13.07.2023 / 10:07

Магчымасць аварыі на Запарожскай АЭС – гэта прыклад і элемент экалагічнай вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны, піша rte.ie.

Фота - ua.depositphotos.com
Фота - ua.depositphotos.com

Разбурэнне комплексу Кахоўскай плаціны ў чэрвені 2023 года выглядае часткай больш шырокай тэндэнцыі экалагічнага тэрору, які ладзіць Расія. Самай нядаўняй пагрозай з’яўляецца верагоднасць таго, што расійскія войскі наўмысна чыняць аварыю на Запарожскай АЭС, найбуйнейшым у Еўропе атамным энергетычным аб’екце.

Пакуль рэактары спыненыя, значная колькасць радыёактыўных матэрыялаў застаецца патэнцыйна небяспечнай і патрабуе пастаяннага кантролю. Ідэя пра тое, што на станцыі могуць наўмысна зладзіць выбух, – гэта зусім новы тып пагрозы, прызначаны для распаўсюджвання радыёактыўнага заражэння і страху.

 

Наколькі верагодны гэты сцэнар?

Раней заходнія спецслужбы папярэджвалі пра верагоднасць уварвання, потым разведка Міністэрства абароны Украіны зрабіла публічную заяву пра тое, што расійскія войскі ўсталявалі на ЗАЭС выбуховыя прылады. Каб падкрэсліць, што гэта сур’ёзнае папярэджанне, на суседняй, падкантрольнай Украіне, тэрыторыі былі праведзены вучэнні грамадзянскай абароны. Нягледзячы на тое, што ЗША і, у некаторай ступені, Міжнародная агенцыя па атамнай энергіі гэтую пагрозу прымяншаюць, бо падчас візіту ў чэрвені яны не заўважылі доказаў наяўнасці выбуховых рэчываў, сам факт абмеркавання гэтай пагрозы застаецца дужа трывожным знакам.

Такі тып атакі адпавядае схеме расійскай «экалагічнай вайны». Спачатку адбыўся раптоўны захоп чарнобыльскага палігона ядравых адкідаў у спалучэнні з жорсткім абыходжаннем з людзьмі, якія адказвалі за ягоную бяспеку. Потым было Кахоўскае вадасховішча, якое наўпрост звязана з Запарожскім атамным комплексам і забяспечвала рэзерваванне вадаёмаў-ахаладжальнікаў.

Верагодней за ўсё, гэтае затапленне было выклікана наўмыснымі альбо нядбайнымі дзеяннямі Расіі ў кантэксце контрнаступлення Украіны. Украіна мала што выйграе ад гэтага ў вайсковым плане. Таксама ў выніку затаплення загінула вялікая колькасць украінцаў: паводле апошняга аналізу СААЗ, верагодна, больш за 500 чалавек. Больш за тое, нават пасля сыходу павадкавых вод, наступствы для сельскагаспадарчых земляў у рэгіёне захаваюцца яшчэ на доўгі час. А праз Чорнае мора забруджванне выйдзе і за межы Украіны.

Адным з абгрунтаванняў падрыву Запарожскай АЭС можа быць жаданне спыніць на нейкі час прасоўванне ўкраінскага войска. Стварэнне крызісаў для вырашэння ўласных крызісаў стала часткай тактыкі Пуціна. Ва ўмовах пастаяннай страты Расіяй тэрыторыі і сур’ёзных праблем з жывой сілай катастрофа ў Запарожжы таксама дазволіць Пуціну кансалідаваць сваіх грамадзян і ўзмацніць народную і ўладную падтрымку, аслабленую апошнім часам.

Фота - АР
Фота - АР

 

Наколькі страшнай можа быць аварыя на Запарожскай АЭС?

Вядома, не так моцна, як прымяненне тактычнай ядравай зброі, але аварыя на Запарожскай АЭС стала б глыбокім экалагічным крызісам для ўкраінцаў і ўсёй Еўропы. Многія памятаюць Чарнобыльскую катастрофу ў 1986 годзе, калі ўзровень радыёактыўнасці для ірландскіх авечак быў такі высокі, што шмат гадоў пасля гэтага на ірландскія прадукты на экспарт трэба было дадаткова атрымліваць сертыфікат бяспекі.

Аварыя ў Запарожжы, хутчэй за ўсё, не была б такой жа, як Чарнобыльская катастрофа, калі адбыўся сапраўдны ядравы выбух. Яна магла б больш нагадваць катастрофу на Фукусіме ў 2011 годзе.

Фактычна, шмат якія параметры, якія тычацца маштабу магчымага радыёактыўнага забруджвання, не вызначаны, моцна залежаць ад надвор’я альбо з’яўляюцца прадметам дэбатаў паміж экспертамі. Сама Расія можа пацярпець ад заражэння.

Адным з верагодных вынікаў для Ірландыі і ЕС будзе павелічэнне плыні ўкраінскіх уцекачоў. Мясцовыя вучэнні грамадзянскай абароны Украіны прадугледжвалі эвакуацыю да 300 тысяч чалавек.

Такім чынам, сацыяльныя і «чалавечыя» наступствы могуць быць такімі ж кепскімі, калі не горшымі за непасрэдныя і доўгатэрміновыя радыялагічныя рызыкі, катастрафічныя для краіны, якая вырабляе так шмат прадуктаў харчавання, як Украіна.

 

Што можна зрабіць, каб перадухіліць гэты сцэнар?

Выкрыць пагрозу – гэта адно, але цяперашняе кіраўніцтва Расіі неаднаразова дэманстравала абыякавасць да заходняй грамадскай думкі. Былі заклікі, адхіленыя Расіяй, каб уся станцыя была абвешчана дэмілітарызаванай зонай, пад наглядам міжнародных тэхнічных экспертаў, магчыма, пад эгідай ААН.

Фото - ua.korrespondent.net
Фото - ua.korrespondent.net

Ірландыя магла б аднавіць дыпламатычнае лідэрства для таго, каб такога кшталту рашэнне было тэрмінова перагледжана на ўзроўні ЕС і ААН. ЕС павінен таксама надаць больш дапамогі для хуткай падтрымкі патэнцыялу грамадзянскай абароны Украіны ў галіне ХБРЯ (хімічнай, біялагічнай, радыялагічнай і ядравай абароны).

Тым не менш, малаверагодна, што Ірландыя прапануе практычную дапамогу, улічваючы наш абмежаваны грамадзянскі ХБРЯ вопыт, які падзяляюць грамадзянская абарона, An Garda Siochaná і Сілы абароны, якія толькі нядаўна замовілі новыя ахоўныя касцюмы.

У рэшце рэшт, пагроза зрабіць Украіну і астатнюю Еўропу закладнікамі ядравай катастрофы ў Запарожжы падкрэслівае, наколькі важна для Украіны аднавіць свой поўны тэрытарыяльны суверэнітэт у адпаведнасці з умовамі Статута ААН. Вайна ва Украіне, па меры таго, як яна разгортваецца, усё больш уплывае на нас такім чынам, што мы ніколі не маглі сабе ўявіць.

Аналіз падрыхтаваны даследчыцамі Ірынай Андрусяк і Брэндан Лін з Універсітэта Галвэя (Ірландыя), а таксама даследчыцай Алесяй Жытковай з Дублінскага гарадскога універсітэта.
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость