15.05.2017 / 16:05

Ляснічы працуе ў заказніку больш за 40 год.

Галубіцкая пушча – гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння, які раскінуўся на плошчы 6734 гектараў у Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах Віцебскай вобласці. Пушча ўяўляе сабой мазаічнае спалучэнне лесабалотных, лугавых, балотных і лясных масіваў, натуральных вадаёмаў. Больш за палову тэрыторыі займаюць лясы, на 18% раскінуліся балоты.

А акрамя прыродных багаццяў адметнасці Галубіцкай пушчы надаюць людзі, што працуюць там. У госці да аднаго з іх – ляснічага Рыгора Пяцько – наведаліся журналісты Беларускай лясной газеты.  

Рыгор Пяцько – чалавек у пушчы невыпадковы. Некранутая прырода наваколля ягонай малой радзімы – вёскі Рачныя Докшыцкага раёна – з дзяцінства вабіла хлопца. Незвычайныя расліны, сляды звяроў, птушыныя спевы, зменлівасць прыродных з’яў… Ён прыкмячаў самыя малыя дробязі, штосьці запісваў, нешта запамінаў. А самае галоўнае, набываў упэўненасць: жыццё сваё ён абавязкова звяжа з гэтай прыгажосцю. Пасля школы Рыгор Пяцько паступіў у Барысаўскае вучылішча, абраўшы лесагаспадарчую спецыяльнасць. 

17 чэрвеня 1976 года пачаўся адлік ягонай кар’еры ў Тумілавіцкім лясніцтве. За 41 год пройдзены немалы шлях: спачатку – рабочы, потым – майстар лесу. І вось ужо тры дзесяцігоддзі Рыгор Пяцько узначальвае калектыў.

Унікальная знаходка ў Галубіцкай пушчы

Рыгор Пяцько не толькі шчыра і аддана працуе на карысць заказніка. Ляснічы адыграў адну з рашаючых роляў у яго стварэнні. Адбылося гэта ў далёкім 1976 годзе, калі разам з таварышамі малады спецыяліст пайшоў шукаць ваўчынае логавішча. На той час ён ужо сур’ёзна захапляўся арніталогіяй.

— Ідзем па дарозе, у лес. Я не толькі па баках гляджу, але і ўверх, каб раптам цікавае гняздо не прапусціць, — расказвае Рыгор Пятровіч. — Памёт пад дрэвам прымусіў звярнуць увагу на гняздо, што месцілася больш як на два метры над зямлёй. Бачу: у ім сядзіць каршунёнак і трымае ў дзюбе… хвост гадзюкі. На шчасце, фотаапарат быў з сабой.

Рыгор Пятровіч залез на дрэва і зрабіў партрэт сваёй незвычайнай знаходкі. На здымак, які прымаў удзел у конкурсе арнітолагаў-аматараў, звярнуў увагу  вядомы ў Беларусі арнітолаг кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры экалогіі і аховы прыроды ВДУ імя П. М. Машэрава Уладзімір Іваноўскі. І праз некалькі дзён вучоны быў ужо ў пушчы, каб паведаміць маладому калегу: на фотаздымку - птушаня змеяеда, якога ў Беларусі не сустракалі з 1927 года.

З таго часу Уладзімір Іваноўскі стаў частым госцем Тумілавіцкага краю. Разам з Рыгорам Пяцько яны кальцавалі птушак, рабілі штучныя гнёзды, дзе сяліліся рэдкія віды, а яшчэ - падрыхтавалі апісанні арніталагічнага свету краю. У многім дзякуючы гэтай працы ў 90-я гады было зроблена абгрунтаванне і створаны заказнік. 

 

Усе людзі розныя, не ўсе людзі добрыя…

У гэтым Рыгор Пятровіч пераканаўся на ўласным сумным вопыце. Апантанага ляснічага часта просяць правесці экскурсіі па заказніку, ён ніколі не адмаўляе. І вось аднойчы паявіўся ў Галубіцкай пушчы звычайны на першы погляд экскурсант. 

Мужчына прадставіўся аматарам арніталогіі і папрасіў паказаць гнездаванні рэдкіх відаў. Рыгор Пятровіч з задавальненнем правёў экскурсію, а потым прапанаваў госцю начлег. Але той у хату ісці адмовіўся, маўляў, на вуліцы, у намёце, ён яшчэ крыху палюбуецца начной прыгажосцю прыроды. 

Раніцай госць знік не развітаўшыся. А з сабой прыхапіў яйкі з аднаго з гнёздаў…  

Непакоіць Рыгора Пяцько і актыўная чалавечая дзейнасць па торфараспарацоўцы. Хутка работы будуць ісці ля самай мяжы пушчы. Самае небяспечнае для гэтых месцаў — парушэнне экалагічнага балансу. Каб стабілізаваць гідралагічны рэжым, неабходна будзе пашыраць межы запаветнай тэрыторыі.

 

Гонар краю

Але жыве Рыгор Пятровіч не толькі роднай прыродай. Знаходзіць ён час і сілы і для таго, каб  збіраць фальклор, шукаць брацкія магілы і запісваць успаміны сведак знакавых падзей, ашчадна ставячыся да кожнай пацеркі з аўтэнтычнай нізкі роднага краю… Штодзень ён робіць работу, якая  не мяжуецца патрабаваннямі кантракта ці працоўнага дагавора. Яна насамрэч добраахвотная. Тумілавіцкая зямля нарадзіла патрыёта з усімі перадумовамі стаць навукоўцам. І ён ім стаў. Не «кабінетным» тэарэтыкам, а навукоўцам-практыкам, ад зямлі, але з глыбіннымі ведамі. І калі кажуць «соль зямлі», гэта пра такіх, як ён, — лепшых беларускіх сыноў. 

Палудикультура 

Автор:
Фотограф:
Наталля Навіцкая
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость