Пасля таго, як растаў снег і сонейка крыху прагрэла зямлю, наступствы захоўвання так званых супрацьгалалёдных рэагентаў сталі асабліва заўважнымі. Камунальнікі горада захоўвалі пашчана-солевыя сумесі ў драўляных скрынях, альбо наўпрост у кучах непасрэдна на газонах, паміж дрэвамі альбо кустамі.
Вада ад снегу, які сёлета раставаў вельмі хутка, размывала тэхнічную соль, а тая актыўна ўсмоктвалася ў глебу. Пасля высыхання глебы на яе паверхні засталіся белыя засоленыя плямы, якія і прыцягнулі ўвагу грамадскіх эколагаў.
Сумесь пяска і тэхнічнай солі NaCl, як сведчаць экалагічныя даследаванні, не такая бяскрыўдная рэч. Той стан залёных насаджэнняў, які можна бачыць улетку, калі ўжо ў чэрвені раптам жаўцее лісце на цэлых алеях каштанаў, ліпаў ды іншых дрэваў выкліканы менавіта зімовай і вясновай неахайнасцю камунальнікаў. Натрый, што вымываецца расталымі водамі і накопліваецца ў глебе, лёгка ўсмоктваецца ў капіляры раслінаў, але там ён перашкаджае паглынанню вільгаці. Наступае так званая фізіялагічая засуха.
Кусты і дрэвы ў такім выпадку могуць нават загінуць.
Многія заўважалі наступствы шпацыраў на пасыпаных рэагентамі ходніках для свайго скуранога абутку. Скура чаравікаў і ботаў пасля кантакту з солямі робіцца крохкай і пачынае прапускаць ваду. Нескладана ўявіць, што адбываецца з лапамі хатніх і валацужных жывёлаў, якія жывуць у гарадах ды мусяць бегаць па гэтай солі.
Ну і сама глеба на газонах, дзе ўзімку стаяць скрыні з пяшчана-солевымі сумясямі, улетку нагадвае мёртвыя выспы: яна ўшчыльняецца, гіне травяністая расліннасць, карысныя чарвякі, насякомыя, мікраарганізмы.
Прааналізаваўшы магчымая наступствы такіх адносінаў да прыроды, кіраўнік мазырскага «Зялёнага дазора» Павел Наздра звярнуўся з лістом да кіраўніцтва мясцовага камунальнага прадпрыемства «Мазырскі райжылкамгас». Ён патрабуе распрацаваць да наступнага зімовага сезона дакладныя месцы размяшчэння ёмістасцяў з пяшчана-солевымі сумесямі. Прычым, для гэтага не павінны выкарыстоўвацца зялёныя зоны. Калі ж скрыня з соллю размяшчаецца на адкрытым грунце, то яна павінна быць усталяваная на паддон з бартамі, абабіты аркушавым жалезам, каб папярэдзіць высыпанне ПСС на грунт і вымыванне яе ў глебу расталымі водамі альбо дажджамі.
Пакуль актывіст не атрымаў адказу ад камунальнай службы, але спадзяецца, што падобнае атручванне асяроддзя ў Мазыры і яго наваколлі наступнаю зімою спыніцца.