16.07.2026 / 14:07

Беларускі эксперыментальны музыка і даследчык Антон Анішчанка 17 ліпеня 2026 года прэзентуе новы рэліз "Hłybokaje / Čarbamysła" – альбом імерсіўных палявых запісаў, створаны ў дзікіх лясах і на балотах на самай поўначы Беларусі.

 merch Hłybokaje / Čerbamysła
Лімітаванае выданне "Hłybokaje / Čarbamysła" – артбук і касэта. Фота: Bandcamp

 

Праект запісваўся ў сярэдзіне чэрвеня 2023 года на тэрыторыі гідралагічнага заказніка "Глыбокае – Вялікае Астравіта" ў Полацкім раёне і паблізу возера Чарбамысла, паведамляе REFORM.news. Гэтая тэрыторыя геаграфічна адносіцца да зоны паўднёвай тайгі з глухімі хваёвымі лясамі, верхавымі балотамі і чыстымі азёрамі глацыяльнага паходжання.

Аўтар правёў у заказніку два дні і ноч падчас гнездавання птушак, каб зафіксаваць унікальны прыродны гукавы ландшафт.

У склад альбома ўвайшлі 8 трэкаў, дзе прадстаўлены галасы больш як 30 відаў птушак – ад звычайных зязюль да рэдкіх чорнаваллёвых гагар, – а таксама шум балот, ручаёў, азёрных хваляў, гукі насякомых і жаб. Дакладна ідэнтыфікаваць усе птушыныя спевы музыцы дапамагаў арнітолаг Віталь Кашчэеў.

Акрамя лічбавага рэлізу на Bandcamp, праект атрымае асобнае фізічнае ўвасабленне. Калекцыйнае выданне складаецца з вінтажнай касэты і зшытага ўручную арт-бука з чорна-белымі аналагавымі фотаздымкамі таёжных краявідаў, тэкстамі і дакладнымі GPS-каардынатамі месцаў запісу. Кніга надрукаваная на напаўпразрыстай японскай паперы Kozo, а ўвесь камплект змешчаны ў канверт з беларускага саматканага ільну.

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость