17.04.2017 / 18:04

Як ездзіць на электрароварах? У Правілах дарожнага руху паняцце «электраровар» не значыцца. Дакладнага меркавання няма і ў беларускай Дзяржаўтаінспекцыі. Карыстальнікі гэтага транспартнага сродку перакананыя, што ён мала чым адрозніваецца ад звычайнага ровара, і сутыкаюцца з праблемамі.

Электраровар — гэта ровар, абсталяваны электрычным маторам і акумулятарам, якія часткова або цалкам забяспечваюць яго поўны рух. Магутнасць яго рухавіка можа вагацца ў межах ад 150 да 1000 Вт. Максімальная хуткасць, якую можа развіваць ровар з электрапрывадам, — ад 25 да 50 км/г, а запас ходу — ад 20 да 50 кіламетраў. У залежнасці ад тыпу і канструкцыі вага электраровара можа складаць ад 30 да 70 кг.

Электраровар
Электраровар

 

Перадгісторыя

Грамадскае аб’яднанне раварыстаў «ВелаГродна» напрыканцы студзеня апублікавала артыкул з адказам Дзяржаўтаінспекцыі на пытанне, як жа ездзіць на электрароварах. Пасля публікацыі ў «ВелаГродна» звярнуўся жыхар Віцебска Юрась Карпаў.

«Высновы ДАІ Гродна, падобна, грунтуюцца на матэрыялах адміністрацыйнай справы, якая была распачатая на мяне за праезд на электраровары ў правым баку праезджай часткі дарогі», — мяркуе спадар Юрась. Віцебскі Зялёны партал спрабуе разабрацца ў сітуацыі.

 

Меркаванне ДАІ

Як вынікае з адказу Гродзенскай ДАІ УУС, такога паняцця, як электраровар, у Правілах дарожнага руху не існуе. Пададзеная ў адказе «ВелаГродна» інфармацыя «выказвае меркаванне ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама», але не з’яўляецца трактаваннем дзейнага заканадаўства.

З-за таго, што электраровар рухаецца не з дапамогай мускульнай сілы чалавека, а дзякуючы электрарухавіку, ДАІ прапануе карыстацца ім як мапедам. Адпаведна, раварыст мусіць атрымаць правы кіроўцы катэгорыі АМ (калі ёсць правы на кіраванне любым іншым транспартам, катэгорыя АМ надаецца аўтаматычна). Ехаць можна толькі па праезджай частцы ў зашпіленым моташлеме. Рэгістраваць, страхаваць і праходзіць тэхагляд неабходна так, як і ў выпадку з мапедам.

Мапеды і скутары рэгіструюцца ў ДАІ, калі маюць працоўны аб’ём рухавіка больш за 50 см3 або электрарухавік магутнасцю болей за 4 кВт і валодаюць максімальнай канструктыўнай хуткасцю больш за 50 км/г.

У выпадку парушэння правілаў, папярэджваюць у ДАІ, прыйдзецца заплаціць штраф: за кіраванне без правоў — 5-20 базавых велічынь, без моташлема — ад папярэджання да 1 БВ.

«Незразумела, што чакае ўладальнікаў электраровараў у канфліктнай сітуацыі. Відаць, каб у заканадаўстве ўрэгулявалі тэму электраровараў, нехта да таго павінен пацярпець», — робіць выснову «ВелаГродна».

 

Рэальная сітуацыя

Спадар Юрась Карпаў якраз і стаў адным з пацярпелых з-за адсутнасці дакладнага заканадаўства ў сферы электраровараў. У 2014 годзе ён набыў ва Украіне матор-кола, якое ўсталяваў на звычайны беларускі раскладны «Аист». А ўвесну 2015 года на спадара Юрася быў складзены адміністрацыйны пратакол за выкарыстанне электраровара без вадзіцельскага пасведчання. Яму прызначылі штраф у 5 базавых велічынь. Жыхар Віцебска падрабязна распавёў сваю гісторыю Віцебскаму Зялёнаму парталу.

Юрась Карпаў
Юрась Карпаў

— Цягам судовага абскарджання гэты штраф, аплачаны мной у 2015 годзе, ДАІ адменіла. Але ў 2016 годзе прызначыла паўторна. Цяпер да мяне прыходзіў судовы выканаўца з патрабаннем выплаты штрафу, дадзенага паўторна. Патлумачыў, што судовая справа цягнецца з 2015 года, і мяркую яе абскарджваць надалей, і больш па гэтым пытанні мяне не турбавалі, — распавёў Віцебскаму Зялёнаму парталу Юрась Карпаў.

Пра справу, якая цягнецца ўжо амаль два гады, ён піша ў сваім блогу.

Усе довады пра тое, што ціхаходны электраровар Юрася (350 Вт, 25 км/г) не адпавядае тэхнічным характарыстыкам, якія рэгламентуюцца ў Правілах дарожнага руху адносна мапедаў, засталіся незаўважанымі раённым судом. Затое суддзя пагадзілася з довадам ДАІ, што электраровар з’яўляецца механічным транспартным сродкам, які нельга разглядаць як класічны ровар. Але, каб лічыць электраровар мапедам, Правілы дарожнага руху патрабуюць выканання абодвух гэтых патрабаванняў.

— Значыць, на маю думку, адміністрацыйная справа аб штрафе за электраровар вырашана аднабакова, — мяркуе спадар Юрась.

Знешне адрозніць электрычны ровар ад звычайнага няпроста. Па словах Юрася Карпава, яго знаёмыя электрараварысты катаюцца быццам на ровары, але стараюцца на вочы ДАІ не трапляць.

— Дарэчы, з цягам часу электраровараў прыбаўляецца, бачу іх у Віцебску ўсё часцей, — заўважае Юрась Карпаў.

Жыхар Віцебска лічыць, што пры ўдакладненні заканадаўства трэба адрозніваць электраровары па характарыстыках рухавіка ў залежнасці ад яго моцы і максімальнай канструктыўнай хуткасці. Уладальнікі больш хуткіх і моцных рухавікоў, можа, і мелі бы патрэбу атрымліваць вадзіцельскае пасведчанне. А ціхаходныя электраровары могуць рухацца па ходніках і роварных сцежках, як і звычайныя ровары.

— Асобна трэба згадаць праблему кепскага стану пешаходных ходнікаў і высокіх бардзюраў, якія перашкаджаюць руху як звычайных, так і электрычных ровараў, — адзначае Юрась Карпаў. — Аднойчы ўжо страціў вобад пярэдняга кола, таму быў вымушаны выехаць на праезджую частку з больш роўным пакрыццём, за што і атрымаў штраф: спачатку як за ровар, а потым і большы, як за мапед. Вядома, хацелася б, каб людзі не сутыкаліся з бюракратычным падыходам ДАІ, які перашкаджае развіццю новага экалагічнага транспарту, вядомага ва ўсім свеце.

 

Моўная хвілінка

Электраровар ці электравеласіпед? Аўтар дадзеных радкоў схіляецца да першага варыянту. Спадар Юрась Карпаў зазначае, што аднойчы, калі падаў абвестку са словам «ровар», да яго прыйшла кіроўца аўтамабіля з той жа назвай (мяркуецца, відаць, брытанская машына «Rover»). Сучасныя акадэмічныя слоўнікі беларускай мовы дазваляюць выкарыстоўваць як слова «ровар», так і слова «веласіпед». Анягож, як транспарт ні назаві, пытанне, як ездзіць электрараварыстам у Беларусі ўсё адно застаецца адкрытым…

***

У прэс-службе ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў паведамілі, што не гатовыя пракаментаваць сітуацыю.

Автор:
Фотограф:
iwbc.ru, facebook.com, alienbike.ru, velogo.ru, bikelectro.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость