Для беларуса, які жыў у суладдзі з прыродай, фактычна натуральнай гаспадаркай да самага пачатку ХХ стагоддзя, увесь навакольны свет быў своеасаблівай метэаслужбай. Надвор’е прадказвалі па нябесных целах, па паводзінах жывёл і птушак, увязвалі між сабой прыродныя з’явы пэўных дзён і перыядаў у годзе. Складана сказаць, ці спраўджваюцца народныя прыкметы цяпер, ва ўмовах змены клімату. Але паназіраць і трошку далучыцца да мудрасці продкаў не зашкодзіць.
Умоўна прадказанні можна падзяліць на каротка- і доўгатэрміновыя. Першыя рабіліся “з сёння на заўтра”, другія – у пэўныя значныя, святочныя, дні на наступныя сезоны, ці параўноўваліся між сабой цяперашні і будучы сезоны аднаго года. Абшар доўгатэрміновых варожбаў на надвор’е ў беларусаў не сягаў больш за год. У прыкметах складана раздзяліць рацыянальны і міфалагічны пачатак: некаторыя з іх можна патлумачыць, прыцягваючы дадзеныя сучаснай навукі, некаторыя грунтуюцца толькі на ірацыянальных уяўленнях нашых продкаў, некаторыя спалучаюць абодва складнікі.
Як даведацца надвор’е на заўтра
Чырвоны месяц – на мароз узімку, а ўлетку – на холад.
Калі на небе шмат зорак узімку – будзе мароз, улетку – будзе цёплы дзень.
Яркае ззянне зорак прадказвае пагоду, а цмянае – непагадзь.
Варта заўважыць, што прыкметы, запісаныя ў адной вёсцы, могуць мець супрацьлеглую трактоўку ў іншай. Напрыклад, недзе могуць казаць, што “машкара таўчэцца” на дождж, а недзе – наадварот, на добрае надвор’е.
Калі на камяні сядзе іней, то хутка наступіць адліга.
Птушкі лётаюць нізка – будзе дождж. У гэтай прыкметы ёсць цалкам рацыянальнае тлумачэнне: птушкі ловяць насякомых, а ў тых ва ўмовах падвышанай вільготнасці перад дажджом абцяжарваюцца крыльцы, вось і лётаюць нізка.
Мноства прыкмет звязана з паводзінамі коцікаў:
Кот шкрабе падлогу – на вецер і завіруху, ляжыць жыватом дагары – на адлігу, згарнуўся клубком і тыкнуўся носам у лапкі – на мароз.
Кот узімку шкрабе лапамі па падлозе – да мяцеліцы, улетку – да дажджу, буры.
Даследчыкі лічаць, што прадказанні па жывёлах – даволі дакладныя, асабліва калі кажуць пра хуткую змены надвор’я. У той жа час, ёсць прыкметы, якія з дапамогай сучаснай навукі ніяк не патлумачыш.
Калі ляцеў бусел, яго “пыталіся”: “Бусел-калода, што заўтра будзе – дождж ці пагода?” Калі махаў крыламі – чакалі ападкаў, калі лунаў, нерухома распрасцёршы крылы – гэта значыла ясную пагоду. Тут назіраем прыкмету, пабудаваную на веры ў магію падабенства (ляціць спакойна – надвор’е будзе спакойным і наадварот).
Як прадказаць надвор’е на будучы год
Калі ўзімку вельмі рана пакажацца іней, то будзе харошая пагодная восень.
Калі ўзімку цёпла – то ўлетку халодна.
На Вадохрышча завіруха – на Вялікдзень будзе таксама. Вадохрышча праваслаўныя святкуюць 19 студзеня, акурат сёлета яшчэ можна “праверыць”, ці дзейнічае прыкмета. На Вадохрышча, верылі, кожны год прыпадаюць “крашчэнскія маразы” – 2021-ы, як бачым, не стаў выключэннем.
Калі вясной сыпле крупа (кавалачкі лёду, драбнейшыя за град), то хутка настане цяпло, бо анёлы змятуць апошні снег.
Як першы раз вясной загрыміць на поўначы, то лета будзе халоднае, а як на поўдні – то цёплае і пагоднае. Тут назіраем станоўчае міфічнае значэнне поўдня і адмоўнае – поўначы як сімвала няшчасця, бедаў, смерці.
Калі ўвосень на рабіне шмат ягад, то зіма будзе халодная, а калі мала – то цёпдлая.
Да народных прыкмет можна ставіцца па-рознаму, але ведаць іх, бадай, варта: раптам спатрэбіцца?