Каб доўга не ламаць галаву і не выдумляць маршруты для нашых удзельнікаў, было вырашана звярнуцца да сёлетняга даследавання пасажырапатоку ў Мінску, згодна з якім самым насычаным і людным з'яўляецца накірунак «Каменная горка» – «Плошча Якуба Коласа».
Такім чынам загадзя сустракаемся з героямі ў раёне Камароўскага рынку, даем кароткі інструктаж, тлумачым правілы эксперыменту, канчатковы пункт сустрэчы і паехалі!
Ля гандлёвага цэнтру па вуліцы Каменагорская чакаем нашых герояў і паралельна мяркуем хто з іх і чаму будзе першым, улічваючы, што спецыяльна для імправізаванай «спрэчкі» час быў выбраны ў гадзіну пік пятніцы.
Аднак, праз 34 хвіліны ад пачатку эксперымента на паркоўку паміж пусткамі і жылымі дамамі прыбывае адзін з удзельнікаў – Павел і літаральна праз хвіліну туды ж «прылятае» на веласіпедзе Дмітрый. Пакуль чакаем трэцяга ўдзельніка, дзелімся сваімі ўражаннямі і эмоцыямі.
«Калі я выязджаў з Камароўкі і бачыў гэтыя заторы на дарозе – ўсе стаяць, а я еду, то быў упэўнены, што буду першым. Аднак, як толькі наблізіўся да спальных раёнаў і пабачыў амаль свабодныя дарогі і ў той жа момант адсутнасць нармальных тратуараў, адны калдобіны і пераходы, то тут канешне энтузіязму ў мяне паменшыла, – расказвае Дмітрый. – Калі ведаць дарогі і харошыя месцы, то праз паркі можна праехаць, атрымаць задавальненне.
Таксама ў дарозе мяне прыемна здзівіў адзін кіроўца, нягледзячы на тое, што я не спешыўся на пераходзе, ён ветліва мяне прапусціў».
«А вось мне падавалася, што першым будзе пешаход, які карыстаецца грамадскім транспартам, але па выніку мы ўсе разам яго чакаем», – смяецца Павел.
Паспелі мы закрануць і дарожныя праблемы, якія зразумела ў кожнага свае.
«У новых мікрараёнах, дзе пакуль няма нармальнай інфраструктуры, можна сутыкнуцца з тым, што ты едзеш-едзеш і раптоўна тратуар пераходзіць у вузкую вытаптаную сцяжынку. Веласіпедыст там праедзе, а вось мамам з каляскамі не пазайздросціш, – мяркуе Дмітрый. – А ўвогуле, што тычыцца непасрэдна веларуху, то галоўнае, каб як мага менш людзей хадзілі па веладарожках, а лепш, каб зусім іх там не было».
«На праезных частках было б добра, каб часцей аднаўлялася разметка. Бо ў некаторых месцах яе папросту няма і ты губляешся, на цябе глядзяць кіроўцы зправа і злева, неразумеючы, што ты робіш... Непрыемныя і аварыйнанебяспечныя бываюць сітуацыі. Але асаблівым галаўным болем, думаю, для кожнага кіроўцы з'яўляюцца веласіпедысты на дарогах. Праўда, я б максімальна стараўся прыбраць іх з праезнай часткі, бо гэта вельмі небяспечна», – тлумачыць Павел.
У агульным праз 50 хвілін на прыпынаку грамадскага транспарту з'яўляецца Леанід, для якога эксперымент быў, бадай што, самым псіхатраўматычным:
«Я адчуваю сябе пасля грамадскага транспарту згвалтаваным. Неверагодная колькасць людзей у метро, проста неверагодная, асабліва на станцыі «Плошча Якуба Коласа», бо я ледзь зайшоў у вагон і на «Плошчы Перамога». Пасля чаго мне стала абсалютна ўсё роўна якім я буду на фінішы, – абураецца ён. – І калі ты едзеш з адной перасадкай, то гэта ў прынцыпе не дрэна, а вось з большай колькасцю... цяжка сказаць наколькі гэта выносна для людзей».
Нягледзячы на вынік эксперыменту Зялёны партал нагадвае, што 22 верасня Беларусь далучаецца да Сусветнага дня без аўтамабіля, калі кожны з нас можа ахвяраваць сваім камфортам і на дзень пакінуць аўто дома, тым самым зрабіўшы невялікі ўнёсак у экалогію свайго горада і планеты ў цэлым праз скарачэнне колькасці выхлапных газаў.
Далучайцеся да акцыі, дайце гораду ўздыхнуць!