16.11.2015 / 16:11

Сярод 225 турыстычных муршрутаў на Гродзеншчыне 15 распрацаваны па прадпрыемствах вытворчасці. Акрамя ўжо папулярнай на шклозавод “Нёман”, экскурсіі абяцаюць арганізаваць на будаўнічы завод у Краснасельску, тытунёвую і абутковую фабрыкі, прадпрыемства “Макей”, хлебазавод і інш. Наколькі такі турызм можа быць запатрабаваны і ці ёсць належныя ўмовы, каб прымаць турыстаў на заводзе?

Па словах начальніка ўпраўлення спорта і турызму аблвыканкама Алега Андрэйчыка, прамысловы турызм можа служыць не толькі развіццю ўнутранага турызму, але і павышэнню колькасці замежных турыстаў. Для саміх прамысловых прадпрыемстваў такі турызм дае не толькі дадатковы прыбытак, але і магчымасць прасоўваць уласны брэнд, піша “Гродзенская праўда”.

У Гродне распрацаваныя чатыры маршруты індустрыяльнага турызму. Падчас экскурсіі “Рака ў назве прадпрыемстваў” можна трапіць на тытунёвую і абутковую фабрыкі. Ёсць маршруты па прадпрыемствах харчовай і лёгкай прамысловасці: «Молочный мир», «Гроднахлебпрам», лікёра-гарэлкавы завод, а таксама пальчаткавая фабрыка, «Элод», «Макей», «ЗовЛенЕвромебель» і інш.

У наступным годзе Гродзенскі лікёра-гарэлкавы завод плануе адкрыць дэгустацыйную залу. У Зэльвенскім раёне турыстаў пазнаёмяць з працэсам вытворчасці нятканага сінтэпону. Тут жа на майстар-класе можна будзе зрабіць дэкаратыўную падушку. У Свіслацкім раёне паказваюць фабрыку мэблі з лазы, цэх лесапілавання і дрэваапрацоўкі, у пякарнях прапануюць пакаштаваць свежаспечаны хлеб і булачкі.

З 1 снежня адна з турфірмаў на Лідчыне запрашае ў Ліду як сталіцу варэння піва.

На думку гродзенскага краязнаўцы Ігара Лапехі, такі від турызму можа быць вельмі цікавы:

- Асабліва такія экскурсіі будуць цікавымі і павучальнымі для дзяцей, каб яны бачылі, адкуль бярэцца хлеб і малако. Праўда, цікава, што санітарныя нормы кажуць пра наведванне прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. Вопыт шклозавода “Нёман” паказвае, што такога плану экскурсіі карыстаюцца вельмі вялікай папулярнасцю. Аднак каб запрашаць турыстаў, прадпрыемствы мусяць папярэдне парупіцца і стварыць для гэтага належныя ўмовы. На жаль, нашыя прадпрыемствы пакуль мала прыстасаваныя прымаць турыстаў: бракуе прэзентацыйных залаў, часта няма спасылак на старажытнасць і пераемнасць, экспазіцый па гісторыі тэхналогіі, а гэта ўсё павінна быць для якасных экскурсій. То бок спачатку трэба ўкласці грошы, параіцца са спецыялістамі – краязнаўцамі, экскурсаводамі ў тым ліку, якія ведаюць, што цікавіць турыста. У дадзеным выпадку я бы таксама падумаў пра тое, каб не браць з турыстаў грошы – усё ж гэта прамая рэклама прадпрыемству.

Але я катэгарычна супраць наведванняў тытунёвай фабрыкі і лікёра-водачнага завода – агрэсіўнага маркетынгу ў гэтай сферы ў нас і так хапае.

Некалі была ідэя былога старшыні аблвыканкама Шапіры аддаць пустуючыя памяшканні ў гістарычным цэнтры Гродна прадпрыемствам, каб тыя зрабілі рэпрэзентатыўныя офісы і прымалі там турыстаў. Але на жаль, гэтая ідэя не прайшла.

Яшчэ адзін цікавы прыклад прамысловага турызму, гэта калі прадпрыемствы робяць нейкія аб’екты для горада. Напрыклад, у Брэсце і Навагрудку ёсць вуліцы, асветленыя фірмовымі ліхтарамі прадпрыемстваў. Кожны ліхтар зроблены ў тэме аднаго з прадпрыемстваў па яго замове. Гэта вельмі папулярна сярод турыстаў – там усе любяць фатаграфавацца.

- Санітарныя нормы, асабліва ў выпадку харчовых прадпрыемстваў, ніводнае кіраўніцтва парушаць не будзе, - патлумачыў начальнік упраўлення спорта і турызму аблвыканкама Алег Андрэйчык. - Турыстаў будуць прымаць у адмысловым памяшканні, дзе распавядуць пра гісторыю, пакажуць нейкія элементы вытворчасці. Прымаць экскурсіі названыя прадпрыемствы пакуль будуць у складзе арганізаваных турыстычных груп праз турагенствы, а пасля можна будзе і індывідуальных турыстаў.

Адной з самых папулярных атракцый прамысловга турызму ў Беларусі лічаць праезд на 130-тонным кар’ерным самазвале на Жодзінскім аўтамабільным заводзе. Сертыфікат на гэтую турыстычную паслугу дораць на дні народзін і прафесійныя святы. Таксама на Жодзінскі завод едуць, каб паглядзець на самы вялікі ў свеце кар’ерны самазвал грузапад’ёмнасцю ў 450 т.

В горисполкоме обсудили вопрос привлечения туристов в Гродненскую область
Автор:
Фотограф:
tv-lida.by, prosto-free.livejournal.com, tut.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость