Пікет праціўнікаў акумулятарнага заводу, архіўнае фота Svaboda.org
Камісія па ўводу ў эксплуатацыю акумулятарнага завода пад Брэстам завяршыла працу. Прадпрыемства атрымала поўны пакет дакументаў, якія пацвярджаюць адпаведнасць патрабаванням экалагічнай бяспекі і надзейнасці. Пра гэта паведаміў «Акумулятарны Альянс».
Пуска-наладачныя працы на заводзе стартавалі ў пачатку кастрычніка мінулага года, нагадвае Tut.by. Спецыялісты правялі індывідуальныя і комплексныя выпрабаванні тэхналагічнага абсталявання і інжынерных сетак.
«Вынікі вымярэнняў паказалі адпаведнасць фактычных канцэнтрацый выкідаў, са шматразовым запасам, вызначаных нарматывам дапушчальных выкідаў — асабліва па свінцу і яго злучэннях, а таксама сернай кіслаце», — паведамілі на прадпрыемстве.
Акрамя таго, работнікі абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі правялі лабараторныя выпрабаванні хімічных фактараў вытворчага асяроддзя на працоўных месцах. Падцверджана поўная адпаведнасць умоваў для персаналу.
Летась Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з праціўнікамі акумулятарнага заводу паабяцаў, што лёс вытворчасці вырашыць мясцовы рэферэндум. Апошні раз мясцовыя жыхары кантактавалі з намеснікам старшыні аблвыканкаму Генадзем Барысюком летась у кастрычніку. Ён пацвердзіў, што ўлада «не адмаўляецца ад сваіх абавязанняў».
Праваабаронца Раман Кісляк паведаміў парталу, што ў гэтым напрамку ідзе адпаведная праца.
«Маем намер сабраць як мага больш чальцоў у ініцыятыўную групу і падаць дакументы на рэгістрацыю ў гарвыканкам. Наша прапанова — правесці мясцовы рэферэндум на тэрыторыі Брэста і Тэльмінскага сельсавету, дзе размяшчаецца прадпрыемства. Пытанне прапануем такое: „Ці згодныя вы на эксплуатацыю ў непасрэднай блізасці да горада заводу свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй?“. На днях павінны атрымаць адказ ад сельвыканкаму аб рэгістрацыі групы».
Будаўніцтва акумулятарнага заводу выклікала хвалю незадаволенасці ў жыхароў Брэста і навакольных вёсак. Людзі лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.
14 чэрвеня 2019 году старшыня аблвыканкаму Анатоль Ліс распарадзіўся прыпыніць будаўніцтва заводу «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў».
ТАА «АйПаўэр» было выведзена з-пад кантролю Групы кампаній 1AK-GROUP і ў выніку завод атрымаў назву «Акумулятарны Альянс». Цяпер 85% кампаніі належаць бізнэсмэну Сяргею Кагановічу, 15% — хакейнаму функцыянеру Дзьмітрыю Баскаву.
У канцы верасня распараджэнне кіраўніка аблвыканкаму аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага заводу страціла сілу.