15.03.2016 / 18:03

З нагоды Міжнароднага дня рэк, які адбыўся ўчора, 14 сакавіка, Зялёны партал вырашыў расказаць вам пра адзін вадацёк, назва якога дагэтуль дакладна не вызначана. Размова ідзе пра раку Бярозаўку, правы прыток Дзісны, якая цячэ па тэрыторыі Глыбоцкага і Шаркаўчынскага раёнаў.

Здавалася б, што ў век тэхнічнага прагрэсу і інтэрнэту вырашыць гэта пытанне вельмі проста. Аднак на справе ўсё даволі складана.

Настаўніца геаграфіі Кіраўскай школы Глыбоцкага раёна Лізавета Дзмітрыева, дарэчы, адзін з лепшых спецыялістаў па геаграфіі Глыбоччыны, ужо не адзін год б’ецца над вырашэннем гэтага пытання. І калі па вусцю ракі пытанняў не ўзнікае, то аб яе пачатку спрэчкі вядуцца да сённяшняга дня.

Фота зроблена на адрэзку ракі паміж азёрамі Кагальным і Вялікім — на тым самым спрэчным участку
Фота зроблена на адрэзку ракі паміж азёрамі Кагальным і Вялікім — на тым самым спрэчным участку

Калі адкрыць даведнік «Блакітная кніга Беларусі», выдадзены ў 1994 годзе, то ў ім гаворыцца, што рака Бярозаўка пачынаецца з возера Падлужнае і цячэ праз Глыбокае да ўпадзення ў Дзісну. Яе даўжыня 53 км. Іншы ж даведнік «Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя» кажа, што Бярозаўка пачынаецца з возера Вялікага, і яе даўжыня складае 42 км.

Цікава, што, згодна першаму даведніку, рака цячэ знізу ўверх, а такога ў прыродзе быць не можа, бо возера Падлужнае — апошняе ў ланцужку глыбоцкіх азёр.

Ды і з гістарычных крыніц вядома, што мяжа паміж Віленскім і Полацкім ваяводствамі Рэчы Паспалітай некалькі стагоддзяў праходзіла па рацэ Бярозаўцы. Глыбокае пры гэтым патрапляла ў розныя ваяводствы. Левая частка была ў Віленскім ваяводстве, правая — у Полацкім.

Лізавета Дзмітрыева падрыхтавала цэлую навуковую працу па гэтай тэме. Некалькі гадоў таму яна са сваімі вучнямі з мэтай вызначэння пачатку ракі прайшла некалькі кіламетраў ад возера Падлужнага ўверх па цячэнню. Пасля чаго была зроблена выснова: «Рака Бярозаўка бярэ пачатак у балоцістай мясцовасці на паўднёвы ўсход ад вёскі і працякае праз ложа неіснуючага вадаёма, праз азёры Ластавіцкае, Крывое, Кагальнае (Глыбокае), Вялікае (Беразвецкае) і, нарэшце, Падлужнае (Падлазнае)». Неіснуючы вадаём некалькі стагоддзяў таму быў возерам, але рэчка з цягам часу вынесла яго воды. 

Гэтыя даследаванні былі вядомыя яшчэ ў 2012 годзе. Здаецца, у гэтай справе можна было б паставіць кропку, але яна не вырашаная і дагэтуль. Па словах Лізаветы Міхайлаўны, яна звярталася ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, дзе атрымала адказ, што гэта спрэчнае пытанне павінна быць вырашанае на мясцовым узроўні.

З таго часу прайшло амаль чатыры гады. Каб раз і назаўжды вырашыць сітуяцыю з назвай ракі, не трэба ніякіх дадатковых матэрыяльных рэсурсаў, трэба толькі на сесіі райсавета ўключыць гэта пытанне ў павестку дня і прагаласаваць па яму. Таму дзіўна, чаму Глыбоцкі раённы Савет да гэтай пары гэтага не зрабіў. А пакуль што праз цэнтр Глыбокага цячэ безыменная рэчка.

Автор:
Фотограф:
Леанід Юрык
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость