У межах польскага Ольштына шмат азёраў. Мы наведалі адзін з гарадскіх пляжаў, каб пераканацца: без другога берага на гарызонце можна было б паверыць, што прыехалі на мора. Як зрабіць гарадскую прастору настолькі прывабнай, каб жыхары ішлі на пляж нават без намеру купацца? Глядзіце ў фотарэпартажы.
Ольштын – сталіца Вармінска-Мазурскага ваяводства на паўночным усходзе Польшчы. Насельніцтва – троху больш за 170 тысяч чалавек, а турыстаў на пачатку восені амаль няма, хаця тут маецца замак, стары горад, дамы ў стылі мадэрн. Па ўсім рэгіёне Мазуры шмат азёраў, і ў яго сталіцы, суадносна, таксама: 15 вадаёмаў займаюць больш за 8 % плошчы Ольштына. Мы наведалі адзін з гарадскіх пляжаў на возеры Укель (Ukiel) і пераканаліся, што зусім не абавязкова мець мора, каб абсталяваць файнае месца, прыдатнае далёка не толькі для купання.
На пачатку верасня ўдзень яшчэ цёпла, але праз нізкую тэмпературу ўначы вада не паспявае прагрэцца, таму ахвочых паплаваць мала. Аднак нават у працоўны час будняга дня пляж жыве сваім жыццём і людзей там даволі шмат. Падобна, што гэта адно з улюбёных месцаў адпачынку ольштынцаў, бо вуліцы горада выглядаюць пуставатымі.
Бадай, галоўны індыкатар папулярнасці лакацыі – тое, што там можна патраціць грошы: для наведвальнікаў працуюць шматлікія бары-кавярні-латкі і пункты пракату. Нехта арандуе ляжак, а нехта – матарызаваны човен. Ольштынцы гуляюць уздоўж пляжа з сабачкамі, ездзяць на роварах ды самакатах, проста загараюць, глядзяць на ваду… Суседняе з Вармінска-Мазурскім ваяводства – Паморскае, з выхадам да Балтыйскага мора, і там адпачынак каля вады без купання таксама нікога не здзіўляе. Папросту мора халоднае.
Заўважна, што горад шмат зрабіў для таго, каб ольштынцам падабалася адпачываць на пляжы. Там ёсць месцы для сядзення і ляжання на любы густ: ад звычайных лавачак да цікавых формаў сучаснай малой архітэктуры. Апошнія, дарэчы, з клопатам аб прыродзе: драўляныя памосты для сядзення і загарання – сярод жывых дрэваў, а калі дрэва «замінае», то яго папросту атачаюць памостам з усіх бакоў, а не пілуюць.
Абсталяваныя веладарожкі. Ёсць пляцоўка для воркаўту і шафа для буккросінгу. Так, буккросінг проста на пляжы! І яўна карыстаецца папулярнасцю: ёсць і тамы класікаў кшталту Генрыка Сянкевіча ды Адама Міцкевіча, і сучасная мастацкая літаратура ў кідкіх вокладках. Шафкі для буккросінгу ў Польшчы можна сустрэць у нязвыклых для беларуса месцах: пры касцёле, пасярод гарадской плошчы, у ціхім жылым дворыку.
Канечне, вялікую ролю грае тое, што пляж на возеры Укель знаходзіцца недалёка ад цэнтра Ольштына: усяго пару кіламетраў. Але і тут горад паклапаціўся пра жыхароў, пусціўшы ледзь не да самага пляжнага пясочку маршрут аўтобуса.
Падсумоўваючы, вось рэцэпт прывабнай гарадской прасторы па-ольштынску:
– прырода;
– дасяжнасць для розных відаў транспарту (у тым ліку пешаходнага, не смейцеся, такі від транспарту ў сучасных urban studies таксама ўлічваецца);
– прадуманасць патрэб розных катэгорый наведвальнікаў (раварысты, сем’і з дзецьмі, гаспадары з жывёламі, закаханыя пары…);
– крэатыўныя малыя архітэктурныя формы;
– і трошку душэўнасці.