16.03.2016 / 19:03

Арганізацыйны камітэт акцыі «Зробім!» распачаў інфармацыйную кампанію напярэдадні першай у гэтым годзе глабальнай беларускай уборкі, якая павінна прайсці 9 красавіка 2016 года. Вечарам, 14 сакавіка, у мінскім «Beetle Juice Caffe» прайшоў кінапрагляд дакументальнага фільма «Звалка» з абмеркаваннем смеццевай праблемы.

Утульная атмасфера кафэ дазволіла сабраць ля 20 чалавек, якія вырашылі правесці свой вечар разам з арганізатарамі ўборак несанкцыянаваных звалак у Беларусі ў рамках міжнароднага руху «Let's do it!».

Гледачам прапанавалі прагледзіць дакументальны фільм «Звалка». Стужка была знята яшчэ ў 2010 годзе і распавядае пра адзін з самых буйных сметнікаў у свеце, які знаходзіцца на ўскрайку бразільскага горада Рыа-дэ-Жанэйра. А таксама пра людзей, што звязалі сваё жыццё з гэтым месцам.

Цэнтральным героем фільма з'яўляецца мастак Вік Муніс. Калісьці ён таксама пачынаў з таго, што займаўся зборам другаснай сыравіны на звалцы. Але лёс падарыў яму шанс пераехаць у Злучаныя Штаты і там распачаць творчую кар'еру, якая неад'емна звязана са смеццем. З адходаў Вік стварае свае карціны, партрэты рэальных людзей, што стала новым актуальным накірункам у выяўленчым мастацтве.

Невыпадкова, што і праект, які ён задумаў рэалізаваць на звалцы Жардзім-Грамашо, таксама спалучаў у сабе звыклыя для мастака «інструменты» — вобразы і адходы. Праз праект Вік стараўся не толькі засяродзіць увагу на праблеме звалак, але ў першую чаргу дапамагчы рэальным жывым людзям дабіцца сваіх мар, выйсці з ценю смецця.

Для Беларусі праблема звалак і збору другасных рэсурсаў з'яўляецца ня менш актуальнай. І калі з буйнымі сметнікамі і сістэмай збору яшчэ працуе дзяржава, то са стыхійнымі, што ўзнікаюць у лясах вакол вёсак і гарадоў, на берагах рэк і азёр, а таксама ў месцах масавага адпачынку, змагацца пакуль складана. Бо залежыць гэта ў першую чаргу ад свядомасці і культуры людзей.

Пачынаючы з 2012 года, шэраг грамадскіх і экалагічных арганізацый і ўстаноў вырашылі далучыцца да міжнароднага руху «Let's do it!», каб не толькі паўплываць на сітуацыю з несанкцыянаванымі звалкамі, але і прыцягнуць увагу людзей да гэтай праблемы. У мінулым годзе намаганнямі актывістаў і валанцёраў па ўсёй краіне было сабрана больш 100 тон смецця. Прычым колькасць зарэгістраваных удзельнікаў не прывышала 1500 чалавек.

У гэтым годзе арганізацыйны камітэт акцыі «Зробім!» спрадзяецца прывабіць да ўборак новых удзельнікаў і ахапіць як мага большую колькасць месцаў. Таму зацікаўленасць гледачоў кінапрагляду асабліва парадавала іх:

«З усіх прысутных людзей 11 запісаліся ў валанцёры акцыі. Гэта вельмі здорава і я лічу добрым паказчыкам. Няхай пасля не кожны з іх прыме непасрэдны ўдзел у прыборцы, але калі нават яны распавядуць пра «Зробім!» свайму кругу знаёмых і сяброў ці падкажуць нам месца, дзе неабходна правесці ўборку. Гэта ўжо стане добрым укладам у агульную справу, — зазначае Ганна Дапшэвічуце, член арганізацыйнага камітэту і event-менеджэр Таварыства «Зялёная сетка». — Увогуле мы рады любой дапамозе, нам заўсёды патрэбныя дызайнеры, мясцовыя каардынатары і проста актыўныя людзі».

Автор:
Фотограф:
Дзяніс Зеленко
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость