На жаль, не ўсё так проста. Выглядае, што вырастуць перапады тэмператур, на поўдні краіны ўзнікне дэфіцыт вады, а, галоўнае, Беларусь не абмінуць наступствы глабальнай дэстабілізацыі ў выніку міграцыі людзей з тых рэгіёнаў Азіі і Афрыкі, дзе жыццё ў выніку змены клімату стане немагчымым.
Але беларускае грамадства да гэтага часу застаецца па-за межамі глабальнага парадку дня абмеркавання кліматычных змяненняў. Увага да іх несувымерная той, што існуе ў свеце, асабліва краінах Еўрасаюза ці Паўночнай Амерыкі. Збольшага агрэсіўна-негатыўная рэакцыя карыстальнікаў беларускага сегменту сацыяльных сетак на выступ Грэты Тунберг на кліматычным саміце ААН — ці не лепшы таму прыклад.
Перспектывы адаптацыі Беларусі да кліматычных змен выглядаюць дастаткова супярэчлівымі.
Галоўным лабістам прыняцця новага заканадаўства выступае Міністэрства прыродных рэсурсаў, апаратная вага якога ў іерархіі ўладных структур далёка не самая вялікая. Не цяжка, напрыклад, спрагназаваць, чый пункт гледжання, яго ці Белэнерга, будзе вызначальным пры вырашэнні стратэгіі развіцця аднаўляльнай энергетыкі.
У сувязі з гэтым надзвычай вялікую ролю адыгрываюць знешнія гульцы — міжнародныя арганізацыі і праекты, у тым ліку Сусветны банк, Глабальны экалагічны фонд, ААН, праграма Еўрапейскага звязу «EU4Climate»і г. д. Аднак гэтая дапамога збольшага мае кропкавы характар і не можа цалкам замяніць сістэмную працу ўнутры краіны. Таму пытанне адэкватнага адказу Беларусі на выклікі глабальнага пацяплення застаецца адкрытым. https://nn.by/?c=ar&i=244031