– Раней шэрыя вароны, як і некаторыя іншыя віды, сустракаліся не толькі ў гарадах, але жылі і ў іншых месцах, напрыклад, на балотах. Потым фактычна ўсе яны перабраліся ў нашы пасёлкі, гарады і вёскі. Каб птушкам размнажацца, патрэбны 2 рэчы: па-першае, месца для гнязда – добрае, бяспечнае, зручнае, па-другое – ежа. Калі два гэтыя фактары ёсць, тады птушка будзе гнездаваць. У апошнія дзесяцігоддзі так склалася, што варонам усё гэта зручней знайсці ў гарадах, пасёлках, – арнітолаг Дзмітры Вінчэўскі тлумачыць, як так здарылася, што некалькі тыдняў ў год нам цяжка бывае суіснаваць з варонамі на сумеснай тэрыторыі.
За сезон толькі ў Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля рэгіструецца 5-6 зваротаў ад ахвяр і сведкаў нападу варон на людзей .
– Ад медыкаў інфармацыі пра сур’ёзныя траўмы не было, але да крыві, бывае, галаву разбіваюць. Па рэспубліцы такія факты ёсць, – паведамляе спецыяліст Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Аляксандр Красцін. – Вароны ўсяядныя і здабываюць харчаванне ў тым ліку і на сметніках. Таму лепш звярнуцца да спецыялістаў і прадэзінфікаваць рану.
Гарадскія службы спрабуюць адолець варон рознымі спосабамі. Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы наваколля накіроўвае інфармацыю аб месцах, дзе фіксаваліся напады птушак, ва УЖРЭПы Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў. У перыяд з 15 жніўня па 15 лютага адказныя арганізацыі разбураюць там гнёзды. Гэта лічыцца дзейсным спосабам. А вось ад спробаў пужаць варон у парку Жылібера запісамі з птушынымі галасамі адмовіліся, бо гук быў непрыемны для саміх людзей, хоць гнёздаў стала менш, піша «Перспектива».
Як жа абараніцца ад нападу варон і ці магчыма гэта зрабіць так, каб не было шкоды ні нам, людзям, ні птушкам?
– Калі яны ўжо прыстасаваліся да нейкага месца, я думаю, што ў вайне з імі мы не пераможам. Нават калі мы іх пераможам у нейкай адной сітуацыі, потым яны могуць адпомсціць, падобна да таго, як гэта робяць людзі. Толькі мы не будзем гэтага чакаць і нават здагадвацца, – гаворыць арнітолаг. – Таму ўсё даволі складана. І калі разваліць гняздо – а там ёсць ежа і варона адчувае, што гэта месца бяспечнае для гнездавання, – яна зробіць гняздо пазней там жа або побач. Вароны – тэрытарыяльныя птушкі, яны трымаюць тэрыторыю. Яны будуць лічыць яе сваёй і недзе побач на суседнім дрэве, або праз пяць дрэваў, зноў загняздуюцца.
Такім чынам, скідванне гнязда зусім не значыць, што вароны не будуць там гнездаваць. Яны проста могуць збудаваць новае гняздо побач, і гэты працэс расцягнецца. І тыя напады, якія адбываюцца ў асноўным у канцы мая-пачатку чэрвеня, будуць больш працяглыя – аж на працягу ліпеня.
Цікавы факт: лічыцца, што тыя птушкі, якія прыстасаваліся да гарадоў, больш разумныя ў параўнанні з іншымі, нават блізкімі відамі. А шэрую варону ўвогуле можна лічыць калі не самым, то адным з самых разумных відаў.
Доследы паказалі, што вароны пры наяўнасці моцнага стымула – калі нейкі чалавек ім дапамагае, або яны думаюць, што дапамагае, напрыклад, падкармлівае, або калі робіць кепскае ці яны ўспрымаюць гэта так – могуць запамінаць рысы твару і канкрэтнага чалавека на ўсё сваё жыццё.
Асноўная прычына нападаў варон – недавер да чалавека. Яны не нападаюць проста так. Не нападаюць яны зімой ці восенню. Яны абараняюць сваіх птушанят, успрымаючы чалавека, які праходзіць побач, як пагрозу.
Гняздо птушанятам патрэбна да таго часу, пакуль у іх не ўсталюецца ўласная хімічная тэрмарэгуляцыя. Да гэтага часу бацькі іх кормяць у гняздзе, закрываюць ад сонца або ад холаду. Ва ўзросце прыкладна тры тыдні ў малых усталёўваецца тэрмарэгуляцыя, яны падрастаюць і ў гняздо ўжо змяшчаюцца слаба. Пры гэтым яны пачынаюць лічыць сябе самастойнымі, як і нашы дзеці. Тады яны могуць выскокваць з гнязда, нават не ўмеючы яшчэ лятаць. Бацькі знаходзяць іх побач і кормяць. А ў 4 тыдні яны ўжо могуць лятаць. Таму такія актыўныя напады могуць працягвацца не больш за тыдзень.
Выйсцем Дзмітры Вінчэўскі лічыць не хадзіць побач з месцам, дзе сядзіць птушаня. Тым больш, акрамя яго, там можа быць яшчэ некалькі, якіх мы не бачым. І нават перанос яго ў іншае месца не дапаможа.
– Калі яно там сядзіць, значыць на гэта ёсць нейкая прычына, – распавядае Дзмітры. – Быў выпадак у гэтым годзе, калі ў цэнтры горада (на вуліцы Замкавай), дзе нешта раскопвалі, сядзела птушаня, а пара зверху – хутчэй за ўсё, бацькі – аберагалі яго. Мне патэлефанавалі, сказалі, што ёсць такая праблема, там шмат людзей ходзіць і вароны нападаюць. Мы з калегай прыехалі і перанеслі гэта птушаня метраў за 15 за агароджу таго месца, дзе былі раскопкі. Праз нейкі час яно вярнулася пад тое саме дрэва, дзе былі бацькі, то бок гэтыя дзеянні нічым не дапамаглі.
Таму найлепшае, што можна зрабіць для ўсіх у такой сітуацыі – не хадзіць там, дзе нападаюць. Праз нейкі час птушаняты падрастуць і напады спыняцца. Дарэчы, калі ў прызнаным небяспечным месцы гнёзды ўжо звіты і птушаняты гадуюцца, спецыялісты накіроўваюць мясцовым камунальнікам лісты з рэкамендацыяй агарадзіць гэтыя ўчасткі стужкай. Ёсць верагоднасць, што ў будучым будуць ставіць і таблічкі «Магчымы напад птушак».