Але ж, як кажуць колькі людзей столькі і меркаванняў. Напэўна, камусьці больш даспадобы двары, “стэрыльныя” у сваім бетонным “харастве”. І хаця ёсць людзі, якія ўпэўнены ў тым, што ў Гомелі немала зялёных вуліц, знайсці такія аказваецца не так і проста. Хтосьці кажа пра вялізны прыватны сектар Залінейнага раёну. Так, сапраўды, у прыватных дварах можна ўбачыць і дрэвы, і кветкі і ў цэлым такія вуліцы выглядаюць натуральна і прыгожа. А што наконт раёнаў з шматкватэрнымі дамамі, якіх у Гомелі большасць?
Аказваецца, што знайсці сапраўды “зялёныя двары” не лёгкая справа. Канешне, пару дрэваў знойдзецца амаль у кожным двары, за выключэннем зусім новых, толькі пабудаваных. Але “зялёнымі” можна лічыць двары, у якіх дрэвы ўтвараюць арганічную прастору, зберагаюць дамы ў спёку, і ачышчаюць двары ад выхлапаў аўтамабіляў. Карацей кажучы, дзе дрэваў сапраўды шмат, і яны не выглядаюць сіротамі, якія вытыркаюцца са штучнай шэрай прасторы.
Як выявілася сярод шматкватэрнай забудовы Гомеля зялёных двароў найбольш у цэнтры гораду. Так званы “гістарычны трохкутнік”, канешне, тут па за канкурэнцыяй. Невялікія трох- пяціпавярховыя дамы сапраўды тонуць у ценю старых разлапістых дрэваў.
Таксама ёсць шэраг двароў з забудовай 70-х гадоў у раёне Аэрадром, у ваколіцах Прудкоўскага рынку і ў старых дварах Навабеліцы, Фестывальнага раёну, ды вуліцы Савецкай, дзе таксама даволі шмат расліннасці. Але ж гэта асобныя “выспы” сярод тэхнагеннай прасторы. У новых раёнах, зразумела, пасаджаныя дрэвы яшчэ не паспелі вырасці. Але ж і содзяць іх у вельмі малой колькасці. Ды і ў раёнах ужо далёка не новых, дрэвы, што спакойна прастаялі апошнія паўтары дзсяцігоддзі, зараз актыўна знішчаюць. Навошта? Тлумачэнне стандартнае – пагроза аўтамабілям і людзям. Могуць упасці. Вось так, з ідэяй “каб чаго не выйшла”, нашыя двары робяць шэрымі, якія не адпавядаюць не толькі экалагічным патрэбам іх жыхароў, але і здароваму сэнсу, і эстэтыцы. Хаця апошняе, канешне, пытанне асабістае. Хто наогул сказаў, што двары павінны быць зялёнымі? Шэры колер таксама шмат каму падабаецца.