Карэспандэнт "Звязды" разам з супрацоўнікамі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сустрэўся з незадаволенымі.
Не звалка, а палігон!
У звароце было адзначана, што "на адлегласці ўсяго 500 метраў ад вёскі Лутава (практычна ў лесе) знаходзіцца велізарны сметнік… Летам на звалцы ўзнікаюць пажары. Смецце гарыць тыднямі. У бязветранае надвор’е мы літаральна задыхаемся ад едкага дыму! Шматлікія званкі ў пажарныя і экалагічныя службы не прынеслі ніякага выніку…"
— Гэта не звалка, а адзіны ў раёне палігон цвёрдых бытавых адходаў! У наступным годзе споўніцца роўна 20 гадоў, як па рашэнні райвыканкама было адведзена месца для яго размяшчэння. Зразумела, гэта было зроблена толькі пасля ўзгаднення з усімі зацікаўленымі службамі, напрыклад, санстанцыяй. Палігон функцыянуе, пачынаючы з 1997 года. Ёсць уся неабходная дакументацыя. Падкрэсліваю, што ён знаходзіцца на прадугледжанай нарматывамі адлегласці ад населеных пунктаў. Адпаведны "сігнал" з патрабаваннем закрыць палігон быў атрыманы нядаўна, таму мы сустрэнемся сёння з тымі, хто падпісаў калектыўны зварот, — тлумачыць мне Таццяна Лапаткіна, намеснік начальніка аддзела аператыўнага кантролю Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Палігон не выглядае безгаспадарчым. Калі мы прыехалі, супрацоўнікі сартавалі каштоўныя адходы. Працаваў трактар. Ніякіх гор смецця, парадак паўсюль.
— Усяго на тэрыторыі раёна дзейнічаюць адзін палігон цвёрдых бытавых адходаў і 18 міні-палігонаў. Праўда, у ліпені на палігоне здарыўся пажар. Былі прынятыя меры: на працягу 2 дзён работы па тушэнні завяршылі канчаткова — пасля таго як быў засыпаны ачаг узгарання, — гаворыць Дзмітрый Шэсцярэнь, намеснік дырэктара па сацыяльных пытаннях УП ЖКГ Ушацкага раёна.
— Што датычыцца баршчэўніку, то ва Ушацкім раёне яго сапраўды больш, чым у іншых — расліна займае плошчу ў больш як 443 гектары.
— Сёлета правяралі населеныя пункты Сарочынскага сельсавета — вёскі, у якіх жывуць аўтары звароту, землі ААТ "Дземянец"… Былі дадзены рэкамендацыі адказным асобам па барацьбе з баршчэўнікам. З‑за непрыняцця мер кіраўнік гаспадаркі быў аштрафаваны. Інфармацыйны ліст аб правядзенні мерапрыемстваў па барацьбе з баршчэўнікам быў накіраваны на імя першага намесніка старшыні райвыканкама. Таму нельга гаварыць пра тое, што ніякія меры не прымаліся, — тлумачыць Іван Падгол, кіраўнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Так, увесь баршчэўнік мы не знішчылі, але толькі сёлета з раённага бюджэту былі выдзеленыя 133 мільёны рублёў на набыццё ядахімікатаў. Тое пустазелле, пра якое гаворыцца ў звароце, трэба не толькі зрэзаць, не толькі апрацаваць хімікатам глебу. Потым зямлю неабходна ўвесці ў сельскагаспадарчы абарот, інакш баршчэўнік вернецца. Але ж рабіць гэта можна не раней, чым праз 2 гады.
"Вось мы і гаруем"
Сустрэча эколагаў і прадстаўніка камунальнай службы з аўтарамі звароту пачалася з пытанняў апошніх: чаму не прыехалі летам, калі дыхаць было цяжка з‑за пажару на палігоне? Чаму агонь пачалі тушыць толькі пасля званкоў у камунальную службу і райвыканкам? Хто наогул даў дазвол на стварэнне "звалкі"?
— Я жыву ў вёсцы Лутава. Калі гарэў палігон, маёй дачцэ было ўсяго некалькі месяцаў. У ліпені была жудасная спёка, а з‑за пажару на палігоне на працягу тыдня было немагчыма акно нават адчыніць… На вуліцы з‑за смуроду таксама быў жах, — скардзіцца малады бацька Васіль Шалыга.
— Мы ж нават не маглі ягады ў лесе збіраць з‑за таго смуроду. Пенсія невялікая, дык і прыходзіцца па ягады хадзіць. Заходзіш у лес — дыхаць няма чым, — эмацыянальна кажа пра набалелае пенсіянерка Надзея Сяргееўна Федарэнка.
У сваю чаргу людзі пачулі тлумачэнне наконт таго, што на палігоне адразу патушыць агонь немагчыма, бо там, як на тарфяніку, гарыць пластамі: зверху патушылі, а ніжні пласт зноў можа загарэцца…
Падчас няпростай размовы вяскоўцы агучылі і праблему з вадой. Высветлілася, што летась воданапорная вежа замерзла і людзі засталіся без вады. Па яе хадзілі да калодзежа ў суседні населены пункт. Вада, калі яна ёсць, іржавая, ды і раней такой была… У сельсавеце людзям сказалі: калі ў вёсцы "скінуцца", можна зрабіць калодзеж. Але ў асноўным тут дачнікі жывуць. І толькі ў пяці дварах — мясцовыя.
— Але ж дорага паставіць калодзеж за свой кошт, вось мы і гаруем, — кажа Надзея Сяргееўна.
Дамовіліся ў выніку, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб прадухіліць магчымасць узгарання на палігоне. Закрываць яго нелагічна, бо мінімальны тэрмін эксплуатацыі — 30 гадоў. Баршчэўнік, калі надвор’е будзе цёплае, пры ўмове фінансавання будзе знішчацца.
Палігон, дарэчы, ніяк не ўплывае на якасць вады падземных крыніц. Вядома, перабояў з яе падачай не павінна быць. Можа насамрэч калодзеж у вёсцы стаў бы аптымальным вырашэннем праблемы? Напэўна, вяскоўцам трэба яшчэ раз звярнуцца ў сельвыканкам ці райвыканкам, каб у выніку абмеркавання і на ўзроўні мясцовай улады воднае пытанне было "знятае".