Прырода і традыцыі
Спрэчкі пачынаюцца з улюбёнай абодвума бакамі тэмы – прыроды чалавека. Адны даказваюць, што ён траваядны. Іншыя – што драпежнік. Гэта, канешне, спрэчка наогул бессэнсоўная, бо навукоўцы даволі добра даследвалі шлях эвалюцыі чалавека і яго пераход ад спажывання толькі расліннай ежы да спажывання як расліннай, так і ежы жывёльнага паходжання. То бок, мы эвалюцыйна прыстасаваныя да абодвух варыянтаў. І цягам гэтай эвалюцыі ў нашым арганізме адбыліся змены, у выніку якіх нам патрэбны той жа вітамін B12, шэраг амінакіслотаў і яшчэ некаторых рэчываў, якія утрымліваюцца ў мясе. Акрамя таго, з мяса гэтыя рэчывы нашым арганізмам засвойваюцца лепш, чым з расліннай ежы.
Дык няўжо мы без мяса не можам пражыць? А як жа традыцыі шматлікіх народаў, якія альбо наогул не ўжываюць мяса, альбо ўжываюць яго вельмі мала? Сапраўды, значная частка насельніцтва Індыі не ўжываюць мяса. Немала вегетарыянцаў жыве і ў Кітаі, і ў некаторых іншых краінах Азіі. На захадзе, дзе такі лад харчавання ніколі не быў традыцыйным, вегетарыянства таксама набірае папулярнасць. У Італіі (лідар у Еўропе па колькасці вегетарыянцаў) ўжо каля 10% жыхароў не ўжываюць мяса.
Як бачым і ў старажытнасці і ў наш час вегетарыянцы існавалі, і гэта не нейкія фрыкі-адзінкі. Ужо той факт, што гэтыя людзі жывыя, кажа пра тое, што вегетарыянства не забівае. Як бы не спрабавалі гэта даказваць некаторыя папулісты на адпаведных сайтах. Аднак, не забівае яшчэ не значыць не шкодзіць здароўю, і тым больш – умацоўвае яго.
Ды і наогул тэрмін вегетарыянства часта выкарыстоўваюць у шырокім сэнсе, апісваючы ім і тых, хто не ўжывае мяса, і тых хто адмовіўся ад усіх прадуктаў жывёльнага паходжання. Таму трэба канкрэтызаваць віды вегетарыянства.
Віды вегетарыянства
Авалактавегетарыянцы – людзі, якія адмовіліся ад мяса, але ядзяць яйкі і малочныя прадукты. Як варыянт – ававегетарыянцы і лактавегетарыянцы, у залежнасці ад ужывання малака і яек.
Веганы – не ўжываюць ніякіх прадуктаў жывёльнага паходжання, і не носяць вопраткі, створанай з выкарыстаннем скуры, поўсці, воўны ці шоўку. Сярод прадстаўнікоў гэтага накірунку ёсць разыходжанні наконт ужывання мёду, але большасць адмаўляецца і ад яго.
Асаблівыя накірункі – сыраеды (ужываюць прадукты без тэрмаапрацоўкі, замарозкі, салення і т.д.), а таксама тыя веганы, што харчуюцца толькі пладамі раслін, але не ўжываюць частак саміх раслін і часам нават іх насенне.
Зразумела, што чым больш строгі варыянт дыеты абірае чалавек, тым больш карысных рэчываў ён страчвае. Наконт экстрэмальных кірункаў кшталту таго ж сыраедства людзям, якія абапіраюцца на навуковы досвед і здаровы сэнс, доўга тлумачыць нічога не трэба. Канешне ж, сырую ежу страўніку пераварваць больш складана, чым прыгатаваную. Некаторыя вучоныя наогул звязваюць падвышэнне працягласці жыцця з пераходам чалавецтва да ўжывання варанай і смажанай ежы. Так гэта ці не, але факт, што за тысячагоддзі эвалюцыі наш арганізм прыстасаваўся менавіта да апрацаванай ежы. І цалкам вярнуцца на 300 тысяч гадоў назад не атрымаецца. Шкода, якую можна нанесці арганізму такой дыетай можа быць незваротнай. Гэта і хваробы страўніка, кішачніка і крыві, і аслабленне арганізму з парушэннем функцыянавання розных яго сістэм.
Але гэта размова пра зусім ужо экстрэмальныя выпадкі. А што наконт вегетарыянства і веганізму? Адразу трэба адкінуць “прыклады”, якімі поўніцца інтэрнэт. То бок, калі ваш сусед перастаў есці мяса і кажа, што адчуў сябе самым здаровым, наўрад ці трэба адразу ж ісці па яго шляху. І наогул лічыць гэта доказам таго, што “сістэма працуе”. Як і наадварот, калі ў кагосьці пасля пераходу на веганскую дыету пачаліся праблемы са здароўем, адназначна казаць, што ўсім веганам засталося жыць два тыдні. Бо ні адчуванне “аздараўлення”, ні самі па сабе нейкія хваробы не з’яўляюцца навукова даказанымі следствамі пераходу на пэўную дыету. Але менавіта на такіх прыкладах і будуецца значная частка артыкулаў у сеціве, як прыхільнікаў, так і ворагаў вегетарыянства. Добра, што акрамя іх ёсць і навуковы погляд на харчаванне чалавека, на якім і мае сэнс засяродзіць нашую увагу.
Што дае нам мяса?
Ежа – гэта крыніца бялку, тлучшу, вугляводаў, вітамінаў, мікра- і макраэлементаў. Усё гэта адносіцца і да расліннай ежы, і да прадуктаў жывёльнага паходжання. Але, ні адзін прадукт не утрымлівае ўсіх неабходных чалавеку складнікаў. Таму нам і патрэбны сбалансаваны разнастайны рацыён. І вось мы адмаўляемся ад мяса і рыбы. Што знікае з нашага рацыёну? Знікае увесь набор амінакіслотаў і шэраг вітамінаў, патрэбных чалавеку. Большасць з іх можна замяніць адпаведнікамі з расліннай ежы, аднак не ўсе.
- Вітамін В12 – рэчыва, без якога наш арганізм існаваць не можа, бо ён неабходны для утварэння і жыццядзейнасці клетак і працы нашага мозгу. Яго недахоп прыводзіць да захворванняў нервовай сістэмы, парушэнняў каардынацыі рухаў і злаякаснай анэміі крыві. Сярод раслін ён сустракаецца толькі ў водарасці спіруліна. То бок у рэчаіснасці веганы не атрымліваюць гэты вітамін (згодна з некаторымі даследваннямі 66% вегатарыянцаў і 92% веганаў маюць дэфіцыт В12 у арганізме). Выйсце толькі ва ўжыванні сінтэтычнага В12, які знойдзеш далёка не ў кожнай аптэцы. Да таго ж – засваенне сінтэтычных вітамінаў значна меншае за вітаміны, атрыманыя з ежы.
- Крэацін – рэчыва, якое ў вялікай колькасці шкодзіць арганізму, але з-за недахопу якога арганізм слабне і аказваецца не ў стане назапашваць энэргію.
- Карназін – рэчыва, якое утрымліваецца толькі ў прадуктах жывёльнага паходжання і якое абараняе арганізм ад развіцця дэгенератыўных працэсаў.
- Рыбафлавін – рэчыва, недахоп якога прыводзіць да агульнай слабасці арганізму і галавакружэнняў. Утрымліваецца ў асноўным у нырках і пячонцы жывёлаў. Не ўтрымліваецца ў раслінах.
- Эйказапентаенавая (ЕРА) і доказагексаенавая (DHA) кіслоты – актыўныя формы кіслаты амега-3 (яе недахоп вызывае дэпресію, псіхічныя хваробы, катаракту, памутненне хрусталіка і захворванні сэрца). Яны ўтрымліваюцца ў асноўным у прадуктах жывёльнага паходжання. Аднак гэтыя амінакіслоты таксама вырабатваюцца нашым арганізмам з альфа-ліналенавая кіслаты (ALA). Праўда, для забеспячэння арганізма неабходнай колькасцю гэтага рэчыва, трэба ўжываць якасныя крыніцы ALA – грэцкія арэхі, льняное насенне, льняное, рапсавае, канаплянае ды соевае масла ў вялікай колькасці.
- Акрамя гэтага адмова ад мяса прыводзіць да недахопу цынку, фосфару, калія, ёду і жалеза. Вегетарыянцы кампенсуюць іх за кошт ужывання яек і малака, а таксама шэрагу розных раслінных прадуктаў. Веганам застаецца спадзявацца толькі на расслінныя адпаведнікі і сінтэтычныя вітаміны. Як паказваюць даследванні каля 30% веганаў маюць недахоп кальцыю, і як вынік тонкія косткі ды схільнасць да пераломаў. Пры гэтым вегетарыянцы з такой праблемай сутыкаюцца вельмі рэдка.
