Нечакана пачаліся перасадкі дрэваў там, дзе мусіла быць рэкрэацыйная зона. Што насамрэч адбываецца? Зялёнаму парталу распавёў Станіслаў Таспаеў, каардынатар ініцыятывы "Зялёны Дазор" па Мядзельскім раёне.
З каранёў “страсаецца глеба і дрэвы папросту закідваюць у кузаў”
Зараз праводзяцца работы па перасадцы дрэваў, сцвярджае Станістаў Таспаеў:
"Выкопванне сосен, дыяметр ствала якіх складае прыблізна 10 сантыметраў, ажыццяўляюць звычайным пагрузчыкам. Пры гэтым наносіцца шкода карнявой сістэме. Да ўсяго страсаецца глеба і дрэвы папросту закідваюць у кузаў. Затым іх вывозяць на гарадскі пляж, дзе высаджваюць у тарфянік".
Згодна з таксацыйным планам, у межы правядзення работ патрапляе 946 дрэваў. Планам прадугледжана захаваць 51 дрэва, 891 — перасадзіць і 4 — выдаліць. Кампенсацыйныя пасадкі за выдаляемыя аб'екты расліннага свету складуць 6 маруднарастучыя дрэвы.
Таксама Таспаеў падкрэслівае: прадпрыемства, якое ажыццяўляе правядзенне работ, ДУП "Мядзельскі ПМС", збіраецца спілоўваць палову дрэваў, спасылаючыся на тое, што яны хворыя.
Пры ўсім, сцвярджае актывіст, ні спецыяльнай кваліфікацыі, ні актаў прыёмкі-здачы дрэваў, ні ўласна заключэння па стане аб'ектаў расліннага света выканаўцы не маюць. Да таго ж на месцы прац ніхто не праводзіў даследавання на наяўнасць чырвонакніжных відаў, кажа Станіслаў.
Людзям казалі, што гэта рэкрэацыйная зона
"Некалькі год таму чыноўнікі ўпэўнівалі мясцовых жыхароў, што гэты ўчастак адносіцца да рэкрэацыйнай зоны. Упэўнівалі ў вуснай форме. Відавочна, цягнулі час", — кажа актывіст.
Але апынулася, што згодна з генпланам тут павінна з'явіцца 22 участкі пад сядзібную забудову і інжынерна-транспартную інфраструктуру. Пры гэтым тэрыторыя ўваходзіць у водаахоўную зону возера Мястра і возера Рудакова ды знаходзіцца ў межах Нацыянальнага парка "Нарачанскі", кажа Станіслаў.
Хаця, падкрэслівае ён, згодна з дадзенымі на сайце мясцовага райвыканкаму, у горадзе і раёне і так дастаткова ўчасткаў, свабодных для забудовы: 35 і 751 адпаведна.
Генплан засакрэчаны, а пратакол абмеркаванняў згубіўся
Рашэнне па выдзяленні тэрыторыі пад сядзібную забудову зафіксавана ў горадабудаўнічым праекце "Генеральны план" Мядзела. Станіслаў рабіў спробы азнаёміцца з генпланам горада Мядзел. Але яму адмовілі, спаслаўшыся, што дакумент мае грыф "Для службовага карыстання", і актывіст плануе звярнуцца з гэтай жа просьбай пісьмова.
Абмеркаванні мінулага генплана мусілі праходзіць у 2012 годзе. Вось толькі мясцовыя абураюцца, што чуць не чулі пра абмеркаванні і ўдзелу не прымалі, а пра забудову даведаліся ў момант, калі рабочыя пачалі працы.
Жыхары папрасілі ў начальніка "УКБ Мядзельскага раёна" і намесніка начальніка аддзела архітэктуры прадаставіць ім копію пратакол абмеркаванняў, а таксама прыклад размяшчэння аб'явы аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў ў мясцовай газеце. Чыноўнікі зрабіць гэтага не змаглі.
Па словах актывіста, у любым разе з моманту распрацоўкі праекта прайшло ледзьве не дзевяць год, генплан патрабуе карэктыроўкі і новай экспертызы. З гэтай нагоды жыхары патрабуюць правядзення паўторных грамадскіх абмеркаванняў дакумента. Але ўлады на адрэз адмаўляюцца ісці на супрацу з людзьмі, зазначае Станіслаў.
Актывісты звярнуліся ў міліцыю і ды патрабавалі прыпыніць работы на час разбіральніцтваў. Вусна звярнуліся і ў пракуратуру, дзе адказалі, што іх інфармацыю прымуць да ўвагі. Аднак гэта ніякім чынам не паўплывала — ДУП "Мядзельскі ПМС" працягнуў весці работы. Таму актывіст намераны звяртацца ў райвыканкам і пісьмова – да генеральнага пракурора.
Яшчэ раней Станіслаў звяртаўся ў аблвыканкам са зваротам, аднак дзяржорган перанакіраваў яго ў Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў. Камітэт прызнаў парушэнні пры выдаленні: маўляў, гэтыя работы праводзіліся незаконна, віноўныя павінны быць пакараны штрафам, сродкі з якога паступяць у дзяржаўны бюджэт.
