17.03.2016 / 11:03

На Масленіцу мы традыцыйна пячэм блінцы з рознымі начынкамі. Але наша традыцыя ведае і іншыя смачныя стравы з блінамі, напаўзабытыя сёння, але вартыя таго, каб вярнуць іх у сучасны ўжытак. Тым больш, што блінныя стравы характэрныя для беларускай кухні не толькі ў масленічныя святы, але напрацягу ўсяго году. Вар’іруючы кампаненты, можна зрабіць іх як тлустымі, так і поснымі. Яны лёгкія ў прыгатаванні і робяцца з простых мясцовых прадуктаў.

Нашы продкі елі бліны з мачанкай і верашчакай (знакамітымі беларускімі соусамі), тушанымі грыбамі,  смятанай, тварагом, мёдам, цёртымі ягадамі, тоўчаным з цукрам макам.

У сям’і спецыяліста па фальклору аддзелу рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Мікалая Сакалоўскага гатуюць розныя беларускія стравы. У свой час Мікалай зацікавіўся адметнымі традыцыямі беларускай кухні, у тым ліку і старадаўнімі сямейнымі рэцэптамі.  Цяпер ён сам гатуе старажытныя стравы, паказвае іх на конкурсах і фестывалях, піша «Лідская газета». А з чытачамі падзяліўся рэцэптам мачанкі, які бытаваў у яго роднай вёсцы Вялікія Князікаўцы

Мачанка з грыбамі

Галоўны інгрэдыент тут – баравікі. Менавіта яны надаюць мачанцы адметны водар. Крамныя шампіньёны – ужо не тое. Баравікі трэба зварыць, а затым абсмажыць на патэльні да залаціста-карычневага колеру. Асобна абсмажваем моркву, цыбулю, дадаем спецыі. У баравікі дадаем муку, абсмажваем з ёю, потым усё гэта злучаем з морквай і вяршкамі. Перамяшаць, пасаліць і патушыць на невялікім агні, пакуль не загусцее.

Мачанка – гэта своеасаблівы соус, або падліва, для бліноў, таму ядуць яе, зразумела,  макаючы туды блінцы.

Мы знайшлі яшчэ некалькі рэцэптаў, як есці бліны смачна і па-беларуску

Наліснікі

Яшчэ адзін даўні “блінны” рэцэпт нашых продкаў – наліснікі. Галоўны іх кампанент – тонкія бліны, у якія загортваюць начынку. Начынка бывае розная – мы раскажам пра тварожную. Для яе трэба змяшаць тварог з мёдам і маслам, а калі тонкія бліны будуць гатовыя, загарнуць па адной сталовай лыжцы начынкі ў кожны блін, скатваючы яго трубачкай. Два блінцы трэба пакінуць без начынкі: адзін з іх сцелецца на дно гаршчка, за тым у гаршчок выкладваюцца фаршыраваныя бліны, зверху усё накрываецца другім бліном. Бліны паліваюцца растопленым маслам і ставяцца ў разагрэтую да 70°C  духоўку на паўтары – тры гадзіны. Ядуць іх са смятанай або варэннем.

Тоўчаны мак

Мак прамыць, ашпарыць, працадзіць праз густое сіта і растаўчы ў ступцы. Дадаць цукар ці мёд, гатаваную ваду, перамяшаць. Падаваць з блінамі ці аладкамі.

Бліны з гароднінай

Бліны з гароднінай – таксама папулярная, хоць і больш сучасная, беларуская страва. Найчасцей у якасці начынкі выступае капуста і морква. Трэба нашынкаваць капусту, моркву, цыбулю і абсмажыць паасобку на алеі. Потым змяшаць, пасаліць, дадаць рубленае варанае яйка і загортваць канверцікамі ў загадзя насмажаныя бліны. Для беларускай кухні ўвогуле характэрна двайное абсмажванне бліноў, таму канверцікі можна яшчэ раз абсмажыць і паставіць у духоўку на некалькі хвілін. Другі варыянт начынкі – тушаная на вяршковым масле морква з разынкамі і цукрам. Да бліноў падаецца мёд, цукар, смятана.

Аладкі з бульбы і морквы

Пачысціць бульбу і моркву, нацерці ў суадносінах 4:1. Дадаць яйкі, муку, смятану, соль, добра вымешаць і смажыць, выкладваючы лыжкай на патэльню.

 

Автор:
Фотограф:
tuteyshaya.livejournal.com, lidanews.by, открытые интернет-источники
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость