У конкурсе прыйшлі паўдзельнічаць усяго 11 катоў ды котак абсалютна розных парод, колераў і паходжання. Кагосьці, як блакітна-шэрага пухнатага Кандрата і некалькіх яго сародзічаў, падабралі на вуліцы валанцёры зооабарончай арганізацыі «Доброта», хтосьці з’яўляецца тытулаваным нашчадкам пераможцаў беларускіх ды нават сусветных выстаў. Некаторыя ўдзельнікі прыходзілі нават цэлымі кашачымі сем’ямі.
Пасля доўгага і зацягнутага прэзентавання сваіх гадаванцаў, якое суправаджалася кашачымі крыкамі ды поўсцю ў паветры, гаспадары разам са сваімі чатырохлапымі нарэшце перайшлі да саміх спаборніцтваў.
Але выбраць пераможцу так і не ўдалося – каты пужаліся прыкаванай да сябе ўвагі, спрацоўвання затвораў фотакамер ды крыкаў людзей, якія бадзяліся непасрэдна па пляцоўцы для спаборніцтваў. Арганізатары не парупіліся нават яе адгарадзіць. Толькі ступіўшы на старт паласы перашкодаў каты наравілі збегчы, прытуліцца да гаспадара, ці проста прыняць бяспечны стан, сеўшы на зямлю.
Пасля некалькіх не асабліва ўдалых спробаў катоў і іх гаспадароў прайсьці паласу перашкодаў, а арганізатараў навесці парадак ува ўсім гэтым хаасе, было вырашана перайсці да апошняга конкурснага этапу – касцюмаванага шоў. Але ўдзельнічалі ў ім не ўсе заяўленыя чатырохлапыя, а пераважна прадстаўнікі пітомніка брытанскіх котак Veronika Kitten, уладальнікі якіх за некалькі хвілін умудрыліся пераапрануць двух ці трох прадстаўнікоў сямейства кашачых прыблізна па столькі ж разоў.
Самай вялікай неспадзяванкай за ўвесь конкурс стаў кот Лучык, які нават не быў заяўлены і прэзентаваны напачатку мерапрыемства, але першым атрымаў узнагароду за ўдзел у конкурсе. Адкуль узяліся кот Лучык і яго гаспадыня засталося таямніцай. Магчыма гэта той самы перапужаны кот, чые крыкі даносіліся па-за сцэнай напачатку конкурса.
Ці варты такі стрэс для котак узнагароды ў выглядзе кашачага корму, які падаравалі ўсім удзельнікам – пакажа час, а мы зможам ацаніць гэта па колькасці ўдзельнікаў у наступных коткавых аджыліці. Калі яны канешне будуць.
Даведка:
Аджыліці – спаборніцтвы, у якіх чалавек (праваднік ці хэндлер), накіроўвае сабаку праз паласу перашкод, пры гэтым не заахвочваючы яго ежай ці цацкамі і не датыкаючыся да яго. Такім чынам, сродкі кіравання ў хэндлера абмежаваныя голасам, жэстамі і рознымі сігналамі цела, што патрабуе выключнага навучання жывёлы.