Зялёны партал завітаў на лекцыю ва двары Шпалернай і даведаўся шмат цікавостак пра традыцыі самакіравання беларускіх гарадоў і вёсак. Прапануем вам канспект лекцыі ад гісторыка Генадзя Сагановіча.
Існуе тры прыкметы для таго, каб згуртаванне людзей можна было лічыць лакальнай супольнасцю:
- агульная прастора
- лініі сувязі
- сацыяльнае ўзаемадзеянне для агульных мэт
Агульная прастора спрыяе таму, што людзі пачынаюць уяўляць сваю групу як нешта цэльнае, асобнае, а ўзаемадзеянне, асабістыя кантакты фарміруюць эмацыйную прывязанасць.
Успрыманне прасторы як сваёй – тое, што можна назваць лакальным патрыятызмам.
Як ўсё пачыналася
Самыя даўнія і распаўсюджаныя лакальныя супольнасці – парафіі, або царкоўныя прыходы. Там адна служба, адзін рытуал, таму і селянін, і шляхціч, і князь з’яўляліся ў пэўным сэнсе роўнымі.
Вёска – гэта простая лакальная супольнасць. Хоць там існавала пэўная іерархія, але сяляне жылі разам са шляхтай, духавенствам і іншымі, таму разам з’яўляліся асобным цэлым.
У часы ВКЛ павятовыя шляхецкія супольнасці мелі свой сойм і суд, то-бок самакіраваліся.
Адным з найбольш важных відаў лакальнай супольнасці быў горад.
У юрыдычным сэнсе горад – саюз свабодных людзей, якія жылі ва ўмацаваным паселішчы і мелі сваю юрысдыкцыю (суды), права на самакіраванне і права на прыватную ўласнасць.
Такія гарады ў Еўропе з’явіліся ў ХІІІ стагоддзі. Яны найбольш развілі свае формы ў нямецкіх землях, дзе з’явіўся цэлы шэраг узораў гарадскога права. Самае распаўсюджанае на беларускіх землях – магдэбургскае.
Праз такое права горад станавіўся абсалютна самастойнай юрыдычнай і адміністрацыйнай адзінкай. Гэта быў феномен еўрапейскай цывілізацыі. І ён стаў здабыткам культуры беларускіх земляў ужо ў ХІV стагоддзі.
Вільня атрымала Магдэбургскае права ў 1387 годзе, Брэст – у 1390, Мінск – у 1499.
Прывілей на Магдэбургскае права даваўся вялікім князем. У прыватных гарадах, якія належалі магнатам, прывілей давалі іх ўладальнікі, напрыклад, Радзівілы ці Сапегі.
У прывілеях, як правіла, было напісана: хочам, каб людзі нашы, там жывучы, праз урад добры і справядлівы былі размножаны і мелі дабро паспалітае. Для кіраўніцтва гэта была магчымасць стымуляваць развіццё гарадоў.
Пасля атрымання Магдэбургскага права ўсе ранейшыя сістэмы права адмяняліся. Ствараўся свой орган самакіравання. Фактычна гэта быў магістрат, які складаўся з рады і лавы. Усе раднікі і лаўнікі выбіраліся гараджанамі і былі ім падсправаздачныя.
З моманту атрымання Магдэбургскага права горад у юрыдычным і гаспадарчым плане станавіўся самастойным. Ён аддзяляўся ад зямлі. Воласць далей выконвала павіннасці на дзяржаву, на вялікага князя, а горад не. Ён цяпер меў абавязак выплачваць фіксаваны падатак. А як ён збіраў тую суму і зарабляў сабе на жыццё, вырашалі мясцовыя органы самакіравання (магістрат).
Гаспадарчае самакіраванне ператварала горад ў, як мы зараз кажам, у свабодную эканамічную зону. Ён меў свой суд і нормы права. Калі судзілі гараджан, велікакняжацкі суд мог выступаць толькі як апеляцыйная інстанцыя. І то па нормах Магдэбургскага права.
Гаспадарчая і асабістыя свабоды, фіксаваная норма, прыватная ўласнасць – усё гэта стварала магутны стымул для эканамічнага развіцця. У гараджан з’яўляліся прадпрымальніцкі дух і культ асабістай свабоды. Магчымасць абараніць права ў судзе свайго горада стымулявала правасвядомасць. Мяшчане шлі ў суд, нават калі нехта іх абразіў словамі. Так запісана ў судовых кнігах таго часу.
