Васіль — адзін з тых неабыякавых рабят, хто вырашыў пакласці жыццё на служэнне прыродзе. Няхай у гэтых словах прасочваецца пэўны патас, аднак нельга аспрэчыць той факт, што экалагічны стан Зямлі не ў апошнюю чаргу залежыць ад людзей, якія працуюць у экалагічных галінах. У дадзеным выпадку — у лясной гаспадарцы. Выбар 19-гадовага хлопца абсалютна свядомы.
— Я нарадзіўся і вырас у Гомелі, — пачынае расповед Васіль. — Нельга сказаць, што я з дзяцінства задумваўся аб экалогіі. Вядома, заклікі берагчы прыроду ва ўльтыматыўнай форме мы ўвесь час чуем на працягу жыцця ад бацькоў, школьных настаўнікаў, тэлевізараў і білбордаў... Аднак прыроду трэба любіць не толькі на словах.
Вася скончыў 9 класаў звычайнай сярэдняй школы. У дзяцінстве хлопец марыў пра самыя розныя прафесіі, хацеў стаць нават кавалём. Калісьці захапляўся разьбою па дрэве, аднак нядоўга: школьны гурток, дзе займаўся Васіль, неўзабаве зачынілі... У сям’і хлопца з «прыроднымі» прафесіямі ніхто не быў звязаны. Вызначальным жа момантам стала прапанова дапамагчы леснікам Гомельшчыны у пасадцы лесу. Успрымаючы такую магчымасць як цікавую прыгоду, юнак, па сутнасці, рабіў першыя крокі ў будучую прафесію.
— Праведзеныя поруч з супрацоўнікамі лясной гаспадаркі дні ўразілі мяне, — прызнаецца Вася. — Я пагутарыў з кіраўніком, і той, калі пачуў мой натхнёны голас, прапанаваў адвучыцца і прыехаць працаваць да іх. Так я атрымаў мэтавае накіраванне у Полацкі дзяржаўны лясны каледж. У Гомельскім палітэхнічным каледжы, дарэчы, ёсць аддзяленне лясной гаспадаркі, аднак мне здалося, што спецыялізаваная навучальная ўстанова ўсё ж нашмат лепей. Я не памыліўся.
Ужо чатыры гады Васіль Вінакураў паспяхова вучыцца ў старажытным Полацку. Горад уразіў хлопца з першых дзён. Тут у яго з’явілася шмат сяброў, юнак нават пачаў граць на гітары ў маладым рок-гурце. «Буду ездзіць на рэпетыцыі!» — упэўнена кажа наш герой. І каледж пакінуў у будучага ляснічага прыемныя ўражанні: някепскае аснашчэнне, неабыякавыя выкладчыкі...
— Неўзабаве мяне чакаюць тры гады ў лясах Гомельшчыны, якія я павінен адпрацаваць паводле дамовы. Буду майстрам лесу, інжынерам-лесапатолагам. У маіх задачах — сачыць за развіццём ачагоў хвароб, глядзець, каб дрэвы не псавалі шкодныя насякомыя. А таксама прадухіляць спробы незаконнай рубкі, браканьерства.
За час навучання ў каледжы юнак навучыўся выяўляць хваробы, даведаўся, як трэба дзейнічаць у пажаранебяспечныя перыяды, калі і дзе трэба правільна рубіць лес і — самае важнае! — як яго аднаўляць. Цяпер Васілю давядзецца праяўляць свае веды на практыцы. На пытанне, што самае галоўнае ў справе аховы лесу, хлопец, не задумваючыся, адказвае:
— Лес трэба выкарыстоўваць рацыянальна. Над усімі вырубкамі мусіць быць вялікі кантроль. У Беларусі, на маю думку, дастаткова суровае лясное заканадаўства: «чорным дрывасекам» за свой кошт прыходзіцца аднаўляць лес, плаціць вялікія штрафы, а калі злачынствы ў вялікіх памерах, то можа наступіць і крымінальная адказнасць.
Асабліва прыкра, па словах Васіля, калі шкоду лесу прыносяць яго працаўнікі. У той жа час у свеце, і ў прыватнасці ў Беларусі, робіцца шмат для захавання і аднаўлення ляснога багацця. Значную ролю ў яго знішчэнні адыграла Другая сусветная вайна, калі «лёгкія планеты» без аніякага кантролю ішлі пад сякеру. Цяпер жа павялічваюць узросты рубак, расце і колькасць пасадак.
— Мы наогул жывем дзякуючы прыродным багаццям, — разважае хлопец. — Таму ўсе рэсурсы трэба выкарыстоўваць не бяздумна. Я лічу, што паспрыяць паляпшэнню экалагічнай сітуацыі ў свеце можа электрыфікацыя чыгуначнага транспарту, развіццё электрааўтамабіляў. Варта будаваць таксама электрастанцыі, якія выкарыстоўваюць аднаўляльныя рэсурсы, а яшчэ развіваць альтэрнатыўную энергетыку: ветракі, сонечныя батарэі... Някепскім было б стварэнне лакальных крыніц выпрацоўкі электраэнергіі. Балазе ў нашай краіне ёсць для гэтага магчымасці.
Наперадзе ў Васіля Вінакурава — дзяржаўныя іспыты, «апошні званок», шлях на родную Гомельшчыну. Ён аптымістычна лічыць, што маладое пакаленне мае даволі высокую экалагічную свядомасць і будзе спрыяць захаванню прыроды.
«Прынамсі, я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць», — кажа хлопец.
Цудоўная пазіцыя: шлях да паляпшэння свету пачынаецца ад кожнага з нас.