У вялікай светлай майстэрні - печка, сушацца свежыя талеркі на паліцах, ды сноўдаюць чатыры кацяняты, якіх сюды забраў гаспадар, каб малыя не памерзлі.
Шлях да ганчарства ў Сашы пачаўся з бацькоўскага штуршка, то бок бацькі выгналі яго с братам з дому. Удома Саша да таго часу, па яго ж прызнанні, ужо засядзеўся. Таму ўсё склалася неяк вельмі дарэчна. Сабяр, які жыў у прыватным доме за горадам, пазнаёміў Сашу са знаёмымі керамістамі. Пераняўшы некаторы вопыт, Саша зарэгістраваўся як рамеснік, а затым, пасля пэўнага стаяння ў чарзе і прахаджэння неабходных бюракратычных інстанцый, атрымаў $ 800 дзяржаўнай датацыі. На гэтыя грошы купіў 100 кг гліны на керамічным заводзе ў Міры.
Да ганчарства Саша паспрабаваў каля 20 розных прац: ад продажу патэльняў да вырабу матрацаў у Гожы. Менавіта на гэтым, апошнім, месцы працы Саша зразумеў, што праца на заводзе не прыносіць ні грошай, ні шчасця. А умовы працы і ўвогуле могуць адняць здароўе. Пасля таго, як у руках Сашы загарэўся матрац, рашэнне звольніцца саспела канчаткова. І Саша дзякуе лёсу, што гэта здарылася своечасова.
– Дзякуй Богу, убярог! Тыдзень пасля таго, як я сышоў, здарыўся пажар, у якім тры чалавека трапілі ў шпіталь з жудаснымі апёкамі. Там жа як? Стаіць два цэха. У адным холадна, у другім горача. У адным ляжаць матэрыялы для вытворчасці матрацаў, у другім мы працуем, склейваем іх. І калі пераносіш спружыны з халоднага ў цёплае памяшканне, утвараецца статыстычнае напружанне і спружыны пачынаюць лупіць токам. Часам такія разрады атрымоўваў харошыя, ледзь сэрца не спынялася. А можна было проста паставіць іанізатары. Аднак немцы, якія будавалі завод, асабліва не хваляваліся. Мы, беларусы, для іх – як кітайцы, – распавядае Саша.
На залатыя горы ад працы ганчаром юнак таксама не разлічвае. Але незалежнасць і жыццё побач з прыродай гэтага варта:
– На вёсцы можна «дзэн» злавіць. Устаў раніцай, сабаку пакарміў, печку распаліў і займаешся сваймі справамі. Нічога ўвагу не адцягвае. Калі стомішся, выйшаў на вуліцу, свежым паветрам падыхаў і заліпаеш на прыроду. Увесну тут асабліва хораша. ...Цяпер я ад нікога не залежу. Сам сабе гаспадар. Магу зарабіць за сезон, калі падрыхтуюся добра і папрацую цэлае лета.
Сезон у ганчара цягнецца ад вясны да ранняй восені. Гэта час кірмашоў і фестываляў. У гэтым годзе трапіць атрымалася толькі на адзін фестываль, але гэтага хапіла, каб працы хлопцаў заўважылі і высока ацанілі старэйшыя калегі.
І праўда, посуд братоў справядліва можна назваць эксклюзівам. На талерках хлопцы робяць узоры з водціскамі сурвэтак, лістоў раслін. Затым посуд запякаецца ў вясковым малацэ.
– Гэта самы экалагічны посуд, – лічыць Саша. – Раней як было? Кожная гаспадыня, якая сябе паважала, мела для розных страў асобныя збаночкі і гаршчочкі, таму што падчас гатавання ежы, посуд насычаўся спецыямі і смак за кожным разам станавіўся яшчэ лепшым.
Да матэрыялу, з якім працуе, майстар адносіцца з піетэтам.
– Гліна – гэта такі матэрыял, каторы ўсмоктвае энергетыку чалавека, які да яе дакранаецца. Гліна яго помніць. І кераміка ручной працы зусім па-іншаму адчуваецца чалавекам і па-іншаму яму служыць, – кажа рамеснік. – Калі ты яе робіш сам, то ў працэсе адчуваецца нейкая магія. Ты можаш памерці, але посуд, які ты зрабіў, праз 2 тысячы гадоў могуць адкапаць недзе ў зямлі і на ім будзе адбітак твайго пальца на ручцы ад кубка. Кераміка нясе дух эпохі.
Ганчар упэўнены, што гліна адчувае настрой чалавека, там перад працай ён нават часам медытуе. У далейшым Саша хоча заняцца чорнай гарадзенскай керамікай. Сярод іншых мар – пасадзіць сад і здзейсніць кругасветнае падарожжа.
– Мне падабаецца гэты дом, гэтая зямля. Я хачу, каб сюды з часам прыязджалі людзі, вучыліся ляпіць, адпачывалі. Козачак хачу завесці. Раней фазанаў трымаў з перапёлкамі, але выпусціў пасля на волю. Многа маіх знаёмых пераязджаюць жыць у вёску. Пажадана, канешне, мець сваю справу, бо ўладкоўвацца ў гас за два з паловай мільёна трактарыстам… Я б не змог працаваць так круглы год, без выходных, кожны дзень, ад ранку да вечара, а людзі ў калгасе менавіта так і працуюць, – кажа малады ганчар і прапануе свой рэцэпт шчасця. – Не будзьце, як усе. Шукайце нешта сваё.
28 лістапада на кірмашы ў Новым Замку ў Гродне адбудзецца выстава керамікі братоў Ражко.