Замест новага праекта – новую каналізацыю
Каля пляцоўкі, дзе зараз ідзе перасадка і высечка, паводле праекту плануюць вадапровад і ліўнёўку на новых участках, аднак ні слова пра цэнтральную каналізацыю. Гэта азначае, што ў новай забудове захаваецца старая праблема горада, зазначае Станіслаў Таспаеў.
"Каналізацыя горада састарэла. Некалькі год я фіксую пастаянныя яе прарывы ля раённай цэнтральнай бальніцы, што якраз знаходзіцца ў дадзеным мікрараёне. Да ўсяго [у сектары з прыватнай забудовай побач] цэнтральная каналізацыя адсутнічае. Мы звярталіся з просьбай зменшыць экалагічную нагрузку, пабудаваўшы каналізацыю да ўжо існуючых дамоў, перанакіраваць грошы з дадзенага праекта на гэтыя мэты. Але нам адмовілі", – кажа ён.
На думку актывіста, адвод сцёкаў для мікрараёна так, каб яны не траплялі ў навакольнае асяроддзе – гэта першасная неабходнасць.
Людзі бачаць у праекце парушэнне сваіх грамадзянскіх правоў
Жыхары мікрараёна выступаюць катэгарычна супраць высечак і перасадкі дрэваў, лічачы, што гэта прамое парушэння іх права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.
На думку Станіслава, зараз сітуацыя нагадвае падзеі ў мінскім скверы "Котаўка", аднак такога сцэнару для разварочвання падзей актывіст не хацеў бы.
Нацпарк маўчыць
Станіслаў Таспаеў чакаў, што нейкім чынам мусіць адрэагаваць Нацыянальны парк "Нарачанскі" – па словах актывіста, спецыялісты "Белгідразема" прапаноўвалі гэтую тэрыторыю пад унутранюю ахоўную зону нацпарка.
"Але нацпарк абстрагуецца і бездзейнічае", – кажа Станіслаў Таспаеў.
Юрыст: Для адмены праекта трэба пісаць у пракуратуру
Зялёны партал вырашыў удакладніць, як можна ацаніць сітуацыю з боку закона і наколькі мэтазгодныя некаторыя дзеянні дзяржаўных органаў.
– Ці можа быць генплан горада сакрэтнай інфармацыяй?
– Сітуацыя з адмовай прадаставіць грамадскасці генеральны план дастаткова тыповая для нашай краіны. Пасл зацвярджэння ўсе горадабудаўнічыя праекты (генеральны план, дэтальныя планы і г.д.) у Беларусі носяць грыф ДСК. Верагодна ў выканкама няма варыянту дакумента без слаёў з ДСК-інфармацыяй — схемамі газа-, водазабеспячэння, водаадвядзення, ліній сувязі і г.д., — падкрэслівае юрыст грамадскага аб'яднання "Экадом" Рыгор Фёдараў.
Дзеля таго, каб зрабіць варыянт без ДСК-інфармацыі патрэбны дадатковыя сродкі. Такая работа праводзіцца ў выключных выпадках. Напрыклад, для генплана горада Мінска, а з 2019 года яшчэ і ў дачыненні да планаў дэтальнага планавання на тэрыторыі сталіцы. У значнага ступені гэта заслуга грамадскасці, што інтэнсіўна скардзіцца на "сакрэтнасць" планаў развіцця гарадоў.
– Якім чынам можна дабіцца правядзення паўторных абмеркаванняў?
– Згодна з дзеючым заканадаўствам, паўторна грамадскія абмеркаванні ў галіне горадабудаўнічай дзейнасці праводзяцца, калі пракуратура ці іншы праваахоўны орган зафіксавалі парушэнне парадку правядзення грамадскага абмеркавання, — кажа ён.
– А куды варта звяртацца, калі хочацца дабіцца адказа ці адмены праекта?
– Адпаведна рэкамендую напісаць у пракуратуру і папрасіць праверыць на наяўнасць парушэнняў.
Гарадскі ляснічы: “Выжыве адно з трох дрэваў”
– Як правільна перасадзіць сасну, што ў дыяметры ствала каля 10 сантыметраў?
– Перасаджваць такія дрэвы можна, але цяжка. Дрэву будзе дрэнна, выжыве адно з трох, будзе доўга прыжывацца і марудна расці.
Крона ў такога дрэва ў дыяметры 1,5-2 метры, адпаведна такая ж і карнявая сістэма. Бяруць ком зямлі такога памеру і глыбінёй у метр, можна глыбока не капаць. Але гэта вельмі працаёмкі і дарагі працэс, — зазначае каардынатар кампаніі "Гарадскі Ляснічы" Ігар Корзун.
– А ці нармальна перасаджваць сосны ў тарфяную глебу?
– Вядома не. Паглядзіце, як выглядаюць сосны на тарфяніках, у кіслай глебе: яны растуць, але вельмі марудна.
Галоўнае пытанне, якім трэба задацца – якая кваліфікацыя ў людзей, што праводзяць работы. Бо гэта высокакваліфікаваная праца – па перасадцы і падрыхтоўцы карнявой сістэмы, лункі з неабходнай колькасцю дрэнажа, прысыпкі.
За такія работы трэба патрабаваць дакладнай фінансавай справаздачнасці: колькі грошаў бяруьц за перасадку аднаго такога дрэва і дзе гарантыі прыжываемасці? — падкрэсліў Ігар Корзун.