Інтэрактыў ад інфацэнтру
Маладзечна стаў васемнаццатым па ліку горадам на greenmap.by.
У межах аднаго з кірункаў працы Цэнтра экалагічных рашэнняў працуе інфацэнтр, куды людзі тэлефануюць, каб атрымаць інфармацыю па пытаннях хімічнай бяспекі і ўтылізацыі адходаў.
"У выніку працы інфацэнтру мы зразумелі, што для жыхароў найбольш цікавыя пытанні ўтылізацыі складанай бытавой тэхнікі, электронных адкідаў, электрычных, адпрацаваных элементаў харчавання, ртуцьутрымліваючых тавараў", - кажа Марыя Сума, каардынатарка праекта "Зялёная карта".
Таксама на сайце ёсць функцыя "Задаць пытанне спецыялісту" – і за апошнія тры месяцы эколагі атрымалі больш за 50 пытанняў у рубрыку.
"Мой удзел у праекце – жаданне змяніць свой горад"
Чалавек, які зрабіў большую частку працы па Маладзечна – валанцёр Канстанцін Чыкалаў, адначасова ён жа – дырэктар ГА "Чыстая вада", якая кіруе кампаніяй "У абарону беларускіх балот":
"Мой удзел у праекце – жаданне змяніць свой горад, каб ён быў больш экалагічным, не адставаў ад астатніх і развіваўся ў гэтым кірунку. У Маладзечна ёсць усе перспектывы ў будучыні стаць адным з гарадоў-лідараў у гэтым рэчышчы".
Паводле Канстанціна, валанцёрства не адабрала шмат часу і не замінала асноўнай працы – яму спатрэбілася напісаць некалькі лістоў, пасядзець у сеціве, шукаючы пункты прыёму, якія маглі не назваць у афіцыйных адказах з гарвыканкаму. Пасля абтэлефанаваць, спраўдзіць інфармацыю аб часе працы пункту.
Атрымалася 14 пунктаў, пад кожным з іх ёсць інфармацыя аб тым, што можна здаваць, куды звярнуцца з небяспечнымі адходамі: акумулятарамі, машынным маслам, энергазберагальнымі лямпачкамі. Яшчэ чатыры пункты зараз правяраюцца, і адзін, пятнаццаты пункт, ужо нанёс наведвальнік сайта greenmap.by.
Карта, якую прызналі
Адзін з прыемных бонусаў – у межах праекта стварылі аднайменны дадатак для мабільных прыладаў на Android і IOS, па функцыяналу аналагічныя карце. Яго прызналі лепшай распрацоўкай у спецыялізаваным конкурсе кампаніі Velcom.
"Зялёная карта Гродна" атрымала першае месца ў намінацыі "Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя" на конкурсе "Будзь у трэцім!", а агулам праект перамог у катэгорыі "Ахова навакольнага асяроддзя" сацыяльнага хакатону ПРООН "Hack4SocialChange" у Мінску.
І апошняе, магчыма, самае важнае для старэйшых – інфармацыя аб "Зялёнай карце" друкуецца нават на зваротных баках рахункаў за камунальныя паслугі ў Гродна.
Як зрабіць сметнікі меншымі: праект шукае валанцёраў
Карта з’явілася ў 2012 годзе як грамадскі праект – паступова валанцёры збіраюць і правяраюць інфармацыю аб пунктах збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, небяспечных адходаў і непатрэбных рэчаў, пасля наносяць яе на мапу.
Першай на ёй з’явілася сталіца, затым – Гродна, Брэст, Магілёў, Віцебск, Навагрудак, Салігорск і нават невялічкія Чашнікі. Усяго 18 гарадоў і каля 1000 кропак.
Стваральнікам хацелася б, каб на карут трапіла як мага больш гарадоў, а для тых, якія ўжо на ёй, патрэбная актуалізацыя інфармацыі аб пунктах, фота і інш. Таксама плануецца стварэнне новых слаёў з інфармацыяй пра велаінфраструктуру, гарадскую прыроду, здаровае харчаванне і інш.
Таму ЦЭР шукае валанцёраў у розных гарадах. Дадаваць інфармацыю можна самастойна праз сайт, а шукаць – у выканкамах, бібліятэках, грамадскіх і дабрачынных арганізацыях і г.д., пасля яе трэба спраўджваць.
Кантактаваць з аўтарамі праекта і звяртацца па дапамогу можна праз greenmap@ecoidea.by альбо наўпрост тэлефанаваць кіраўніцы Марыі Сума на нумар +375 29 5596119. Вы таксама можаце з нуля стварыць карту вашага гораду і зладзіць яе прэзентацыю, папярэдне звязаўшыся з Марыяй.