15.03.2015 / 17:03

Гродзенскія аўтары ў сваёй паэтычнай творчасці закранаюць самыя розныя бакі нашага жыцця, спрабуюць разабрацца ў праблемах сучаснасці і азірнуцца ў мінулае. Аднак найбольш выразнымі і запамінальнымі лічу вершы гродзенцаў, у якіх гаварыцца пра хараство роднага краю.

Увогуле, гэты  паэтычны спіс мне хочацца пачаць з вядомага верша Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”. Чаму так? Па-першае, беларускі класік раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне. І мне чамусьці здаецца, што натхнілі паэта на стварэнне знакамітага верша менавіта гродзенскія пейзажы. А па-другое… Пра другое – крыху пазней:

Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы.  І цягам доўгія часіны, Дзявочыя забыўшы сны, Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны. А за сцяной смяецца поле, Зіяе неба з-за акна, - І думкі мкнуцца мімаволі Туды, дзе расцвіла вясна; Дзе блішча збожжа ў яснай далі, Сінеюць міла васількі, Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі; Цямнее край зубчаты бору… І тчэ, забыўшыся, рука Заміж персідскага ўзору Цвяток радзімы васілька.

Вобраз васілька ў жытнёвым полі натхніў гродзенскую паэтку Марыю Шаўчонак на свой верш. Ён так і называецца – “Васілёк”:

Сімвал роднага краю, Васілёк сінявокі, Я табе давяраю Поле думкі высокай.

Засявай яго дбайна То надзеяй, то марай, Падзівіцца ўсім дай нам Тваім сінім пажарам.

Абагрэй клапатліва Ў пахмурную восень І ўсміхніся шчасліва, Калі штосьці збылося.

Твая ўвага і ласка, Твая родная песня, Як дзіцячая казка, Праз стагоддзі ўваскрэсне.

Сучаснае і спрадвечнае ўдала спалучае ў сваім вершы вядомая гродзенская паэтка Данута Бічэль. Твор мае цікавую назву – “Збавенне”: Ружавеюць шчокі аблокаў У застрэшшы бязмеру. Бусел кругамі аблётаў, Высеяў клёкат на веру.

Праз бясконцы палетак На белу расу Палотны сцялю – у лета Ўзлётную паласу.

Я заўважыў, што гродзенская восень, як, напэўна, ніякая іншая пара года, асабліва натхняе мясцовых паэтаў. І таму творы з восеньскім каларытам у іх атрымліваюцца яркія і запамінальныя. Як, напрыклад, верш Святланы Куцько:' Стужкі паркалю блакітнага Ў небе Апошні ўжо раз. Ясна так, Светла так выткала Восень усім напаказ. Ды з жураўлінымі крыкамі З лесу, бы кроплі расы, Спрытна птушыныя выкрала Да аднаго галасы.

І можа быць, што нараніцы, Пераступіўшы парог, Лёгка ў хмарах зайграецца Сцюжы пужлівы звярок.

Прырода ў краі над Нёманам быццам бараніла нашых землякоў у часы мінулай вайны. Пра гэта – верш гродзенца Юркі Голуба “Партызанскія зямлянкі”:

Лісток адзіны ўтрымаў асіннік І стыне ціха, пасівела-сіні. Трашчыць ядловец, як калючы дрот. А хлопцам не хапае сілы Ўзняцца і прынесці мокрых дроў… Зарос лясны аэрадром.

Даўно патушаны паходні. Дымы за лесам моўчкі ходзяць, Бы сувязныя-хадакі. Стаяць зямлянкі чвэрць стагоддзя,

Не абагрэтыя нікім… Хоць смаляка ў агонь падкінь.

А вось лірычны герой іншага гродзенскага аўтара – Міхася Губернатарава – захапляецца сучаснымі краявідамі. Міхась Аляксеевіч расказваў мне, што нават трапляючы ў знаёмы лес, ён зноў і зноў захапляецца яго непаўторнасцю. Пра гэта – адзін з вершаў паэта:

Ростані болей не трэба З тою зямлёю, дзе ўзрос. Ціха калышацца неба На вершалінах бяроз.

Пахнуць мядовыя зёлкі, Чаіцы хочацца піць. З роднай маёй Ангялоўкі Бусел цыбаты ляціць.

Сэрца ў шчаслівым маўчанні, - Нібы я ўбачыў свой лёс: Светлыя перад вачамі Постаці белых бяроз.

Верш Ірыны Навуменкі, якая родам з Зэльвенскага раёна, называецці сціпла – “Эцюд”. Твор чымсьці нагадвае дасканала зроблены малюнак:

У пралесках аж свішча вецер, Стынуць лозы на скразняку. І бярозак нахіленых вецце Мне з паклонам цалуе руку. Зноў навокал пара адцвітання, Але колькі ў ёй свежай красы?! Не захочацца спаць да світання, Да пякуча-крыштальнай расы…

Гродзенская паэтка Таццяна Сучкова піша для дзяцей. Аднак, я думаю, яе вершы з цікавасцю чытаюцца людзьмі розных узростаў. Мне вельмі падабаецца яе невялічкі твор “певень”. І сапраўды, ну, які сялянскі двор на Гродзеншчыне ўявіш без гэтай істоты:

Па надворку ходзіць певень. У яго чырвоны грэбень. Камізэлька новая. Світка каляровая. Ды няма нідзе кішэні, І не мае певень жмені. Задавака, моднік певень У чупрыне носіць грэбень.

Гродзенскіх аўтараў не аднойчы натхняла творчасць іншых паэтаў. Але натхняла своеасабліва. Вобразы прыроды іншых далёкіх мясцінаў прапускалася праз тое, што паэт бачыў у родным краі. Іначай і быць не магло. Вось так Юрка Ленец яшчэ пад час вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы пераклаў вядомага расійскага класіка, бачачы перад сабой малюнкі роднай Зэльвеншчыны:

Восень, восень. Абтрасаюць клёны, Бы календары, Свае лісты. Што ж, і я калісьці быў зялёны, А цяпер, як восень, залаты.

І не быць мне зноў такім зялёным. Не вярнуць назад, што адышло. Ціха абтрасаюць восень клёны… Льецца развітальнае святло.

І са мною аднойчы адбылася падобная рэч. Непадалёку ад Гродна я ўбачыў вельмі прыгожае месца. Луг, а побач лес… Толькі вершам, ці, можа, нават песняй можна было адлюстраваць убачанае. Вярнуўшыся дамой, я напісаў:

Я буду ровар гнаць у далёкі край, У глухіх лугах спынюсь раптоўна я. Тут столькі кветак, толькі іх збірай, Усе для цябе, мая каханая.

Гэта зусім не пра Валагодчыну, а пра наш непаўторны наднёманскі край.

Автор:
Фотограф:
usebelarusy.by, supersadovod.ru, vk.com, zedlik.livejournal.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость