Фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар. Безпрытульны і яго гадаванец Зайка, якія пацярпелі ад гвалту міліцыянта-ахоўніка метро ў 2016 годзе. Здымак tut.by.
Хтосьці называе безпрытульных санітарамі гарадскіх звалак і сметнікаў, для іншых яны — сацыяльныя адкіды грамадства, якіх трэба абыходзіць бокам і пазбягаць непасрэднага кантакту.
Звычайна безпрытульным людзям найбольш дастаецца ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ганяюць іх з цэнтральных вуліц напярэдадні якога-небудзь гарадскога свята ці прыезду важных гасцей. У 2015 і 2016 гадах медыі пісалі аб тым, як міліцыя публічна збівала безпрытульных.
Аднак апошні выпадак, калі ў самым цэнтры Гомеля пасярод дня службы адлову адабралі ў безпрытульнага яго сабаку, відавочна паказвае, што ў такіх людзей правоў менш, чым можна сабе ўявіць.
"Бяздомныя — самая неабароненая катэгорыя грамадзян: яны не толькі не атрымоўваюць дастатковай дапамогі ад “сацыяльнай дзяржавы”, але і ўсяляк абмяжоўваюцца ў правах. Некаторых небарак і за людзей не лічаць", — пракаментавалі Зялёнаму парталу прадстаўнікі ініцыятывы "Ежа замест бомбаў".
- "Когда зять кричит про тварей, я ухожу из квартиры". Как активисты кормят бездомных
- «Забирали в отделение и просили прекратить». Кто и зачем кормит минских бездомных за свой счет?
"Ежа замест бомбаў" (Food Not Bombs) — міжнародная ініцыятыва, накіраваная на барацьбу з несправядлівым размеркаваннем рэсурсаў урадамі і буйнымі карпарацыямі. Ініцыятыва выступае за фундаментальныя сацыяльныя пераўтварэнні, кшталту, пераразмеркаванне сродкаў на чалавечыя патрэбы, дапамогу галадаючым і неабароненым, замест фінансавання войнаў, утрыманне арміі і міліцыі.
У Беларусі "Ежа замест бомбаў" існуе ўжо больш за 12 год. Актывісты ініцыятывы кожныя выхадныя дапамагаюць безпрытульным і людзям у бядзе. Раздачы праходзяць:
- субота ў Міхайлаўскім скверы а 13.20 і ў скверы Сімога Балівара а 15.00;
- у нядзелю на Усходзе (праз дарогу ад Нацыянальнай бібліятэкі) а 14.00.
З досведу ўдзельнікаў мінскай ініцыятывы "Ежа замест бомбаў" выпадкі, калі ад супрацоўнікаў сілавых структур даставалася не толькі "кліентам" раздач, але і іх гадаванцам, не адзінкавыя.
"Здараецца, што ў безпрытульных з'яўляюцца сабакі-сябры. Бадай, яны найлепшым чынам разумеюць адзін аднаго. Аднак мы добра памятаем выпадак, калі адзін з наведвальнікаў раздач "Ежа замест бомбаў" быў збіты ў пераходзе міліцыянерам. Тады пацярпеў і сабачка Зайка, што кінуўся бараніць свайго гаспадара, але быў адкінуты ўбок ударам нагі супрацоўнікам міліцыі".
У выпадку з гомельскім безпрытульным, падкрэсліваюць актывісты ініцыятывы, бачна, як дзяржаўныя камунальнікі пазбаўляюць чалавека магчыма апошняй радасці ў жыцці — чатырохлапага сябра, звозячы сабаку ў невядомым накірунку. І гэта сапраўды выглядае несправядлівым: чалавек, які не мае ніякіх правоў, не можа адстаяць свайго сабаку, кажуць у ініцыятыве.
Не менш абурыла гэта сітуацыя і юрыстку, права і зааабаронцу Анастасію Жаўрыд.
"Артыкул 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам права на ўласнасць. Сабака, згодна, грамадскаму заканадаўству з'яўляецца ўласнасцю яе ўладальніка. Канфіскацыя ўласнасці можа адбывацца толькі ў строга вызначаных законам выпадках. Што ж тычыцца рэгістрацыі сабак, такі абавязак замацаваны ў Правілах утрымання сабак, катоў. Хаця яны ўжо і даўно састарэлі, але працягваюць дзейнічаць праз тое, што няма лепшага ці нездольнасцю заканадаўцаў прыняць уласны закон «Аб абыходжанні з жывёламі». Парушэнне ўказаных правіл — кшталту адсутнасць рэгістрацыі, намордніка, выгул у неналежным месцы — могуць прывесці да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 15.47, санкцыя якога мяркуе разбежку ад папярэджання да штрафа ці адміністрацыйнага арышту. Але ніяк не канфіскацыю", — тлумачыць яна.
Для разумення абсурднасці склаўшайся сітуацыі, Анастасія прапануе параўнаць гэты выпадак з канфіскацыяй аўтамабіля супрацоўнікамі ДАІ праз адсутнасць на ім тэхагляда.
Таму юрыстка бачыць у дзеяннях супрацоўнікаў службы адлову прывышэнне службовых паўнамоцтваў, што могуць быць кваліфікаваны як крымінальнае злачынства па артыкуле 426 Крымінальнага кодэксу.
"Правіламі не прадугледжана працэдура канфіскацыі жывёлы ва ўладальніка. Такое магчыма выключна па судоваым рашэнні і судовымі прыставамі, але ніяк не супрацоўнікамі адлову", — сцвярджае Анастасія.
Пра тое, што службы адлову ў кожным горадзе працуюць па-рознаму, кажа Наталля Ашэка, заснавальніца гомельскага прытулка "Выспа надзеі". Са свайго досведу дзяўчына дзеліцца выпадкамі, калі лоўчыя забіралі безпрытульнага сабаку па заяве жыхароў дома, і аддаваць яго валанцёрам камунальнікі браліся толькі з дазволу тых, хто напісаў заяву на адлоў. Ці добра вядомыя ўсім выпадкі адстрэлу сабак на вачах гараджан.
"Зімой па Рэчыцы ездзіў трактар з цельцамі забітых жывёлак. Зафіксаваць гэта змаглі жыхары верхніх паверхаў. Атрымоўваецца, што жывёл у горадзе не забіраюць на ўсталяваны тэрмін у пяць сутак, іх — забіваюць адразу на вуліцы, без разбору, ці ёсць у яго дом альбо няма", — распавядае Наталля.
Але дзяўчына не можа прыгадаць, каб сабаку ці ката адбіралі ў безпрытульных людзей.
"Гэты выпадак меў месца ў дачыненні да чалавека, які загадзя адносіцца да неабароненай групы, у яго не будзе сродкаў, каб звярнуцца за кваліфікаванай прававой дапамогай, не будзе грошаў на суды, самастойна вывучыць прававыя пытанні таксама будзе складана праз банальную адсутнасць інтэрнэта", — мяркуе Анастасія Жаўрыд.
У падобнай сітуацыі юрыстка рэкамендуе: - запісаць дадзеныя супрацоўнікаў, якія да вас звяртаюцца (прозвішча, імя і імя па бацьку, пасаду і месца работы); - пацікавіцца, на падставе чаго яны дзейнічаюць; - фіксаваць (фота ці відэа) усё, што адбываецца; - заклікаць стаць сведкамі мінакоў; - выклікаць міліцыю, ці звяртацца з заяўленнем па месту здарэння; - ні пры якіх абставінах не аддаваць свайго гадаванца.
Між тым як стала вядома на днях, небараку Рэкса ўсё ж такі выратавалі з адлову і нават адвялі да ветэрынараў. Высвятлілася, што сябру гомельскага безхацінца неабходна лячэнне, яму будуць шукаць новы дом. Пакуль жа Рэкс жыве на ператрымцы.
На жаль, аддаваць яго першаму гаспадару-безпрытульнаму, валанцёры не збіраюцца, абгрунтоўваючы гэта тым, што сабаку пасля лячэння неабходны “больш-менш нармальныя ўмовы для жыцця”.