- Вітамін А таксама складана атрымаць у неабходнай колькасці ў выніку адмовы ад мяса. Вітамін А акрамя мяса утрымліваецца ў масле, то бок вегетарыянцы яго атрымліваюць, а вось веганы – не. Тое ж і з вітамінам D, які наогул сінтэзуецца арганізмам пад уздзеяннем сонечнага УФ-выпраменьвання. Але ў нашых шыротах яго сінтэзуецца недастаткова. Выйсце – атрыманне вітаміну D з малочных прадуктах і яек.
Найбольш блізкай па амінакіслотнаму складу заменай жывёльнага бялку з’яўляецца бялок соі і бабовых. Але соя ўтрымлівае фітаэстрагены, якія негатыўна ўздзейнічаюць на гарманальны абмен мужчын. А абалонкі бабовых вызываюць утварэнне вялікай колькасці газу ў кішачніку пры спробе засваення бялку з іх. Канешне, і пераварванне мяса з выкідам вялікай колькасці азоцістых злучэнняў, шкодных для нырак і суставаў – таксама не ідэальны варыянт. То бок, у чарговы раз упэўніваемся, што цалкам змяняючы адно на другое – ідэалу дасягнуць не атрымаецца.
Важна і тое, што бялок жывёльнага паходжання утрымлівае увесь набор амінакіслотаў у неабходных прапорцыях і добра засвойваецца арганізмам. Ды і мікраэлементы з мяса засвойваюцца значна лепш. Параўнайце на прыкладзе жалеза – з ялавічыны яго засвойваецца 22%, з рыбы – 11%, з яек 3%, з соі – 7%, з кукурузы і фасолі – 3%, а з рысу ды шпінату – толькі 1%. Гэта прводзіць да дэфіцыту запасу жалеза ў арганізме вегетарыянцаў і веганаў. Хаця некаторыя даследванні гэта спрэчваюць, што можа сведчыць як пра памылкі ў даследваннях, так і пра ролю індывідуальнага чынніку.
Тое ж можна сказаць і наконт засвойвання цынку. І з жалезам і з цынкам часткова праблему можна вырашыць ужываючы прарошчанае зерне і бабы, а таксама заквашаны хлеб.
Яшчэ адзін нюанс вегетарыянскай дыеты тычыцца ўжывання вялікай колькасці клятчаткі. Яна, канешне, вельмі карысная, бо выводзіць з арганізму халестырын, глюкозу і таксіны, але яе вялікая колькасць можа нашкодзіць здароўю, бо перашкаджае засваенню бялку.
Яшчэ адзін момант, звязаны з адказам ад мяса, тычыцца ўжывання насычаных тлушчаў, якія прыводзяць да назапашвання халестырыну. У нашай свядомасці халестырын асацыюецца толькі з хваробамі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Аднак ён таксама з’яўляецца часткай мембраны клетак, і неабходны для вытворчасці арганізмам стэроідных гармонаў, у тым ліку тэстастэрону. І вось па гэтым параметры не толькі веганы, але і вегетарыянцы адрозніваюцца ад мясаедаў меншым узроўнем тэстастэрону, а таксама і жаночага гармону – эстрагену. Хаця зніжэнне апошняга можна кампенсаваць значным ужываннем соевых прадуктаў.
Ці з’яўляецца зніжэнне ўзроўню гармонаў праблемай? Усё залежыць ад таго наколькі іх узровень знізіўся. Калі яны выходзяць за ніжні паказнік нормы, то ў арганізме можа пачацца шэраг небяспечных працэсаў. Асабліва шкодна гэта для дзяцей і падлеткаў, чый арганізм актыўна развіваецца. Таму нават вегетарыянцам, якія кампенсуюць недахоп насычаных тлушчаў з мяса, тлушчам з масла і яек, трэба сачыць за гарманальнымі зменамі ў арганізме. Веганам зноў жа значна цяжэй.
Мяса забівае?
У адказ на заўвагі пра карысць мяса прыхільнікі адмовы ад яго прыводзяць навуковыя даследванні шкоднага ўздзеяння мяса на арганізм. І сапраўдны – не вельмі даўно ўсе ЗМІ перадрукоўвалі навіну пра тое, што Сусветная Арганізацыя Аховы Здароўя прызнала мясныя вырабы фактарам рызыкі узнікнення ракавых захворванняў. Дык у чым жа прычына? Розныя каўбасныя вырабы ўтрымліваюць шэраг штучных дадаткаў, якія з’яўляюцца канцэрагенамі і могуць прыводзіць да раку. То бок галоўная пагроза ідзе не ад самога мяса, а ад яго апрацоўкі сродкамі “харчовай хіміі”. Аднак і ў самім мясе утрымліваюцца гетэрацыклічныя амінакіслоты, якія пры яго тэмпературнай апрацоўцы выдзяляюць пралін, трыптафан, гісцідзін і іншыя канцэрагены. У першую чаргу яны ствараюцца пры смажанні мяса і яго гатаванні на грылі. Апошні варыянт гатавання мяса небяспечны яшчэ і утварэннем паліцыклічных араматычных вуглявадародаў (ПАВ), якія таксама з’яўляюцца ракаўтваральнымі рэчывамі.
Ёсць дадзеныя і пра рызыку раку ў выніку утварэння вялікай колькасці гармонаў з-за ўжывання насычаных тлушчаў. Праўда, існуе не менш даследванняў, якія аспрэчваюць небяспеку з’яўлення большасці відаў раку пры ўжыванні мяса. Збольшага навукоўцы сыходзяцца ў меркванні толькі наконт раку страўніка і прастаты, рызыку якіх рэгулярнае ўжыванне меся больш за адзін раз на тыдзень, падвышае ў 2,5 разы. А таксама наконт небяспекі апрацаванага “хімічнымі дадаткамі” мяса і яго прадуктаў.
Як бачым, у мясе сапраўды утрымліваюць рэчывы якія патэнцыйна падвышаюць рызыку ракавых захворванняў. Але, калі адмовіцца ад найбольш шкодных мясных вырабаў, а таксама есці мяса ў невялікай колькасці і не кожны дзень, то рызыка гэтая змяншаецца. Да таго ж, калі яго не есці зусім з’яўляецца адваротная праблема, звязаная з нізкім узроўнем некаторых гармонаў. І галоўны момант – механізм ракавых пухлінаў да канца не даследаваны. Галоўнай праблемай застаецца той факт, што ў адных людзей арганізм ліквідуе нездаровыя клеткі, якія пачынаюць развівацца з “памылкамі”, а ў другіх гэтыя клеткі пачынаюць актыўна множыцца і развівацца. І толькі ўжываннем мяса гэта не растлумачыш, тым болш што мяса чалавецтва ўжывае тысячагоддзямі, а рост колькасці анкалагічных захворванняў адзначаецца ў апошнія дзесяцігоддзі.
Вегетарыянства ў барацьбе з хваробамі
Нярэдка ўжыванне мяса ў вялікай колькасці звязваюць з хваробамі сардэчна-сасудзістай сістэмы і дыябетам. Як правіла, усе гэтыя хваробы следства залішняй масы цела. Так, безумоўна, каларыйная дыета пры невялікіх фізічных нагрузках можа прывесці да такіх праблем. Але ці толькі мяса ў гэтым вінаватае? Вугляводы таксама прыводзяць да атлусцення, а цукар галоўны фактар развіцця дыябету. То бок асноўная праблема ў няякасным і несбалансаваным харчаванні, а таксама такім жа неадпаведным харчаванню ладзе жыцця. Тое, што вегетарыянцы радзей становяцца ахвярамі “хвароб тлустых” праўда. Але, як паказваюць даследванні, мясаеды, якія адмовіліся ад шкодных паўфабрыкатаў і фастфуда, па гэтых паказчыках не адрозніваюцца ад вегетарыянцаў. Напрыклад, ёсць дзве дыеты – дыета Аткінса (нізкавугляводная, але з вялікай колькасцю тлушчу) і дыета Орніша (з малой колькасцю тлушчу, амаль вегетарыянская). Дык вось па паказчыках зніжэння вагі цела, артэрыяльнага ціску і трыгліцэрыдаў, а таксама павышэння ліпапратэінаў высокай шчыльнасці – дыета Аткінса аказалася больш эфектыўнай. Таксама і ў барацьбе з дыябетам вегетарыянская дыета эфектыўная і рэкамендаваная Амерыканскай дыябетычнай асацыяцыяй, але і нізкавугляводная дыета без адмовы ад мяса аказалась не горшай па сваіх паказчыках.
Часам здароўе вегетарыянцаў спісваюць не столькі на лад харчавання, колькі на самі адносіны да свайго здароўя. Перайшоўшы на вегетарыянскую дыету, яны пачынаюць сачыць за сабой, адмаўляюцца ад шкодных звычак і вядуць здаровы лад жыцця. Пэўна нельга адназначна спісаць усе змены на штосьці адно, хутчэй мае месца складнік фактараў. Такі ж складнік існуе і ў ладзе жыцця мясаедаў.
Разглядаючы пытанне вегетарыянства нельга абыйсці і яшчэ адзін момант – патэнцыю і лібіда ў мужчын. Як ужо было заўважана, адмова ад мяса прыводзіць да зніжэння ўзроўня гармонаў. Калі вегетарыянцы часткова кампенсуюць гэты недахоп, дзякуючы ўжыванню малака і яек, то веганам асабліва складана. Гэта прывяло да міфу наконт масавых праблемаў з рэпрадуктыўнай функцыяй у веганаў і вегетарыянцаў. Насамрэч гэта хлусня. Канешне, бываюць асаблівасці канкрэтных арганізмаў, з-за якіх тая ці іншая дыета можа прыводзіць да нездаровых вынікаў, але пра ўсіх вегетарыянцаў гэтага дакладна не скажаш. Бо існуе дастаткова шмат раслінаў, якія утрымліваюць вельмі карысныя для палавой сістэмы мужчын рэчывы. Напрыклад, прарошчанае зерне жыта і пшаніцы, гарбузныя семкі, фундук, грэцкія арэхі, міндаль, арахіс, цыбуля, морква, розныя віды капусты, масліны, авакада, бананы, морква, перац, кунжут. У кожным з іх утрымліваецца шэраг натуральных стымулятараў лібіда і сэксуальнай функцыі мужчыны. Мяса ў параўнанні з імі найбольш просты сродак, але не заўсёды самадастатковы. Канешне, у спалучэнні з вышеэпералічанымі прадуктамі, ужыванне мяса можа даць найлепшы эфект.
Надзейнасць дадзеных
Ацэнка ўсіх “за” і “супраць” вегетарыянства і мясаедства сутыкаецца з адной важнай праблемай – тэндэнцыйнасцю дадзеных. То бок мы маем безліч кніжак прыхільнікаў гэтага тыпу харчавання. Адны з іх наогул падобныя на “святыя пісанні” і абапіраюцца не столькі на навуку, колькі на Аюрведу і іншыя міфалагічныя сістэмы. Але шэраг кніг і артыкулаў на вегетарыянскіх сайтах даволі грунтоўныя і ўтрымліваюць спасылкі на навуковыя даследванні. Праблема ў тым, што яны рэдка кажуць пра даследванні, якія далі процілеглыя вынікі. Напрыклад, у свой час было вельмі папулярнае “кітайскае даследванне”, праведзенае докатарам Колінам Кэмпбэлам. Яно цалкам апраўдвала веганскую дыету і бэсціла ўжыванне мяса. Але потым з’явіўся шэраг публікацый, якія не толькі далі процілеглыя дадзеныя, але і паказалі, што аўтар “кітайскага цуду” падбіраў выгадныя яму факты. Тое ж можна сказаць і пра працы праціўнікаў вегетарыянства, якія прагназуюць усе магчымыя хваробы пры адмове ад мяса.
Адным з найбольш грунтоўных навуковых дакладаў на тэму вегетарыянства стаў выдадзены ў 2009-м годзе Амерыканскай Асацыяцыяй Дыетолагаў дакумент пад назвай “Пазіцыя Амерыканскай Асацыяцыі Дыетолагаў адносна вегетарыянскага харчавання”. У ім навукоўцы кажуць, што вегетарыянская і нават веганская дыета цалкам падыходзіць усім людзям, у тым ліку дзецям, цяжарным жанчынам і спарцменам. Аднак у самім дакументе, апісваючы прааналізаваныя даследванні, яго аўтары шмат разоў указваюць на невялікую рэпрэзентатыўнасць дадзеных. То бок па многіх пытаннях дадзеных альбо наогул няма, альбо іх недастаткова. Пры гэтым, датычна тых дадзеных, што былі прааналізаваныя, навукоўцы кажуць, што вегетарыянская дыета утрымлівае больш клятчаткі, магнія, калія, вітамінаў С і Е, фоліевай кіслаты, каратіноідаў, флаваноідаў і шэрагу іншых фітахімічных злучэнняў. Аднак пры гэтым у вегетарыянцаў адзначаецца дэфіцыт вітаміну В12, кальцыя і цынку. Дык чаму ж у заключэнні дакладу яго аўтары так адназначна выказаліся за вегетарыянскую і нават веганскую дыету? Бо яны падкрэсліваюць: недахоп тых ці іншых рэчываў кампенсуюць сінтэтычныя вітамінныя комплексы, а таксама харчовыя дадаткі для веганаў, насычаныя гэтымі рэчывамі. То бок – індустрыя нам дапаможа.
