Летнік адбыўся ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Будаўнічыя матэрыялы для плацін прафінансавала Coca-Cola HBC Belarus, партнёр валанцёрскіх летнікаў па аднаўленні Ельні з 2007 года.
— Нас было 15-20 чалавек кожны дзень, — расказвае Віталіна Лабанава, спецыялістка АПБ па прыродаахоўных пытаннях. — Надвор’е ўвесь час было выдатнае, толькі адзін дзень быў дождж. У 9-10 гадзін раніцы мы выходзілі працаваць, заканчвалі ў 17-20 гадзін вечара. Сабралася вельмі добрая кампанія, мы цудоўна папрацавалі і пасябравалі, збіраемся сустрэцца зноў.
Плаціны на Ельні моцныя і ўжо прынеслі першую перамогу: каля адной з іх канал поўнасцю пачаў зацягвацца сфагнавым імхом. Гэта знак, што балота аднаўляецца. Гэтая плаціна была пабудавана ў 2007 годзе на першым валанцёрскім летніку АПБ на гэтым балоце. Цяпер новая змена валанцёраў падрамантавала яе, каб яна працягвала добра выконваць сваю функцыю. Усяго ж падчас летніка пачынілі 12 плацін.
— Наша плённая праца ў мінулым годзе аказалася вельмі добрая, — кажа Мікалай Чэркас, кіраўнік валанцёрскага летніка. — Дзякуючы плацінам, якія мы пабудавалі, працэс мохаўтварэння аказаўся вельмі добры, а пажар у жніўні быў не такі глыбокі. Дзве плаціны мы аднавілі поўнасцю – зрабілі ім капітальны рамонт. Я спадзяюся, што некалькі гадоў мы зможам толькі назіраць за імі і яны не будуць парушаныя. На мяне зрабіла цяжкае ўражанне, што плаціну, якую мы пабудавалі летась, людзі разбурылі і нам зноў яе давялося рамантаваць. Мы ж робім усё гэта для людзей, і збіральнікі ягад павінны помніць, што калі не будзе на Ельні вады, то не будзе і журавін. Добра відаць, што там, дзе ёсць вада, ягад больш за ўсё.
У летніку ўдзельнічалі і мясцовыя жыхары, і ўдзельнікі мінулых летнікаў, і тыя, для каго ўдзел у валанцёрскім летніку або візіт на балота быў першым.
— Пад канец дня была стомленасць, але настолькі прыемная, што і не адчувалася, што гэта была праца, — падзялілася адчуваннямі Валерыя Шчупак. — Здавалася, ты стомлены проста ад уражанняў, ад любові да прыроды. У адзін вечар ездзілі глядзець на шэрых жураўлёў – іх было так шмат, ляцяць і ляцяць! Быў адзін вечар, калі было вельмі многа зорак, Млечны шлях — я ў Беларусі яшчэ такога прыгожага неба не бачыла. А яшчэ я ўпершыню адчула пах багуна.
Андрэй Рашчупкін, першы намеснік генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія», таксама паўдзельнічаў у летніку са сваімі калегамі:
— Я валанцёру на Ельні з 2007 года, калі мы падтрымалі валанцёрскі летнік па стварэнні першых плацін на гэтым балоце. Штогод шмат нашых супрацоўнікаў выязджае на Ельню, нават былых. Я лічу, што далучанасць да такой значнай справы, прычым не толькі ў межах рэспублікі, але і ўсяго свету, вельмі збліжае людзей, павышае іх самасвядомасць і самаацэнку. Валанцёрская праца – найлепшы цім-білдынг, эфектыўнейшы за любыя семінары і трэнінгі. Ельня – месца, якое пакідае ў душы вялікі пазітыўны след. Мы вельмі радыя, што ўбачылі вынікі нашай працы і што мелі магчымасць паразмаўляць з захавальнікамі Ельні. Дзякую гэтаму мы бачым, што праца валанцёраў знаходзіць разуменне і водгук у душы мясцовых жыхароў.
Цікава, што падчас валанцёрскага летніка запачаткавалася новая традыцыя. Валанцёры, якія летась хацелі паўдзельчаць у летніку, але не змаглі, прыехалі пасля на Ельню і пакінулі запіску-наказ валанцёрам гэтага года. Тыя падхапілі ініцыятыву і напісалі запіску ўжо валанцёрам 2021 года. Калі хочаце даведацца, што там напісана, запісвайцеся ў наступным годзе на летнік! За абвесткамі пра набор у валанцёрскія летнікі сачыце на сайце ptushki.org і ў сацсетках АПБ.