Гэты чэмпіянат на сваёй малой радзіме — вёсцы Жылінскія арганізоўвае кіраўнік полацкага ТАА «Вікінг» Пётр Кароль.
— Калі я вучыўся ў 4 класе, бацька даў мне касу і паказаў на балота. Мучыўся, плакаў, але бацька паглядзеў на вынік і сказаў: «Усё атрымліваецца добра!» Нясу захапленне касьбой праз усё жыццё, — распавядае Пётр Паўлавіч.
Першыя спаборніцтвы прывабілі няшмат удзельнікаў, але розгалас пра незвычайны чэмпіянат пайшоў далёка за межы Віцебшчыны. Сёлета ў «Жылінскіх сенакосах» паўдзельнічалі больш за 30 чалавек: мужчыны, жанчыны, дзеці з розных рэгіёнаў Беларусі. Запрашэнне паспрабаваць свае сілы ў касьбе прынялі і будаўнікі з Кітая, якія працуюць на адным з аб’ектаў Пастаўшчыны.
Сярод удзельнікаў былі як прафесійныя касцы, так і тыя, хто трымаў касу ў руках хіба не ўпершыню. Шмат прыехала ў Жылінскія і маладых людзей. Пётр Кароль перакананы, што цікавасць да касьбы трэба перадаваць моладзі. Гэты занятак дазваляе комплексна ўмацоўваць арганізм чалавека, развіваць розныя групы цягліц. Касьба — гэта яшчэ і даніна традыцыям.
— Каса заўсёды была карміліцай, а таксама сімвалам вайсковага гонару беларусаў, — кажа арганізатар чэмпіянату. — Калі нашы продкі баранілі бацькаўшчыну, яны разварочвалі касу на 90 градусаў, і яна станавілася дастаткова грознай зброяй.
Чэмпіянат праходзіў у двух намінацыях. У спаборніцтвах па хуткаснай касьбе перамог пастаўчанін Іосіф Галяк, які справіўся з 200-метровай дыстанцыяй за 18 хвілін 4 секунды. А лепшым у традыцыйнай касьбе стаў жыхар вёскі Верацея Шаркаўшчынскага раёна Аляксандр Андзілеўка.
— Пра чэмпіянат даведаўся з «раёнкі», і вось — ужо ў трэці раз тут, — распавёў карэспандэнту Віцебскага Зялёнага партала пераможца «Жылінскіх сенакосаў». — Чакаў увайсці ў тройку лепшых, але пра перамогу нават не думаў.
Аднак у Аляксандра — вялікі досвед удзелу ў падобных спаборніцтвах. Складаны клімат, 6 гадзін розніцы з радзімай, вельмі цяжкая трава не заміналі яму паказаць добры вынік на спаборніцтвах па касьбе ў Якуціі, у якіх Аляксандр удзельнічаў летась. Цалкам магчыма, што атрыманы там досвед і дапамог яму не проста перамагчы, а ўсталяваць рэкорд «Жылінскіх сенакосаў»: Аляксандр Андзілеўка скасіў 45 сотак травы!
Пакуль журы падводзіла вынікі, для ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату выступіў гурт «Скіфы». Пастаўскія музыкі выканалі колькі кавер-версій хітоў канца XX стагоддзя.
Суарганізатарамі чэмпіянату з’яўляюцца Полацкі і Пастаўскі райвыканкамы, Пастаўскі дзяржаўны каледж, а таксама Полацкі хлебазавод, які аказаў фінансавую падтрымку. Пётр Кароль разлічвае, што з часам касьба стане масавым экалагічным відам спорту ў Беларусі.
«Гэта наша галоўная мэта», — зазначае арганізатар «Жылінскіх сенакосаў».