Кідаецца ў вочы і колькасць даследванняў. Некаторыя вывады аўтары гэтага дакументу зрабілі на аснове аднаго, трох, пяці даследванняў. Наконт пагрозы раку з-за ўжывання мяса, амерыканскія дыетолагі шчыра пішуць, што даказана толькі рызыка рака страўніка, прастаты і тоўстай кішкі, але нават па гэтых відах раку былі і процілеглыя даследванні. Па астатніх відах раку супярэчнасцяў яшчэ больш. І за гады, пасля выхаду гэтага дакумента супярэчнасцяў меней не стала. Напрыклад, былі даследванні, якія параўноўвалі рызыку анказахворванняў сярод вегетарыянцаў, мясаедаў і пескетарыянцаў (не ядзяць мяса, але ўжываюць рыбу). І найменшая рызыка захварэць была менавіта сярод апошніх.
Улічваючы той факт, што сумарны аб’ём рынку вегетарыянскіх тавараў ужо перавысіў паўтара міліярда даляраў і працягвае расці вельмі хуткімі тэмпамі, можна прагназаваць не павелічэнне навуковых дадзеных, а рост іх супярэчнасці, бо як і ў шматлікіх іншых галінах прамысловасці, карпарацыі пачнуць замаўляць выгадныя ім даследванні для прасоўвання сваёй прадукцыі на рынку.
Высновы
Аднак і на аснове тых дадзеных, што ёсць зараз, кожны можа зрабіць высновы для сябе сам. Сапраўды, залішняе ўжыванне мяса можа прывесці да шэрагу цяжкіх хваробаў. Але і дэфіцыт шэрагу неабходных харчовых элементаў у выніку адмовы ад мяса можа прывезці да не менш сур’ёзных праблемаў са здароўем, а часам нават да тых жа самых захворванняў. Пытанне ў прадуманым і сбалансаванным харчаванні і ў цэлым адпаведным ладзе жыцця. Менваіта гэта дазваляе пазбегнуць праблемаў з лішняй вагай, парушэнняў гарманальнага абмену, і пры гэтым мець запас энергіі і здаровае цела. Ні дыета з ужываннем мяса, ні поўны адказ ад яго, самі па сабе вас не вылечаць і не зменяць сапраўдны стан вашага здароўя.
У рэчаіснасці ні нашыя мясаеды, ні нашыя вегетарыянцы ў большасці не харчуюцца сбалансавана. Бо тая ж дыета вегетарыянца можа налічваць да 50 відаў расліннай ежы. І канешне, прытрымлівацца такой дыеты складана і дорага. Словы пра “таннасць” вегетарыянства ў свой час добра пракаментаваў Уільям Пахлёбкін, вядомы гісторык кулінарыі. Ён успамінаў, што ў 50-60-я гады ў СССР спрабавалі прапагандаваць вегетарыянства. І гэта, па словах навукоўца, была спроба пасадзіць жабрацкае насельніцтва на яшчэ больш “пустую” дыету з бульбы ды капусты.
Але ці можна кампенсаваць адмову ад мяса калі грошы хапае? Канешне. Якасная расліннай ежай і сінтэзаванымі вітамінамі. І такі рацыён дакладна будзе больш здаровым, чым у большасці мясаедаў, хто і не марыць пра десяткі відаў садавіны і гародніны.
Пытанне ў тым – навошта гэта рабіць? Адзіным слушным адказам, аўтару гэтага артыкула, падаецца этычная прычына, калі на першае месца чалавек ставіць жыццё жывёлаў, і ўжо потым дбае пра сваё здароўе. Што ж тычыцца экалогіі вытворчасці мяса, то нават тут няма адзінства. Адны даследванні кажуць пра вялізныя тэрыторыі знішчаных лясоў, якія выкарыстоўваюцца для вырошчвання корму для сельскагаспадарчых жывёлаў, а іншыя пра тое, што пераход усяго насельніцтва на вегетарыянскую дыету сутыкнецца з вялізнымі праблемамі вырошчвання многіх неабходных раслінаў у рэгіёнах з беднымі глебамі. Калі ж чалавек пераходзіць на вегетарыянскую і тым больш веганскую дыету дзеля здароўя, то логікі тут няшмат. Бо можна зрабіць для ўласнага здароўя больш карысці збалансаваўшы ўсе віды харчавання.