Для магнатаў ці цэнтральных улад гэта права было важным механізмам павышэння дабрабыту гараджан. Раз яны лепш жылі, то больш плацілі падаткаў. Дабро людзей канверсавалася ў дабро самой улады.
Магдэбургскае права часта давалася ў якасці ўзнагароды за вялікія заслугі і адбіралася за нейкія значныя правіннасці. Найбольш яскравы прыклад, калі горад страціў Магдэбургскае права з-за правіннасць, – Віцебск. Прывілей адабралі за забойства полацкага ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў 1623 годзе. Гэта было вялікім пакараннем.
Гараджане доўга імкнуліся вярнуць сабе Магдэбургскае права. Атрымалі яны яго толькі пасля таго, як у час вайны ВКЛ з Маскоўскім княствам у 1633 годзе віцябляне выразна абаранялі свой горад і прадэманстравалі патрыятызм.
У ХVI і ў першай палове XVII стагоддзя быў відавочны высокі ўзрост гаспадарчага развіцця ў Беларусі і асабліва гарадоў. З’явілася заможнае беларускае мяшчанства.
Пры каранацыя кожнага новага манарха трэба было пацвярджаць ранейшыя прывілеі. Гараджане заўсёды прасілі пацвердзіць ім Магдэбургскае права, якое мелі іх продкі. Заўсёды паказвалі арыгіналы гэтых прывілеяў.
Калі адміністратары, што прадстаўлялі дзяржаўную ўладу, парушалі права горада на самакіраванне, гараджане абаранялі яго і часам падымалі паўстане. Так было ў Мазыры. Горад меў з сярэдзіны XVI стагоддзя магдэбургскае права. Калі на пачатку XVII стагоддзя мясцовы стараста частку мяшчан падпарадкаваў замку – то-бок адміністрацыі вялікага князя, – то гараджане паўсталі ў іх абарону. І вялі ўзброеную вайну, пакуль суд не вярнуў магдэбургскае права той часцы мазыран, у якіх яно было забрана.
Уплыў расійскіх улад
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі трапілі ў склад Расійскай Імперыі. І тады Магдэбургскае права было натуральна адменена. Але цікава, што нават малыя мястэчкі, як Крэва, Масты, Капыль, сталі супраціўляцца адмене права на самакіраванне і падаваць прашэнні, каб яго вярнуць.
Расійская Імперыя развівалася зусім па іншых прынцыпах. Яна з XVI стагоддзя была выразна аўтарытарная, потым стала абсалютысцкаю. Для Кацярыны ІІ было натуральна на беларускіх землях адмяніць права на самакіраванне. Каб захаваць лаяльнасць насельніцтва, магістраты заставаліся, але яны суіснавалі разам з гарадскімі ўправамі, чаго раней не было.
Гарадская ўправа – гэта ўжо з’ява расійскай рэальнасці. Функцыя магістратаў была зведзена да судова-кантрольных задач. І магістраты, і гарадскія ўправы залежалі ад губернатараў. Губернатар мог адмяніць любыя рашэнні, якія прымалі гэтыя органы. Асабліва выразна адсутнасць самакіравання выявілася ў Мінску ў першай палове XIX стагоддзя, дзе каля 30 год ніхто не выбіраўся ў гарадскую ўправу –губернатар сам прызначаў туды чыноўнікаў.
Мінскую ратушу, магутны на той час будынак, разбурылі ў 1858 годзе. Па сведчаннях людзей, якія тады жылі, гэта рабілася для таго, каб знішчыць напамін пра Магдэбургскае права.
У 1863 - 1864 годзе было паўстанне супраць царскай улады на чале з Каліноўскім. Яно прывяло да ўзмацнення кантролю адміністрацыі над гарадамі. Нават фармальнасці самакіравання зніклі ў гарадах. Іх не было да другой паловы 1870-х.
У 1870-я ў гарадах заходніх губерняў (то-бок на землях сучаснай Беларусі) былі створаны нарэшце органы ўсесаслоўнага кіравання: гарадскія думы і гарадскія ўправы, над якімі стаяў гарадскі галава. Яны выбіраліся. Фактычна гэта было дзесяцігоддзе лібералізацыі. Але адначасова былі прадугледжаны абмежаванні, якія выпусташалі саму сутнасць самакіравання горада.
Па-першае, і ўправа, і дума залежалі зноў ад губернатараў. Па-другое, муніцыпальнае права не пашыралася на ўсе катэгорыі насельніцтва. Напрыклад, настаўнікі, якія не мелі сваёй маёмасці, не ўваходзілі ў спіс тых, хто мог выбіраць. Але самым вялікім абмежаваннем быў маёмасны цэнз. Ён быў такі высокі, што ў выбарах удзельнічалі не больш за 20 % жыхароў горада.
Да таго ж у выбарчыя органы не мелі абавязку даваць справаздачу перад грамадзянамі, пры гэтым уся іх дзейнасць была вельмі рэгламентаваная. Напрыклад, калі ў ХІХ стагоддзі Мінскам кіраваў Караль Чапскі, ён вымушаны быў пытаць дазволу ў губернатара, каб пабудаваць публічны туалет у горадзе.
Пры гэтым Чапскі быў вельмі перадавым і адданым сваёй справе чалавекам. У 1894 годзе ён разам з думай распрацаваў перадавы праект увядзення абавязковага ўсеагульнага навучання дзетак ад 7 да 12 гадоў. Гэты праект апярэджваў практыку Расіі на многа гадоў, але ён быў перададзены наверх. А цар проста высмеяў гэты праект.
Карацей, самакіраванне фармальна заставалася, але рэальна не працавала.
ХХ стагоддзе
Калі Расійская Імперыя рухнула, новая савецкая ўлада адмяніла гарадскія думы і старыя структуры самакіравання. Замест іх былі ўтвораны гарадскія Саветы, якія выбіраліся. На пачатку ў 1920-х гадах яшчэ існавалі прыкметы дэмакратыі, таму што дэпутата можна было адклікаць, патрабаваць у яго справаздачы і пісаць яму наказы. Але, калі прыйшоў Сталін, усе гарадскія Саветы былі падпарадкаваныя мясцовым партыйным арганізацыям.
У 1934 годзе нават рабоча-сялянскія інспекцыя, якія маглі кантраляваць гарадскія Саветы раней, былі адмененыя. Пачаліся злоўжыванні ўладай, якія потым сталі ўжо нормай.
Пазней у 1960-х былі ўтвораны народныя кантролі. Але яны былі даволі фармальнымі.
Рэальнага самакіравання ў Савецкім Саюзе таксама не было.
Заходнія землі Беларусі ў міжваенны час некалькі дзесяцігоддзяў былі ў складзе польскай дзяржавы. І там традыцыі даўняга гарадскога самакіравання былі захаваныя. Бяда была толькі ў тым, што беларусы там рэдка дзе ўваходзілі ў органы самакіравання.
Па двух прычынах. Першая –беларусы для многіх уладаў, асабліва з другой паловы 1920-30 гадоў, былі палітычна нелаяльныя. Другая – высокі маёмасны цэнз. Беларусы, як правіла, былі бяднейшыя за яўрэяў ці палякаў.
“Народ не ўдзельнічае ў вырашэнні спраў на месцах”
Пасля 1991 года ўсе сферы ўлады рэальна пачалі дэмакратызавацца, і гарвыканкамы атрымалі большая паўнамоцтвы. Пачыналася аднаўленне пэўных нормаў. Самакіраванне развівалася. Нядоўга, на жаль. У сярэдзіне 1990-х гадоў вельмі хутка самакіраванне было падпарадкавана прэзідэнцкай вертыкалі. Раённыя саветы ў гарадах былі адмененыя.
У Беларусі самакіраванне развівалася стагоддзямі, і на сёння гэтая глыбокая и багатая традыцыя ніяк не выкарыстоўваецца. Народ не ўдзельнічае ў вырашэнне спраў на месцах.
Права на вырашэнне асноўных пытанняў свайго жыцця павінна быць дадзена лакальнай супольнасці, таму што ніхто лепш не можа ведаць, як вырашаць мясцовыя праблемы, чым самі людзі.
Агульнаеўрапейскія нормы паказваюць, што большасць спраў, якімі жыве горад, вёска ці мястэчка, вырашаюцца на месцы. Калі справы не агульнадзяржаўнага значэння, цэнтральная ўлада аддае большасць кампетэнцый лакальнай супольнасці.