Сажайте деревья, а не журналистов

Лепшыя праекты Школы экаактывіста: ад ліхтарыкаў з «Kinder surprise» да глабальнай праблемы змянення клімату. Частка 2

Беларускі зялёны партал працягвае расказваць пра цікавыя экалагічныя start-up'ы, якія рэалізуюцца сіламі актывістаў, што прайшлі навучанне ў Школе экалагічнага актывіста ў розныя гады яе існавання.

15.04.2015 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская, facebook

Ад ралявой гульні на Школе да глабальнай кампаніі ў таварыстве «Зялёная сетка»

У 2009 годзе на міжнароднай арэне самай актуальнай экалагічнай праблемай было змяненне клімату, бо менавіта ў гэтым годзе ў Капенгагене павінны былі ўзгадніць новае кліматычнае пагадненне ўзамен Кіёцкаму пратакола. 

«Я патрапіла на ШЭА ў 2009 годзе, і не зацікавіцца кліматычнай тэмай было проста немагчыма, — распавядае Анастасія Бекіш, каардынатар кліматычнай кампаніі таварыства «Зялёная сетка». — Бо на той час гэта была галоўная тэма для міжнароднага «зялёнага» руху, а таксама палітыкі — на СОР15 (15-я Канферэнцыя Бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па змяненню клімата — дад. рэд.) прыехалі і Барак Абама, і Ангела Меркель, і Дзмітрый Мядзведзеў, які на той час быў прэзідэнтам Расіі».

На Школе ж часткай трэнінгу першага ўзроўню была ралявая гульня «Капенгаген», згодна з правіламі якой кожны ўдзельнік стараўся прымерыць на сябе ролю краіны-ўдзельніцы перамоўнага працэсу.

«Зараз гэта даволі забаўна ўзгадваць, але на той момант мне выпала роля Даніі, старшыні працэсу, — кажа Анастасія. — Складана было не ўцягнуцца, таму і тэмай міні-праекта па выніках ШЭА стаў менавіта клімат, а затым я ўжо далучылася да працы «Зялёнай сеткі» і падрыхтоўкі да ўдзелу ў СОР».

На сёння кліматычная кампанія таварыства праводзіць працу на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Штогод ладзіць шэраг асветніцкіх акцый дзеля прыцягнення ўвагі людзей да тых кліматычных змяненняў, якія адбываюцца як у Беларусі, так і па ўсім свеце. Разам са сваімі замежнымі калегамі «Зялёная сетка» праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы і арт-трэнінгі, семінары па творчаму падыходу да вырашэння такой складанай праблемы як змяненне клімату.

Размаляваныя экасумкі vs пластыкавы пакет

У свой час вынаходніцтва універсальнай упакоўкі ў выглядзе паліэтыленавага пакета стала сапраўдным прарывам для чалавецтва, але на сённяшні дзень гэта бадай што адна з самых актуальных праблем для экалогіі. Штогод ва ўсім свеце выкарыстоўваецца да 1 трыльёну пакетаў, палігоны адходаў перапоўнены гэтым відам смецця, якое, на жаль, не перапрацоўваецца і распадаецца на працягу 200 год. Акрамя гэтага, пакеты з'яўляюцца добрай часткай смеццевых «астравоў», што запаўняюць нашы акіяны.

У 2012 годзе гэта праблема ўсхвалявала выпускнікоў Школы, якія ў якасці міні-праекта вырашылі правесці шэраг майстар-класаў у школьных і пазашкольных установах для папулярызацыі экалагічных сумак з тканіны замест паліэтыленавых пакетаў.

«Мы расказвалі дзецям пра праблему смецця, пра магчымасці шматразовага выкарыстання пакетаў і пра ідэальны варыянт — экасумкі. Для большага інтарэсу разам з навучэнцамі «набівалі» малюнкі на сумкі, каб дзецям больш падабалася іх насіць, — узгадвае Марына Дубіна, ініцыятар праекта. — Вось так раскажаш ім пра смецце, пра тое, як рыба і птушкі, марскія млекакормячыя гінуць з-за паліэтылена, пра пластыкавыя адходы ў акіянах, а пасля пакажаш альтэрнатыву — сваімі рукамі зробленую экаторбу, і дзіця бяжыць да мамы з крыкам: «Больш ніякіх пакетаў!» І пасля правядзення такіх майстар-класаў пачынаеш разумець, як важна працаваць з дзецьмі, даносіць ім нейкія ідэі, якія яны з радасцю прымаюць, а затым транслююць сваім бацькам, прымушаючы дарослых змяняць нейкія звычкі да лепшага». 

Забаўныя ліхтарыкі з непатрэбнага пластыка

Гісторыя праекта «Slow Glow» пачалася з сяброўскіх начных пасядзелак на прыродзе, калі для стварэння больш утульнай атмасферы і асвятлення Сяргей Зайцаў (адзін з ініцыятараў і рэалізатараў праекта — дад. рэд.) выкарыстоўваў ліхтарыкі і белыя каністры з вадой. Паступова звычайнае і простае вынаходніцтва ўдасканалілі светадыёдамі, і яно перарасло ў незвычайны і яркі праект па вырабу «ліхтарыкаў» з непатрэбнага пластыка.

«Школа экалагічнага актывіста аказала нам падтрымку, пазнаёміла з патрэбнымі людзьмі для нашага праекта. Дзякуючы дапамозе эколагаў мы сталі рабіць новыя светавыя аб'екты з тых ёмкасцяў, якія людзі звыклі выкідаць на сметнік. Нягледзячы на тое, што пік актыўнасці адбыўся напярэдадні Новага года, нам і зараз працягваюць тэлефанаваць, прапаноўваюць «яйкі» ад «Kinder surprise», пластыкавыя каністры, белыя бутэлькі з-пад кефіра, і мы ўсё прымаем», — распавядае Вольга Мельгуй, адзін з ініцыятараў і рэалізатараў праекта «Slow Glow».


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 15.04.2015

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.