Асноўным зыходным пунктам дыскусіі стаў рэйтынг беларускіх гарадоў ад Цэнтра новых ідэй. У абноўленую версію рэйтынгу увайшлі 23 населеных пункта – гарады з насельніцтвам больш за 50 тысячаў чалавек.
Іх ацэньвалі па пяці вымярэннях:
Дэмаграфічная ўстойлівасць;
- Якасць жыцця;
- Стан эканомікі;
- Празрыстасць кіравання;
- Турыстычная прывабнасць.
Унутры кожнага вымярэння знаходзяцца шмат розных паказчыкаў, таму ўсе гарады Беларусі атрымаліся даволі рознымі, тлумачыць Рыгор Астапеня, заснавальнік і старшыня Цэнтра новых ідэй.
Тым ня менш назіраецца пэўная заканамернасць у тым, што населеныя пункты заходняй Беларусі займаюць больш высокае месца ў рэйтынгу. Але першай у рэйтынгу засталася сталіца, хоць неабышлося і без сюрпрызаў.
“Мы не ведаем, у чым загадка Жлобіна, але гэта самы дэмаграфічна ўстойлівы горад Беларусі. Там найменшая колькасць пенсіянераў і найбольшы натуральны прырост”, - звяртае ўвагу Рыгор Астапеня.
Гродна, згодна з рэйтынгам, найлепшы па якасці жыцця (гэты паказчык лічылі па колькасці дактароў, злачынцаў і студэнтаў). Орша, на дзіва, паднялася аж на сёмае месца па турыстычнай прывабнасці. Гомель, напрыклад, па гэтым паказчыку толькі на 12-ым.
Андрэй Сушко, юрыст Human Constanta, вымяраў празрыстасць кіравання гарадоў. На яго думку, рэйтынг - вельмі добры інструмент, каб паглядзець, якія пункты росту ёсць у горадзе і дзе ёсць глеба для актывізму.
У цэлым сітуацыя ў беларускіх гарадах нармальная, кажа даследчык. Ва ўсіх гарадоў і дзяржаўных органаў ёсць афіцыйная сайты, на якіх размяшчаецца актуальная інфармацыя. У наведвальнікаў ёсць магчымасць адправіць афіцыйны электронны зварот, ёсць спіс адміністратыўных працэдур ці дзяржпаслуг, якія можна атрымаць у выканкаме, плюс можна азнаёміцца з рашэннямі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Амаль на ўсіх сайтах прадстаўлены грамадзянскі бюджэт: колькі грошай ёсць у горада ці ў раёна і на што яны ідуць. Такім чынам кожны гараджанін можа зразумець, куды ідуць падаткі. А мясцовыя актывісты могуць выкарыстоўваць гэты інструмент, каб прапанаваць адміністрацыі свае ідэі.
А вось з даступнасцю інфармацыі на двух дзяржаўных мовах ёсць праблемы. Згодна з даследваннем, сайты васьмі з 23 гарадоў маюць адпаведны беларускі варыянт, чатыры – часткова прадстаўляюць інфармацыю на беларускай, а 11 увогуле не маюць другой версіі ці выкарыстоўваюць нейкі аўтапераклад, накшталт Google Translate.
Калі сайт вашага выканкама належыць да апошняй групы ў статыстыцы, Андрэй Сушко прапануе не сварыцца, а патэлефанаваць у адміністрацыю і прапанаваць перакласці яго на беларускую мову.
На сайтах, дарэчы, павінна публікавацца інфармацыя пра адкрытыя паседжанні выканкама, на якія можа трапіць любы жадаючы. Але нідзе, акрамя Оршы і Наваполацку, знайсці гэта немагчыма.
Андрэй Сушко чакае, што беларускае жаданне стаць ІТ-краінай прывядзе да таго, што ў краіне запрацуюць элементы электроннай дэмакратыі. Як, напрыклад, бюджэты ўдзелу: калі грамадзяне могуць уплываць на тое, куды ідуць грошы ў горадзе.
Дарэчы, адпаведная ініцыятыва была прэзентаваная на мінулым тыдні на канферэнцыі “Новыя рашэнні ў дзяржаўным кіраванні: дзяржаўная служба, грамадскі ўдзел, лічбавая трансфармацыя”.
