15.01.2016 / 15:01

Педагог дадатковай адукацыі Докшыцкага цэнтра дзяцей і моладзі Аляксандр Гапанёнак яшчэ студэнтам даведаўся пра саламянае домабудаўніцтва і загарэўся ідэяй калі-небудзь займець такое ўласнае жыллё. У ліпені 2013-га ён наршэце адважыўся ўзводзіць доўгачаканы дом з саломы. 

Хаця ў Докшыцах некаторыя называюць яго дзіваком, аднадумцы ёсць у розных кутках Беларусі. Яны папулярызуюць саломабудаванне ўласным прыкладам. Недасведчаным такое жыллё ўяўляецца стогам з вокнамі і дзвярыма ці як у Ніф-Ніфа з казкі пра трох парасят.​

Як піша газета «Витебские вести», Аляксандр Гапанёнак жартуе, што зрабіў крок у нікуды, першым з докшыцкіх дэбютаваўшы ў нязвыклым будаўнічым жанры. Жонка, Яўгенія Пятроўна, бальнічная сястра-гаспадыня, сказала: «З чаго ні зробіш — у тым і будзем жыць, мая справа — наладзіць побыт».

У мясцовым архітэктурным бюро Аляксандр Алегавіч папрасіў перавесці патрэбны яму аб’ём піламатэрыялаў у лес-кругляк. Нарыхтоўваў і распілоўваў сам, набыўшы партатыўную пілараму, што дапамагло сэканоміць каля 3 тыс. умоўных адзінак. Калі ў вёсцы Вецяра бурай зламала шмат дрэў, камгасаўцы не змаглі справіцца з мятровай таўшчыні таполяй. У Тумілавіцкім сельвыканкаме Аляксандру Гапанёнку сказалі: толькі забярыце.

— Дрэва — мой любімы матэрыял. Драўляныя зрубы дамоў таксама даспадобы, толькі я ўпэўнены, што зараз пры іх вырабе не зважаюць на старадаўнія, правераныя часам тэхналогіі. Матэрыял, напрыклад, нарыхтоўваюць абы-калі. Ёсць і іншыя аргументы на карысць саламянага жылля. На сцены аднаго, як мой, але драўлянага дома спатрэбілася б 100 кубаметраў лесу. Гэтага хопіць на ўзвядзенне некалькіх саламяных, бо на адзін плошчай у 100 кв. м ідзе толькі 10 кубаметраў піламатэрыялаў, — тлумачыць будаўнік з трыма дыпломамі.

За паўтара месяцы Аляксандр Алегавіч з бацькам Алегам Аляксандравічам усталявалі сасновы каркас, што нясе ўсю нагрузку ў доме, стойкі, перакрыцці і сандулінавы дах. У сельгаспрадпрыемстве выпісалі салому, на той момант па 100 тыс. руб. за тону. Трактар давялося арандаваць, а прэс-падборшчык набылі ў фермера. Лічыцца, што для такой справы лепш іржаная салома, але трапілася з азімага жыта, пшаніцы, трыцікале.

— Наконт экалагічнасці гэтай сыравіны даведаўся, што саламянае сцябло — усяго толькі ліфт, які дастаўляе спажыўныя рэчывы коласу. Зрэшты, калі сумняваешся, можна набыць салому з палёў, куды ўносілі натуральнае ўгнаенне, — раіць Аляксандр Гапанёнак.

За паўдня напрасавалі 470 блокаў, спатрэбілася 450. Вага аднаго — каля 16 кг, даўжыня — 800 мм, вышыня — 400, таўшчыня — 500. Сцены перад атынкоўкай варта падстрыгчы, выраўняць «балгаркай». Увосень звонку іх абмазалі змешанай з пяском глінай, дарэчы, здабытай пры капанні падвала. І здагадацца зараз, што гэтыя карычневыя сцены — з саломы, можна толькі добра прыгледзеўшыся: там-сям вытыркаюцца яе кончыкі. Чарнавы, супрацьпажарны слой. Хаця процьмай тэстаў, зробленых выпрабавальнікамі ў розных краінах, даказана: саламяныя блокі — надзейны напаўняльнік і ўцяпляльнік у будаўніцтве, у непрадбачаных выпадках толькі абвугліцца, але не згарыць. Паверх будзе накладзена яшчэ пара гліняна-вапнавых ці вапнавых слаёў. А франтоны тады не паспелі атынкаваць, яны год стаялі адкрытымі непагадзі, мышам. І нічога — салома не сапсавана, толькі крышку пашарэла.

Вокны — драўляныя шклопакеты. Драўляную столь зверху закладуць саламянымі блокамі, а такую ж падлогу знізу ўцепляць глінай з апілкамі.

На сценах, дзе размесцяцца кухонныя шафкі ці яшчэ што навеснае, як і пад батарэі, закладзены драўляныя брускі. На сямейным савеце саламяныя сцены знутры вырашана аздобіць дэкаратыўнай тынкоўкай, перагародкі між пакоямі — шпалерамі. Электраправодка схаваная, ёсць водаправод, усталяваны кольцы для каналізацыі.

Згодна з абмерамі БТІ карысная плошча дома складае 106 кв. м. Ён ацяпляецца печчу, якую гаспадар склаў уласнымі рукамі. У драўляным жа такой хапіла б на абагрэў толькі трэці плошчы.

У планах — скласці ў зале камін, а печ застанецца запасным варыянтам. 

У кацельні будзе цвёрдапаліўны кацёл з цепланакапляльнікам на тысячу літраў вады. Змеявік з гэтай бочкі можна падключыць да сонечнага калектара, каб пры адпаведным надвор’і нават зімой атрымліваць цяпло ад промняў. У спёку ў доме было плюс 20 градусаў. Тут выдатна спіцца. Сябры нават жартуюць: дзе схаваў кандыцыянер? Сцены, кажа, і ёсць кандыцыянер.

Аляксандр адзначае, што калі казаць правільна, то ён збудаваў каркасны дом з натуральным уцяпляльнікам. 

— Мы правялі тут семінар для жадаючых. Адзін з яго ўдзельнікаў прывозіў жонку і сваячку. Кабеты пачалі піць валяр’янку, пасля таго як ён аб’явіў пра намер узвесці дом з саломы. Нарэшце пераканаліся: годны для жыцця і спрыяльны для здароўя, — смяецца Аляксандр Алегавіч.

Спецыялісты БТІ, афармляючы дакументы на будынак, таксама дзівіліся і не ведалі, да якога тыпу яго аднесці, бо ў іх класіфікацыі няма адпаведнага вызначэння.

— Мне 36 гадоў, сын — другакласнік, дачушка ў дзіцячым садку. Думаю, і праўнукі пажывуць у гэтым доме. Я эксперыментую на сваёй будоўлі, тут мая лабараторыя. А паслядоўнікам будзе куды прасцей.Сёлета нарыхтавалі салому, каб зрабіць такі ж для сям’і майго малодшага брата Дзмітрыя ў Глыбокім. Тона каштавала 130 тыс. руб. Будзе прыменена паскораная тэхналогія, апрабаваная ў Расіі, Украіне, еўрапеўскіх краінах: матэрыялы рыхтуюцца на працягу месяца, а мантаж дома зойме ўсяго адзін дзень!

Автор:
Фотограф:
«Витебские вести»
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость