопыту гэтай арганізацыі ў далейшым будзе выбудоўвацца дзяржаўнае рэгуляванне арганізацыі здабычы бурштыну ў краіне.»

Калі няма значных радовішчаў, дык навошта тады вядуцца раскопкі? На ўсялякі выпадак? Колькі гадоў безвыніковых па сутнасці “пошукаў” мусіць прайсці, перш чым улады абвесцяць эксперымент паспяховым ці правальным? Ці рацыянальна вытрачаць грошы на гэтыя пошукі, калі ўлічваць, што цяперашні попыт бурштыну ў Беларусі цалкам задавальняецца праз экспарт?

Агучаная міністрам пазіцыя вымушае задумацца: па-першае, лозунг “купляйце беларускае” часам грае супраць самой жа Беларусі. Цяжка ўявіць хоць адзін сцэнар, пры якім здабыча бурштыну пойдзе на карысць краіне, і прычына ў гэтага простая – рэальны рынак.

Па-другое, павышаная зацікаўленасць дзяржавы да патэнцыйных радовішчаў бурштыну – даволі лагічнае наступства бурштынавай вайны ўва Украіне.

Але чым менавіта цяпер абумоўлена зацікаўленасць? Улады спрабуюць граць на апярэджанне і рэгуляваць сітуацыю загадзя, “абы чаго не здарылася”?

Увогуле, цяперашняя сітуацыя са здабычай бурштыну ў Беларусі выглядае даволі абсурдна: вялікіх радовішчаў не знайшлі, але шукаюць. Колькі будуць шукаць, невядома. Што будуць рабіць са знойдзеным бурштынам, таксама невядома. У Беларусі няма аніякай вытворчасці, якая магла б заняцца апрацоўкай гэтага матэрыялу. Але ёсць верагоднасць, што са здабытага “дабра” зробяць бурштынавы пакой, які, верагодна, стане запатрабаваным турыстычным аб’ектам. Планы чынавецтва надта размытыя і недакладныя, і назваць іх натхняльнымі ці хоць проста праўдападобнымі надзвычай цяжка.

Але “Геапошук” працягвае займацца ўласна пошукамі. Радовішча “Гатча-Осава” знаходзіцца побач з торфазаводам, і мяркуецца, што пад балотам там ёсць не менш за 5-6 тонаў бурштыну. Праўда, ўсё ніяк гэтыя тоны не знаходзяцца.

 

Што адбываецца ва Украіне

Яшчэ ў 2014 годзе украінскія СМІ пісалі, што краіна штодзень губляе да 8 мільёнаў грыўняў на здабычы бурштыну, і што аб’ём нелегальнай здабычы складае каля 30 тонаў у год. Але эканамічныя страты дзяржавы – далёка не адзінае негатыўнае наступства дзеянняў нелегальных здабытчыкаў. Развіццё незаконнай індустрыі наўпрост уплывае на экалагічную сітуацыю, спрыяе павышэнню ўзроўню крыміналу ў рэгіёне, а таксама гэта ўсё проста небяспечна для саміх “працоўных”.

Улетку 2015 года актывіст Аўтамайдану Аляксей Грыцэнка паведамляў пра тое, што здабытчыкі знішчаюць лес побач з Алеўскам (Жытомірская вобласць): “Тысячы  га лесу вырублены і спалены. Раённая міліцыя, лясная гаспадарка, пракуратура нічога не робяць і імітуюць дзейнасць”.

Мясцовыя жыхары тады казалі, што ў “найлепшыя дні” на распрацоўку прыязжала да тысячы “працоўных”, бо нелегальная цяжка фізічная праца не мае стандартаў бяспекі.

Навіны пра затрыманні нелегальных здабытчыкаў  і канфіскацыю бурштыну ўва Украіне з’яўляліся і працягваюць з’яўляцца даволі рэгулярна: у Валынскай вобласці міліцыя затрымала 21 чалавека, звязанага са здабычай бурштыну; два кітайскія студэнты спрабавалі вывезці з Украіны 14 кілаграмаў неапрацаванага бурштыну; у Кіеве СБУ знайшла незаконны цэх па пераапрацоўцы бурштыну; праваахоўцы затрымалі дваіх скупшчыкаў бурштыну, якія мелі пры сабе тавару на 4 мільёны грыўняў; пад час вобшукаў па “бурштынавай справе” праваахоўцы канфіскавалі больш за 160 тысяч даляраў, аўтаматы Калашнікава і аўтамабіль.

Дзяржава нібыта актыўна змагаецца з нелегальнымі раскопкамі, але эфектыўнасць гэтага змагання застаецца пад пытаннем.

Каб ацаніць, наколькі эфектыўныя дзеянні ўкраінскай дзяржавы, трэба перш за ўсё вызначыцца з тым, які атрыманы эфект варта лічыць поспехам. Калі міліцыя, пракуратура і іншыя структуры працуюць дзеля выканання плану і галоўнае для іх – “імітацыя актыўнай дзейнасці”, дык знішчэнне нелегальнага бурштынавага бізнэсу не з’яўляецца для іх мэтай. І ў такой сітуацыі прызнак эфектыўнасці працы - бесперапынныя затрыманні, арыты, вобшукі і канфіскацыі.

Cістэма можа бясконца працаваць сама на сябе, і выйсце з гэтага кола ёй зусім не патрэбнае. Іншая справа, калі дзяржаўная сістэма зацікаўлена ў тым, каб нелегальныя раскопкі спыніліся.

Пра поспех, адпаведна, можна будзе казаць тады, калі ўсе вінаватыя панясуць пакаранні, а новых затрыманняў і канфіскацый не будзе, бо не будзе каго затрымліваць і што канфіскоўваць. Самае складанае ў сітуацыі – не паблытаць адно з адным. Спыненне арыштаў – гэта прызнак таго, што ўсіх вінаватых ужо знайшлі, ці таго, што ў краіне квітнее карупцыя?

 

Праблемы заканадаўства

Ва Украіне сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што пытанне здабычы бурштыну нібыта ўвогуле не вырашана на ўзроўні заканадаўства. Пазбаўляцца ад праблемы ўлады не спяшаюцца, хоць і выказваюць заклапочанасць.

Напрыклад, яшчэ ў 2014 годзе старшыня Дзяржэкаінспекцыі Украіны Міхаіл Казімір казаў пра неабходнасць прыняцця адпаведнага закону: “У першую чаргу неабходна на заканадаўчым узроўні гэтае пытанне ўрэгуляваць. Калі будзе закон пра бурштын, які ўжо некалькі разоў разглядаўся ў Вярхоўнай Радзе, тады будуць дакладна сфармуляваны правілы гульні, у адпаведнасці з якімі будзе ажыццяўляцца здабыча бурштыну, будуць паступаць сродкі ў бюджэты розных узроўняў, людзі будуць забяспечаны працай. І толькі ў такім фармаце будзе наладжана гэтая сітуацыя.”

Але за тры гады значных зменаў не адбылося, і ўлады працягваюць казаць пра неабходнасць урэгулявання сітуацыі. “Здабычу бурштыну трэба легалізаваць як можна хутчэй. Легалізацыяй бізнэсу зоймуцца “Укрбурштын” і “Бурштын Украіны”. Іх абавяжуць культываваць раскурочаныя 4000 га Палесся, а таксама займацца рэалізацыяй здабытага бурштыну. Дзяржаўныя прадпрыемствы павінны наняць ахову, упарадкаваць працэс здабычы на платнай аснове. Таксама гэтая дзяржпрадпрыемствы мусяць стаць своеасаблівымі гандлёвымі дамамі.”, - казаў вясной бягучага года генпракурор Украіны Юры Луцэнка.

 

Чаго баяцца беларускія ўлады?

Найгоршае для дзяржаўных уладаў у сітуацыі “бурштынавай вайны” – гэта адсутнасць кантролю. Страта грошай, павышэнне ўзроўню крыміналу, лакальныя “разборкі” і карупцыя на розных узроўнях – сур’ёзныя праблемы самі па сабе, але гэта наступствы непасрэднай прычыны – адсутнасці кантролю над сітуацыяй.

Верагоднасць таго, што некаторыя беларусы пры магчымасці пажадаюць займацца чорнымі раскопкамі, даволі вялікая. Аматараў падобнага заробку заўжды хапае і ў багатых краінах, а ўлічваючы эканамічную сітуацыю Беларусі – нізкія заробкі, дэфіцыт працоўных месцаў, адсутнасць празрыстай сітэмы кантролю падаткаў, сумнявацца ў тым, што нелегальны бурштынавы бізнэс будзе карыстацца попытам, не выпадае.

Такім чынам, ідэя дзяржавы апярэдзіць нелегалаў і пачаць капаць самой выглядае і праўда лагічнай. Тым не менш, пытанні да апраўданасці гэтыя дзеянняў усё адно ёсць. Ці эфектыўна гэта эканамічна? Ці будзе прыбытак апраўдваць шкоду, нанесеную прыродзе?

 

Ці пад пагрозай беларускія балоты

Намеснік старшыні арганізацыі “Багна” Канстанцін Чыкалаў расказвае, што яны папярэдне даследвалі сітуацыю са здабычай бурштыну ў Жабінкоўскім раёне: “Зараз здабыча бурштыну праходзіць на раней ужо асушаным балоце. Яно распрацоўвалася, торф быў забраны, і зараз у тых мясцінах знайшлі бурштын. Мы думаем, што канкрэтна на гэтае балота працы па здабычы ніяк не паўплываюць. Там працэс наладжаны такім чынам, што вадкасць з балота выцягваецца, а потым вяртаецца на месца.

Але калі казаць пра нейкія новыя радовішчы, дык здабыча будзе несці вялікую небяспеку. У любым выпадку перад здабычай бурштыну будзе здабывацца торф, бо іншым чынам дабрацца да таго слою, дзе знаходзіцца ўласна бурштын, проста нерэальна”.

У Беларусі была распрацавана нацыянальная стратэгія захавання балотаў і рацыянальнага выкарыстання тарфянікаў, і ў адпаведнасці з гэтай стратэгія балоты не могуць быць аддадзеныя “пад здабычу”.

Але “Багна” ўсё адно занепакоена тым, што дзяржава можа знайсці зачэпку і ўсё ж дазволіць здабычу на натуральных балотах, калі палічыць гэта эканамічна апраўданым. Нягледзячы на занепакоенасць арганізацыі, якая клапоціцца пра захаванне балотаў, адчайвацца дакладна не варта: здабыча торфу і бурштыну ў любым выпадку не праводзіцца без ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе.

Існуе працэдура экалагічнай экспертызы, якая мусіць дапамагчы ў захаванні натуральных балотаў. Безумоўна, ўсе адсылкі да стандартаў маюць сэнс толькі тады, калі гаворка ідзе пра афіцыйную здабычу.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость