16.02.2016 / 13:02

Задумаўшыся пра экалогію будаўніцтва ці рамонту кватэры, разумееш, што гэтае пытанне не толькі вельмі складанае, але і без парадаў спецыялістаў на яго наогул адказаць немагчыма. Пра тое, як будавацца экалагічна, нашаму сайту распавёў дырэктар кампаніі «ТэрмаДэкор» у Гомелі Вадзім Мартыненка.

– Як Вы пачалі займацца будаўнічым бізнэсам і зацікавіліся яго экалагічным бокам?

– Усё пачалося гадоў пятнадцать таму. У той час пры падтрымцы дзяржавы распачаўся працэс уцяплення фасадаў жылых дамоў і нашая кампанія адной з першых занялася гэтай справай. Дзяржава канешне падтрымлівала гэта, каб зменшыць затраты на ацяпленне. Але я тады задаўся яшчэ і пытаннем экалагічнасці гэтых тэхналогій. То бок што горш для экалогіі – страты энергіі, таго ж газу, які ідзе на ацяпленне кватэр, альбо яго затраты на вытворчасць уцяпляльных матэрыялаў?

Далей я зацікавіўся экалагічным бокам саміх будаўнічых матэрыялаў. Напрыклад таго ж палістыролу ці мінеральнай ваты, панэлі з якіх выкарыстоўваюцца для уцяплення сцен і дахаў.

Ад такіх глабальных пытанняў я перайшоў да лакальных – як выкарыстоўваць упакоўку на будпляцоўцы? Яе можна выкінуць у сметнік альбо здаць у пункт прыёму другаснай сыравіны, але можна ў яе запакоўваць іншыя адкіды, і ўсе разам адвезці на перапрацоўку на адпаведнае прадпрыемства. Гэта зэканоміць сродкі і палепшыць лагістыку працы кампаніі.

– Наколькі людзі наогул цікавяцца экалагічнасцю будаўніцтва? Ці пытаюцца пра экалагічныя матэрыялы?

– Людзі, на жаль, у першую чаргу цікавяцца тым, як зэканоміць грошы. Потым, як зрабіць «так як ва ўсіх». І толькі пасля гэтага яны думаюць пра пытанне здароўя, свайго і родных. Тых людзей, хто ставіць гэтае пытанне на першае месца прыкладна адсоткаў пяць.

Да таго ж і вытворцы нярэдка хлусяць пра «экалагічнасць» сваіх матэрыялаў. Ёсць нават своеасаблівыя спрэчкі ўнутры будаўнічай галіны. Напрыклад, шматлікія вытворцы мінеральнай ваты кажуць, што іх прадукцыя экалагічная. Але яны маўчаць пра тое, што ў прынцыпе бяспечныя валокны граніту, з якога робіцца аснова гэтага матэрыялу, не будуць трымацца ў пліце без спецыяльных смолаў. А смолы гэтыя утрымліваюць фармальдэгіды. І на гэтае ім указваюць канкурэнты, якія вырабляюць уцяпляльныя пліты з полістыролу. Аднак полістырол шкодны сам па сабе. І ў той жа час, пасля некалькіх месяцаў выкарыстання ён становіцца інэртным і перастае выдзяляць у паветра шкодныя рэчывы. То бок ідзе такая спрэчка, у якой кожны вытворца імкнецца падаць сваю тэхналогію больш бяспечнай, пры тым, што усе гэтыя тэхналогіі не вельмі экалагічныя.

Важнае пытанне датычыцца тэхналогіі будаўніцтва з выкарыстаннем гэтых матэрыялаў. У ЗША, Канадзе ці краінах паўночнай Еўропы, калі ў будаўніцтве выкарыстоўваюць матэрыялы, што выдзяляюць ў атмасферу шкодныя рэчывы, то будуюць спецыяльную сістэму прымусовай вентыляцыі. Яе прынцып у тым, што ўнутры памяшкання ствараецца большы атмасферны ціск, чым на вуліцы. І дзякуючы гэтаму ўсе шкодныя выдзяленні «выцягвае» вонкі. А ў нашых дамах ціск унутры роўны ціску на вуліцы і ўсё, што утрымлівае лінолеум, пластык, ДСП, усё гэтае выдзяляецца ў памяшканне. Дарэчы ДСП-пліты, калі іх кромка пакрытая з усіх бакоў адмысловымі пластынамі, не выдзяляюць шкодных рэчываў. Аднак значная частка вытворцаў выкарыстоўваюць гэтыя пластыны толькі на тарцах з пярэдняга боку пліты, і фармальдэгід выдзяляецца ззаду. Робіцца гэта каб зэканоміць грошы і ніхто не думае пра наступствы для здароўя.

Ды і наогул мала хто на нашых прадпрыемствах думае пра ашчаднае стаўленне да прыроды. Экалагічны кантроль неяк праходзяць і на гэтым ўсё. Экалагічнасць не з’яўляецца для іх мэтай.

– Якія яшчэ важныя праблемы звязаныя з экалагічным бокам будаўніцтва ў нашай краіне?

– Вельмі важная праблема – смецце пасля будаўніцтва. Мала хто выконвае патрабаванні па яго правільнай утылізацыі і перапрацоўцы.

У прынцыпе ўсё гэта звязана з галоўнай праблемай – адсутнасцю экалагічнай культуры ў людзей. І яна датычыцца не толькі галіны будаўніцтва, але і шматлікіх іншых. Напрыклад, на Захадзе ва ўсіх офісах капіявальная тэхніка знаходзіцца ў асобным памяшканні, бо шкодны пыл з тонеру лётае ў паветры. А ў нас ксераксы стаяць у цэнтры памяшкання і вакол іх сядзяць людзі, якія ўвесь час дыхаюць гэтай фарбай. І калі ім пра гэта кажаш, яны адказваюць, што асобнае памяшканне – гэта вельмі дорага. Вось і паказнік культуры ды іерархіі асабістых каштоўнасцяў.

Альбо яшчэ адзін нярэдкі выпадак – жонка цяжарная і муж вырашае зрабіць рамонт у дзіцячым пакоі, і кладзе там новы лінолеум. І тут жа туды селяць дзіцё. У пакоі стаіць пах пластыку, а людзі нават не задумваюцца, што гэта пах шкодных рэчываў, якія з гэтага лінолеуму выдзяляюцца. І якое выйсце, калі гэта ўжо зроблена? Пераехаць на некалькі месяцаў у іншую кватэру, калі ёсць магчымасць, ці ўвесь час праветрываць гэты пакой. Але гэтага баяцца, каб не прастудзіць малога. І ў выніку махнуўшы на ўсё рукой, жывуць і дыхаюць гэтым «водарам».

– Калі казаць пра матэрыялы для падлогі – лінолеум, ламінат і паркет, то выходзіць, што толькі апошні можна лічыць экалагічным?

– І тое адносна. Бо калі, напрыклад, паркет таўшчынёй 15 міліметраў, то з іх толькі 5 верхніх – драўляная дошка, а ніжні слой – клееная фанера. І з яе выдзяляецца той жа фармальдэгід, які вольна праходзіць праз драўляны слой і трапляе ў паветра. Таму і тут трэба разумець, што ідэалу няма. Ідэальны варыянт гэта падлога з натуральнага дрэва, пакрытая фарбай на воднай аснове.

– А што наконт тых жа вокнаў, пра экалагічнасць якіх ў сеціве шмат процілеглых артыкулаў?

– Па-першае, нашыя людзі нават не заўсёды ведаюць пра рэжым мікраправетрывання. А гэта дарэчы важны сродак палепшыць вентыляцыю памяшкання ў рэальных умовах нашых кватэраў.

Што тычыцца пытання шкоднасці пластыку, у тым ліку пластыкавых вокнаў, то тут ёсць такое правіла: вытворца заўсёды імкнецца прадаць сваю прадукцыю па максімальным кошце з мінімальным сабекоштам. Таму адразу магу сказаць, што ўсё самае таннае на рынку – шкоднае. Выключэннем могуць быць нейкія спецыфічныя матэрыялы, набытыя не на агульным рынку. Напрыклад вы набудзеце дошкі на пілараме ў вёсцы. Яны могуць быць танней, чым у краме, а па якасці не горшыя. Але гэта асобныя выпадкі. Што тычыцца прамысловай вытворчасці, асабліва хімічнай, то тут кошт – значны паказнік. Канешне і узровень «мідл» і нават «прэміум» не заўсёды даюць гарантыю якасці і бяспекі, тут таксама не лішнім будзе кансультацыя спецыялістаў.

– І яшчэ адна вялікая група матэрыялаў: фарбы, лакі і тынкоўкі. Ці ёсць сярод іх экалагічныя?

– Так, ёсць. Гэта прадукцыя на воднай аснове. Такія фарбы вырабляюць і ў Беларусі, кампанія «ЮнібудКалор». Дарэчы гэтую вытворчасць раней нават дзяржава падтрымлівала, давала нейкія зніжкі на выплату экалагічных збораў. Не ведаю як зараз. Такія фарбы на Захадзе ўжо нават для афарбоўкі аўтамабіляў выкарыстоўваюць.

Праўда трэба разумець, што большасць хімічнай прадукцыі, не толькі бадўнічых матэрыялаў, у свеце вырабляюць некалькі буйных канцэрнаў. І ўсе астатнія кампаніі, якіх вельмі шмат, проста набываюць у іх кампаненты і штосьці змешваюць, нярэдка па рэцэптах гэтых самых канцэрнаў. У такіх умовах уздзейнічаць на гэтыя канцэрны можа толькі дзяржава і тое на узроўні міжнародных пагадненняў. Інакш ніяк не зрабіць іх прадукцыю больш экалагічный.

– У такім разе атрымліваецца, што калі на матэрыялах пішуць, што яны экалагічныя, то гэта не больш за рэкламны ход?

– Адсоткаў на 50 – так. А яшчэ на 50 – трэба разбірацца ў кожным канкрэтным выпадку. Бо ёсць штосьці, што можна назваць экалагічным, а штосьці, што мае такі надпіс толькі ў рэкламных мэтах.

– Калі казаць пра будаўніцтва прыватнага дому, ці можна яго зрабіць цалкам экалагічным? Напрыклад пры ўмове будаўніцтва з дрэва?

– Так, канешне, дрэва застаецца самым экалагічным матэрыялам. І гэта частковае выйсце, але толькі частковае, бо застаецца пытанне ўнутраннага аздаблення. І зноў жа выходзіць, што адзіны цалкам экалагічны матэрыял для гэтага – дрэва. Тут трэба разумець, што ў сучасных умовах выкарыстоўваць толькі экалагічныя матэрыялы вельмі складана. Калі вы хочаце пабудаваць хатку лесніка ці шалаш, то без праблемаў. Але калі гаворка ідзе пра камфортны і сучасны дом, то тут прыйдзецца ісці на нейкія кампрамісы. У гэтай справе важна не падманваць самога сябе.

– Ёсць экалагічныя праекты дамоў са спрасаванай саломы. Ці можна такі будынак лічыць паўнавартасным жылым домам?

– Можна, калі ён будзе пабудаваны прафесійна з улікам усіх тэхналагічных патрабаванняў. Бо размова пра самі матэрыялы – гэта адно. А другое – гэта пытанне тэхналогіяў будаўніцтва і чаканага выніку. Бо можна пабудаваць дом, які будзе аднолькава прывабны як для яго ўладальнікаў, так і для мышэй ці паразітаў. Ці дом будзе з экалагічных матэрыялаў, ды на неўстойлівым фундаменце, з дрэнным дахам і г.д. Як бы дом экалагічны, толькі жыць там складана і праіснуе такая пабудова нядоўга. Таму заўсёды трэба улічваць усе нюансы і імкнуцца да максімальнай экалагічнасці, але ў рэальных умовах.

– Што б Вы параілі людзям, якія хочуць будавацца ці праводзіць рамонт максімальна экалагічна. Як ім да гэтага падыйсці?

– Першая парада – не верыць рэкламе. Другая – памятаць пра правіла, што найбольш таннае – заўсёды неэкалагічнае. Трэцяя – кансультавацца з вузкімі спецыялістамі. І калі мэта – экалагічнасць, то менавіта з эколагамі. Чацвёртая – знаходзіць будаўнікоў па парадах, то бок ад тых людзей, якія з імі ўжо працавалі. І пятая парада – самому станавіцца будаўніком. Гэта непазбежна, бо трэба разбірацца ў будаўніцтве, каб разумець што і як павінна быць зроблена. Канешне, ідэальна калі вы знаходзіцеся ў суполцы прфесіяналаў, якой цалкам давяраеце, і смела можаце рабіць усё, што яны кажуць. Але дзе такія суполкі? Таму неабходна і самому разбірацца, нават кансультуючыся са спецыялістамі.

– Папулярныя тэндэнцыі рамонту з пластыкавымі і гіпсакартонавымі столямі цалкам неэкалагічныя. Выходзіць, што ад іх проста трэба адмаўляцца, не шукаючы замену?

– Канешне. Там дзе можна замяніць дрэвам – добра. Дзе не, трэба адмаўляцца ад пластыку. Наогул гэта часцей за ўсё паказуха. І ніякага сэнсу, ні функцыянальнага, ні якога-небудзь яшчэ ў ёй няма. Напрыклад, балконы пакрываюць пластыкавымі панэлямі. Але калі гэта балкон на сонечным баку, то вы ўвесь час будзеце дыхаць шкоднымі выдзяленнямі пластыку, а праз пару год ён наогул пачне каробіцца. Лепей пафарбуйце такі балкон і атрымаецца прасцей і экалагічней.

– Наколькі імкненне да экалагічнасці падымае кошт будоўлі?

– Не вельмі. Бо пры такім памкненні ў вас звужаеццца выбар матэрыялаў, і тое, што з іх можна зрабіць таксама зводзіцца да невялікага пераліку варыянтаў. У выніку чалавек абірае просты, але прадуманы рамонт ці праект пабудовы. І дзякуючы гэтаму кошт атрымліваецца не нашмат даражэйшы, калі наогул даражэйшы, чым нешта складанае, што робіцца дзеля паказухі.

Ёсць такі выраз: «культурны чалавек шмат месца не займае». Тое ж можна сказаць і пра экалагічнага чалавека. Я лічу, што гэта разумныя людзі, якія імкнуцца да развіцця і думаюць пра сваё жыццё. Таму ім не патрэбныя вялізныя машыны, вялізныя дамы, безліч рэчаў. Напрыклад, розных лабутэнаў за пяцьсот даляраў. Калі ў цябе ёсць некалькі пар абутку на 200 даляраў, навошта табе яшчэ і лабутэны за пяцьсот? Толькі дзеля паказухі.

Тое самае і з домам. Немагчыма пабудаваць палац са спрэсаванай саломы, а вось экалагічны дом – магчыма. Таму экалагічны дом будзе невялікі, затое дэтальна прадуманы і функцыянальны.

Для таго, каб людзі пачалі гэта разумець трэба выкарыстоўваць моц лозунгаў. Рэкламаваць экалагічныя ідэі на ўзроўні лозунгаў, ідэй, брэндаў.

– Чаго не хапае беларускаму будаўнічаму рынку ў параўнанні з еўрапейскім, калі глядзець з боку экалогіі?

– Не хапае попыту на экалагічнасць. Не будуць людзі набываць экалагічныя матэрыялы, калі яны не разумеюць навошта гэта трэба. А значыць не будуць іх і прадаваць. Попыт параджае прапанову, і ніяк інакш.

– І напрыканцы актуальнае для многіх людзей пытанне: як зрабіць кватэру ці дом цёплымі і энергазберагальным?

– Гэта пытанне глабальнае і адказаць на яго ў фармаце інтэрв’ю можна толькі тэзісна. Не існуе нейкага адзінага для ўсіх рэцэпту. Тут шмат чаго залежыць ад індывідуальных параметраў пабудовы. Напрыклад для прыватнага дома існуе шэраг розных тэхналогій – гэта і звычайнае уцяпленне сценаў і даху з дапамогай мінеральнай ваты ці полістыролу (зноў жа без такіх матэрыялаў менавіта ў гэтай справе не абыйсціся), і больш складаныя сістэмы – ад спецыяльных установак нагрэву вады да сонечных батарэй і ветраных электрагенератараў.

Калі казаць пра больш танныя інавацыі, то гэта, безумоўна, кампутарная сістэма кантролю за ацяпленнем. У шматлікіх еўрапейскіх дамах яна з’яўляецца стандартам. Дзякуючы гэтай сістэме тэмпературны рэжым запраграмаваны пад патрэбы гаспадара. Напрыклад, калі ён кладзецца спаць у адзін і той жа час, і ноччу яму не трэба награваць дом так моцна, як днём, то гэтая сістэма паніжае тэмпературу да неабходнага узроўню ў патрэбны час, а ранкам, яшчэ да таго як жыхары дома прачнуліся, падвышае яе. У выніку вы прачынаецеся ў цёплым доме, але ў начны час эканоміце энергію. Акрамя гэтага існуюць і акумулятары Tesla, якія назапашваюць энергію ноччу, калі яна менш каштуе, і потым днём вы можаце выкарыстоўваць гэты запас. Ёсць нават сілкаванні для тэлефонаў, якія працуюць ад маленькага фотаэлемнта, размешчанага на шыбе. Мабыць вы не так шмат энергія зэканоміце дзякуючы гэтай прыладзе, але гэта таксама паказнік экалагічнага мыслення, і калі вы карыстаецеся шэрагам такіх маленькіх прылад, агульная эканомія можа быць ужо даволі адчувальнай.

Трэба сказаць, што сама канструкцыя дамоў і традыцыі іх аздаблення таксама з’яўляюцца фактарам, які ўплывае на выбар тэхналогіі ацяплення, а значыць і зберажэння энергіі. Напрыклад у Італіі, дзе традыцыйна падлога ў доме з большага пакрытая пліткай, у тым ліку гранітнай, уся сістэма ацяплення можа знаходзіцца пад падлогай. То бок там робяць цёплую падлогу і радыятары ў сценах ім наогул не патрэбныя. У некаторых сітуацыях гэта насамрэч больш эканамічна. Але, канешне, для нашых умоваў гэта не так актуальна, бо у нас традыйна выкарыстоўваюць іншае пакрыццё для падлогі.

Калі ж казаць пра тыпавыя кватэры, то тут галоўны сродак уцяплення – вонкавае пакрыццё сценаў мінеральнай ватай. Дадаткова можна унутры кватэры за радыятарамi ацяплення абклеіць сцены тонкім слоем уцяпляльніка з фальгой. Калі за радыятарам знаходзіцца слой звычайнай фальгі, то страты цяпла скарачаюцца да 10 адсоткаў! Ну і канешне, галоўнай праблемай у такіх дамах застаецца неэфектыўная сістэма цэнтральнага ацяплення, з вялікімі стратамі цяпла на шляху да кватэр, і з адсутнасцю магчымасці жыхароў кожнай кватэры рэгуляваць узровень цяпла пад свае патрэбы.

Яшчэ як варыянт можна разглядаць інфрачырвоныя абагравальнікі. Яны патрабуюць адносна мала энергіі, але дазваляюць добра награваць даволі вялікія памяшканні. Пры гэтым яны абсалютна экалагічныя і не маюць шкоднага ўздзеяння на здароўе, бо не сушаць паветра і не чадзяць.

Гэта калі каротка тэзісна пра тэхналогіі ацяплення і зберажэння энергіі казаць, але, паўтаруся, у кожным канкрэтным выпадку трэба падбіраць аптымальны варыянт. Тым больш калі кіравацца экалагічнымі патрабаваннямі. Таму шукайце інфармацыю, кансультуйцеся са спецыялістамі і рабіце свае дамы і сваё жыццё больш экалагічным.

Дамы, у ацяпленні і аздабленні фасадаў якіх прымаў удзел «ТэрмаДэкор»: 

Автор:
Фотограф:
facebook.com, defconc.ru, vashgruzchik.by, venta-holding.ru, myhome.ru, progorod59.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость