Спрабуючы дапамагчы ў гэтай нялёгкай справе, мы сабралі для вас некалькі цікавых праектаў у галіне экалагічнай адукацыі для дзяцей рознага ўзросту.
Курс па экалогіі на партале “Якласс”
Курс дасяжны сярод прадметаў, што ўваходзяць у школьную праграму. Экалогія не выкладаецца асобна ў школах. На партал “Якласс” курс трапіў дзякуючы праекту кансультатыўна-асветнай установы “Экаасяродак”. Ён быў рэалізаваны ў межах Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонда.
Як распавяла прадстаўніца “Экаасяродку” Святлана Ціўнэль, пілотным рэгіёнам абраныя паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці. Школьнікі з Клімавіцкага, Чэрыкаўскага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Хоцімскага, Крычаўскага раёнаў ужо актыўна карыстаюцца гэтай навучальнай магчымасцю.
Віртуальны курс дасяжны для ўсіх ахвочых, ён дармовы. Розныя часткі праграмы адаптаваныя для навучэнцаў 5 – 11 і 9 – 11 класаў. Мэта – навучанне абыходжанню з адкідамі.
Курс утрымлівае тэксты Стакгольмскай Канвенцыі аб устойлівых арганічных забруджвальніках (2001 г.), Мінамацкай Канвенцыі аб ртуці (2013 г.), практычныя парады.
Для праверкі засваення матэрыялу школьнікам прапануюць выканаць практыкаванні. Праходзячы курс, навучэнцы даведаюцца, што ж такое устойлівыя арганічныя забруджвальнікі, чым яны небяспечныя, якія сусветныя трэнды па абыходжанні з імі.
Беларусь далучылася да Стакгольмскай Канвенцыі ў 2003 г., распрацаваны план па яе рэалізацыі, істотнай часткай якога з’яўляецца інфармаванне насельніцтва аб устойлівых арганічных забруджвальніках.
Праграмы для дзяцей грамадскай арганізацыі “Ахова птушак бацькаўшчыны”
Бадай самая масавая дзіцячая праграма АПБ – гэта клубы “Крылаты дазор”. Іх можа стварыць любы школьны настаўнік ці кіраўнік гуртка ва ўстанове па-зашкольнай адукацыі. Дашкольнікі таксама могуць удзельнічаць.
АПБ прапануе метадычныя матэрыялы, навучанне і падтрымку для кіраўнікоў. “Крылаты дазор” займаецца назіраннем за птушкамі, кіраўнікі могуць прапаноўваць дзецям і іншыя віды актыўнасцяў.
У Беларусі зарэгістравана 130 клубаў, у якіх амаль 1300 дзяцей. 37 клубаў “Крылатага дазору” дзейнічае ў Слуцкім раёне, гэта адно з найбуйнейшых клубных аб’яднанняў у Беларусі.
Кіраўніца мясцовага аддзялення АПБ Тамара Каляда распавядае: “У Слуцкім эколага-біялагічным цэнтры мы праводзілі фестываль “Птушкі ў фальклоры”, конкурс-выставу “Птушкі ў народным календары”, рабілі Клуб вясёлых і знаходлівых на арніталагічную тэматыку. У нас дзейнічае Музей салаўя, адзіны ў рэспубліцы. Канечне, падтрымліваем агульнарэспубліканскія акцыі АПБ”.
Іншыя праграмы АПБ для дзецей (часта зноў жа ў складзе клубаў “Крылаты дазор”) – “Бусел” (збор інфармацыі аб стане папуляцыі белага бусла ў Беларусі) і “Жывая вясна” (назіранне за птушкамі, якія вяртаюцца на Радзіму пасля зімоўкі).
Гурткі ў Рэспубліканскім Цэнтры экалогіі і краязнаўства (Мінск)
Ва ўстанове дзейнічаюць дзіцячыя навукова-эксперыментальныя лабараторыі, аранжарэя, міні-заапарк. Асноўныя формы працы – аб’яднанне па інтарэсах і навуковае аб'яднанне.
Навучэнцы атрымліваюць дадатковую адукацыю па генетыцы і селекцыі, мікрабіялогіі і біятэхналогіі, гідрабіялогіі, арніталогіі, батаніцы, заалогіі, касмічнай біялогіі. Дзейнічаюць творчыя студыі, у якіх дзеці працуюць над экалагічнай тэматыкай. Ёсць дыстанцыйныя праграмы.
Цэнтр прапануе экскурсіі па сваёй тэрыторыі для навучэнцаў іншых устаноў. А паглядзець там папраўдзе ёсць на што! Расліны, птушкі, рыбы, грызуны, паўзуны і рэптыліі, можа, не самыя экзатычныя (але ёсць і такія) з цікавымі расповедамі пра іх дапамогуць падвысіць узровень ведаў пра навакольнае асяроддзе. Дзейнічае школа ранняга развіцця для дзяцей 2 – 6 гадоў і іх бацькоў.