Плюс, на думку спікера, было б добра, калі б платформа накшталт Petitions.by з’явілася на дзяржаўным узроўні. Сабралі, напрыклад, 10 тысячаў подпісаў – запускаецца механізм разгляду петыцыі ва дзяржаўных органах.
Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў БЕРОК, звярнула ўвагу на монагарады – гэта цэнтры, дзе больш за 25 % людзей заняты на адном прадпрыемстве ці кластары. У Беларусі 10 % насельніцва жывуць у такіх населеных пунктах.
Гэта цягне за сабою шэраг праблем. Бо калі, напрыклад, назіраецца стагнацыя ў эканоміцы і на падтрымку дзяржпрадпрыемстваў ідзе ўсё менш грошай, такія рэгіёны становяцца дэпрэсіўнымі. І калі на пачатку нулявых быў рост і рэгіёны па заробку даганялі сталіцу, то зараз разрыў павялічваецца.
Па прагнозу, у Беларусі ў 2050 годзе будуць жыць 8,6 мільёнаў. У некаторых мегаполісах свету насельніцтва ўжо перавышае гэтую лічбу. Калі зыходзіць з гэтага, то, на думку Кацярыны Барнуковай, няма нічога страшнага, калі Беларусь стане краінай аднаго гораду.
Але ёсць шмат людзей у рэгіёнах, якія хацелі б з’ехаць, але не могуць. Яны адстаюць не толькі па матэрыяльных магчымасцях, але і па адукацыі (па даследаванні PISA), і жывуць у сярэднім на чатыры гады менш, чым у горадзе (71 супраць 75,6 гадоў)
Павел Астапеня, заснавальнік “ЭТС-Консалт”, чыя каманда займалася стварэннем экалагічных мапаў гарадоў Беларусі, кажа, што, на думку эколагаў, рэйтынг беларускіх гарадоў зусім іншы.
Бо Мінск, напрыклад, – самы брудны горад краіны. На яго прыходзіцца 155 тысяч тон выкідаў у год, наступны ў спісе – Наваполацк і 55 тысяч тон выкідаў. Але крыніцы выкідаў розныя: у сталіцы гэта ў першую чаргу выкіды ад транспарту. А ў Наваполацк – ад нафтахімічнай прамысловасці.
У сярэднім ва ўсіх беларускіх гарадах 63 % выкідаў прыходзяцца на транспарт. На кожнага жыхара горада – ад 50 да 100 кг у год.
У 12 гарадах стаяць станцыі, якія аўтаматычна кантралююць якасць паветра. Але яны маніторыць сітуацыю толькі ў адной кропцы населенага пункту. Лідары, дзе гранічна дапушчальная канцэнтрацыя выкідаў перавышаецца, - Гомель, Наваполацк і зноў жа Мінск.
Калі шчыльней паглядзець на выкіды ад транспарту, то 83,8 % з іх прыходзяцца на легкавыя аўтамабілі. Большасць аўто ў Беларусі (28 %) маюць стандарт Еўра-3, толькі 9 % - Еўра-6. Але ж праблема ў тым, што адсутнічаюць механізмы кантролю адпаведнасці гэтым класам Еўра на этапе эксплуатацыі. Тэхнічны агляд усё адно будуць праходзіць па старым паказчыкам Еўра-1.
Сярэдні ўзрост машын у нашай краіне 18 гадоў. Для параўнання ў Германіі - 9, Польшчы - 14, Літве і Латвіі - 16.
На думку Паўла Астапені, зараз самае важнае – зрабіць аб’ектыўную і дакладную сістэму маніторынгу. Дванадцать пунктаў кантролю – мала на ўсю Беларусь. Але ўсталяваць больш даволі дорага.
Многія гарады з-за гэтага пераходзяць на разлікова-лічбавыя мадэлі маніторынгу, а станцыі выкарыстоўваюць для каліброўкі паказчыкаў.
Дапамагчы падвысіць якасць паветра маглі б адмысловыя дзяржаўныя праграмы, якія стымулявалі б набыццё транспартных сродкаў высокіх экалагічных класаў або электрамабіляў. Трэба развіваць інфраструктуру для грамадскага транспарту, ровараў і пешаходаў, лічаць эксперты.