14.10.2021 / 09:10

На 85-м годзе жыцця памёр Віктар Бруханаў, першы дырэктар Чарнобыльскай АЭС, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на дзяржаўнае прадпрыемства «Чарнобыльская АЭС».

26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС адбылося два выбухі. У выніку цалкам разбурыўся рэактар чацвёртага энэргаблока станцыі, што прывяло да найбуйнейшай катастрофы за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі. У тым жа годзе Бруханава і яшчэ пяцярых чалавек арыштавалі і судзілі. Ён атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі.

У Бруханава была інваліднасць другой групы. Да 1991 года ён адбываў пакаранне ў калоніі Луганскай вобласці, дзе працаваў слесарам у кацельні. Партал «Медиазона» пісаў, што падаць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне яму ўдалося з дапамогай адміністрацыі калоніі, якая выдала былому начальніку станоўчую характарыстыку. Выйшаўшы на волю, ён уладкаваўся на працу ва «Укрінтэрэнерга».

Пакінутую сям’ёй Бруханава кватэру ў Прыпяці арганізатары паўлегальных экскурсій у «зону адчужэння» паказваюць усім жадаючым. Пасля вызвалення там пабываў і сам экс-дырэктар ЧАЭС: «Лепш бы не хадзіў. Мы з жонкай не ўзялі адтуль аніводнай рэчы. Прыйшоў — нічога не засталося. Толькі зламаныя крэслы, i тое не з нашага дому... Чуў, што сёння там можна пасядзець за „маім“ працоўным сталом. Блюзнерства».

«Усе абаранялі гонар сваіх мундзіраў! Толькі мяне ніхто не абараніў. Я лічу так: калі б сістэма абароны рэактара была нармальна сканструяваная, то аварыі не адбылося б», — прыводзіць «Медиазона» словы Бруханава пра судовы разгляд.

У красавіку 2021 года Служба бяспекі Украіны абнародавала сакрэтныя дакументы па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС. Сярод апублікаваных дакументаў КДБ быў самы першы даклад аб выбуху ад Віктара Бруханава.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость