Па словах Максіма Кандраценка, у гэтай справе для яго галоўнымі былі не грошы, а адстойванне грамадзянскіх правоў, якія яму гарантуе ўрадавая пастанова. Улічваючы, што нарматыўна-прававы акт ўступіў у сваю сілу паўгады таму, Максім шчыра не разумее, чаму ён мусіць плаціць за тое, што павінна быць бясплатным.
Факт парушэння ў Магілёве нарматыўна-прававога акту некаторымі прадаўцамі пацвярджае і юрыст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксандр Хамратаў, які дапамагаў у складанні пазову Максіму Кандраценку.
У сваю чаргу эколагі глядзяць на гэту праблему з іншага боку.
Як пракаментаваў сітуацыю з пастановай Савету Міністраў дырэктар "Цэнтра экалагічных рашэнняў" Яўген Лабанаў, тое, што ў нас ідуць па шляху бясплатнай упакоўкі сведчыць, што экалагічныя аспекты зусім не прымаліся да ўвагі пры распрацоўцы пастановы, а ўлічваліся толькі палажэнні, накіраваныя на спажыўца.
"Каб павысіць матывацыю людзей да экалагічнага ладу жыцця, пастанова павінна быць адменена. Гэта значыць, што ўпакоўка не мусіць быць бясплатнай у прынцыпе. Наадварот, яна павінна быць платнай, і пажадана, каб кошт яе фінансава адчуваўся", - падкрэслівае Яўген.
Сваю пазіцыю эксперт абгрунтоўвае тым, што спажывецкае грамадства – гэта грамадства, у якім на першы план ставіцца рост спажывання і камфорт гэтага працэсу, а не пытанні аховы навакольнага асяроддзя. Рост спажывецкіх тэндэнцый з'яўляецца осноўным стымулам для забруджвання наваколля і негатыўнага ўплыву на здароўе чалавека.
"Не думаю, што пастанова прывядзе да значнага аб'ёму ўпаковачных расходаў, але яна дакладна не стымулюю змяншэнне выкарыстання ўпакоўкі", - зазначае Яўген.
Такога ж меркавання прытрымліваецца і каардынатар прававой службы таварыства "Зялёная сетка" Марына Дубіна:
"Існаванне такога рэгулявання не толькі не матывуе людзей і крамы да пераходу да больш экалагічнай упакоўкі, але і не спрыяе поўнаму адмаўленню ад яе. У некаторых краінах ужо ўведзена на заканадаўчым узроўні забарона на выкарыстанне поліэтыленавых пакетаў. Аднак у нас назіраецца адваротная сітуацыя – іх не толькі выкарыстоўваюць, але і прапаноўваюць ці гвалтоўна прымушаюць да выкарыстання. Магчыма, ў свядомасці пакупнікоў гэта і падаецца добрым рашэннем, "бо ўсё ж бясплатна". Але ж якім чынам мы перойдзем на шлях устойлівага развіцця і экалагічна прыязнага ладу жыцця заўтра, калі не зменім свае штодзённыя спажывецкія звычкі сёння, нягледзячы на "зручна і бясплатна".