Перейти к основному содержанию
17.08.2015 / 10:08

Конкурс чытацкіх фотагісторый «Душа Мінска — водна-зялёны дыяметр», распачаты Зялёным парталам, каб прыцягнуць увагу гараджан да гэтай воднай артэрыі, працягваецца. У ім мы просім сваіх чытачоў расказаць пра свае самыя любімыя і адметныя месцы на водна-зялёным дыяметры, прыгадаць гісторыі з жыцця, звязаныя з ім уражанні і падзяліцца гэтым з усімі мінчанамі. Бо толькі памяць і наша неабыякавасць дапаможа захаваць гэты ўнікальны горадаўтвараючы аб'ект. Удзельнічайце ў конкурсе! Час — да 31 жніўня — яшчэ ёсць!

Калісьці малыя сігалі ў пясок з праспекту, у Сляпянскім ручаі спявалі жабы, а побач месцілася вёсачка і лес, — такім былі ваколіцы водна-зялёнага дыяметру ў дзяцінстве Піта Паўлава. Канал запусцілі, калі яму было гадоў 12, і за сваё жыццё беларускі рокер ужо шмат разоў памерыў яго ваколіцы нагамі.

«Вось там, за дарогай — дом майго дзяцінства, – паказвае музыка Піт Паўлаў за праспект Незалежнасці, што на Усходзе. Ён рос у даўгім шматкватэрным доме на Славінскага. — Там яшчэ вялізны кавалак паўкола, з фантанам, і мы усё дзяцінства купаліся. Паўкола пабудавалі на маіх вачах».

А праход для вады пад праспектам ля бібліятэкі «быў заўсёды»: там раней дзеці скакалі ў пясок са схілу. Разам з ім крочым уздоўж канала ў бок бібліятэкі.

«Класна. Добра, што вы мяне выцягнулі. Мая калекцыя ў “Фэйсбуку” папоўніцца, — кажа Піт, сфатаграфаваўшы колькі разоў ваду і сонца, і прапануе ісці. Ён збірае фота воднай сістэмы ў адмысловы альбом у сацыяльнай сетцы «Сляпянская водная сістэма».

Мы кіруемся да лавы.

«Я усё дзяцінства цікавіўся гэтай воднай сістэмай. Яна будавалася ў мяне на вачах. Мне было, напэўна, гадоў 12, — гаворыць Піт. — У нас усё жыццё пад вакном былі балаты і гэты Сляпянскі ручай. Там спявалі жабы свае маркотныя песні, а мы нават лавілі рыбу. Памятаю, як я злавіў карася, даволі буйнога. Аднаго, але гэта было значнае дасягненне».

«Тут вось, — і Піт паказвае на луг і ручай бліжэй да Язмінавай вуліцы, — недзе тут была вёсачка, сад. Крышку далей заходзіў лес, далей быў арматурны завод.

А вуліцы Філімонава не было.

Праз гэты ручай мы хадзілі, збіралі падбел і здавалі ў аптэку за грошы. Ён каштаваў 5 капеек за кілаграм.

Сюды побач, у спартыўную школу, я хадзіў займаўся гімнастыкай. Яна ёсць і зараз. Я, дарэчы, там, у іншым крышачку будынку, зараз займаюся міксфайтам — гэта новы спорт, мяшаныя адзінаборствы.

Я тут часта гуляю і зараз. Дзе сядзіба гэтая (Ваньковічаў, – аўт.), там раскапалі старажытныя падмуркі побач, старэйшыя за яе: быццам у іншым месцы збудавалі сучасную, а гэтыя падмуркі закінулі.

Кожны метр сістэмы я памераў нагамі разоў па 30-40, а, можа, і па 100».

Запісала Ганна Валынец

Вы таксама можаце прыняць удзел у конкурсе Зялёнага партала. Дасылайце нам свае гісторыі і фота! 

Автор:
Фотограф:
Піт Паўлаў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость