Фота - Павел Лычкоўскі
На якой мове звяртаецца Палессе?
Грамадскія арганізацыі «Багна» і «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ад асобы кааліцыі экалагічных арганізацый «Захаваем Палессе» запрашаюць вас наведаць фотавыставу «Лексіка Палесся».
Фотапраект «Лексіка Палесся» прысвечаны ўнікальнай прыроднай каштоўнасці беларускага рэгіёна і яго культурнай самабытнасці.
«Лексіка Палесся» — гэта дыялог паміж прыродай і чалавекам. Фотапраект уяўляе сабой экспазіцыю прац беларускіх фатографаў, закаханых у прыгажосць роднай зямлі. Ён падзелены на тры тэматычныя часткі, кожная з якіх дазволіць гледачу пабачыць Палессе як натхняльную сваёй прыгажосцю каштоўную тэрыторыю з багатай біяразнастайнасцю; як цэнтр этнаграфічнай і гісторыка-культурнай спадчыны; як самабытны свет, які знікае ў выніку ўмяшальніцтва чалавека.
— Мы натхніліся на стварэнне гэтай выставы ў 2017 годзе, калі толькі пачыналі працаваць у рэгіёне Палесся. Чым больш мы даведваліся аб экалагічных праблемах звязаных з асушваннем балот, планамі па будаўніцтву воднага шляху Е40, знішчэнню пойменных дуброў; сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, тым больш адкрывалі для сябе дзіўную частку Беларусі, якая можа стаць візітнай карткай нашай краіны.
Гэтая выстава — спроба прыўнесці ў сталіцу часцінку Палесся, яе ўнікальны пейзаж, пераплецены з бытам і традыцыямі палешукоў. Мы закранаем не толькі станоўчыя моманты, але таксама паказваем далікатнасць гэтага рэгіёну, які вось ужо 50 гадоў знаходзіцца пад моцным антрапагенным уздзеяннем. Унікальнасць выставы яшчэ і ў тым, што акрамя прыгожых фатаграфій 21 аўтара, мы прапануем кожнаму гледачу дакрануцца да дыялекту аднаго з рэгіёнаў Палесся.
Частку тэкстаў выставы нам дапамаглі перакласці палешукі.
Сярод фатаграфій вы ўбачыце даволі вядомыя імёны фатографаў, але ёсць працы мясцовых жыхароў. Для нас важна паказаць, як яны адчуваюць сваю малую радзіму, дзе нарадзіліся і жывуць да гэтага часу, — дзеліцца сваімі ўражаннямі адзін з куратараў выставы, Чыкалаў Канстанцін, старшыня ГА «Багна».
Выстава арганізаваная грамадскай арганізацыяй «Багна» ад асобы кааліцыі экалагічных арганізацый «Захаваем Палессе» («Save Polesia») ў межах праекта «Устойлівае развіццё экалагічнага патэнцыяла дзікай прыроды ў Прыпяцкім і Палескім рэгіёнах» пры фінансавай падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Zoologische Gesellschaft Frankfurt).